Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ўцякалі зь вёскі, бо хацелася хоць крышачку свабоды»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Празь некалькі тыдняў Аляксандар Лукашэнка дасягне пэнсійнага веку. Гэтым летам споўнілася дваццаць год, як ён прыйшоў да ўлады ў Беларусі. У наступным годзе павінны адбыцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары, але хіба толькі нямногія грамадзяне краіны разьлічваюць на тое, што пэнсіянэр Лукашэнка ня будзе ў іх удзельнічаць альбо пацерпіць паразу і адыдзе ад улады.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Яўген Мікітаў з Воршы, разважаючы пра цяперашні перадвыбарчы стан апазыцыі, піша:

«Лідэры дэмакратычных партыяў зноў зьбіраюцца ісьці на так званыя „выбары“. Значыць, яны згодныя з той сыстэмай фальсыфікацыяў, якую вэртыкаль Лукашэнкі адшліфавала за дваццаць год свайго існаваньня?

Робяцца нейкія спробы кансалідаваць дэмакратычныя сілы, вылучыўшы адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Але пры гэтай сыстэме выбараў яго чакае ў лепшым выпадку доля Мілінкевіча. А ганебная выбарчая сыстэма застаецца непарушнай. Таму ўжо сёньня трэба на законнай падставе грукаць ва ўсе дзяржаўныя ўстановы, каб дзейная ўлада зьмяніла Выбарчы кодэкс. Накіроўваць звароты асабіста прэзыдэнту, ягонай адміністрацыі, у Палату прадстаўнікоў, ва ўрад, Канстытуцыйны суд...

Фактычна выбарчая кампанія Лукашэнкі ўжо пачалася. Паглядзіце на дзяржаўныя тэлеканалы: Лукашэнка са сваім пазашлюбным сынам ня злазяць з экранаў. Ці дадуць столькі эфірнага часу дэмакратычнаму кандыдату? Вядома ж, не.

Мінулыя выбары ў Беларусі былі як дзень дурня 1 красавіка. Толькі дзень дурня працягваецца адны суткі, а беларускія псэўдавыбары — цэлы тыдзень».

Колькі б зваротаў ні накіравала апазыцыя ці шараговыя грамадзяне ў чыноўніцкія кабінэты з патрабаваньнем зьмяніць Выбарчы кодэкс — на дзеяньні ўлады гэта ніяк не паўплывае, спадар Яўген. Ва ўмовах Беларусі гэта шматкроць выпрабавана. І рэфэрэндумы такім чынам спрабавалі ініцыяваць, і вуліцы пераназываць, і адстаўкі наладжваць... Вынік быў заўсёды адзін і той жа: фармальная адпіска-адмова.

Уладу з дапамогай зваротаў ды лістоў не здабываюць. Новы Выбарчы кодэкс у Беларусі, відавочна, зьявіцца толькі тады, калі гэтага запатрабуе такая сіла, зь якой Лукашэнка ня зможа не лічыцца. Гэта можа быць і сіла грамадзкіх пратэстаў, і сіла непераадольных эканамічных і сацыяльных абставінаў.

Наступны ліст даслаў нам Васіль Тур зь Берасьця. У сваім немаладым ужо веку слухач сутыкнуўся з праблемай, карані якой хаваюцца ў глыбіні савецкай мінуўшчыны. Спадар Васіль піша:

«У 1966 годзе я, як і многія іншыя мае равесьнікі, уцёк зь вёскі ў Берасьце. Чаму мы пакідалі родныя мясьціны? Бо хацелася хоць крышачку свабоды. Што нас чакала ў калгасе? Прыгон. Мізэрныя заробкі. Адсутнасьць усялякай пэрспэктывы.

Нават падлеткаў, вучняў старэйшых клясаў, замест таго каб вучыць у школе, заганялі на калгасныя палі. З самага верасьня і да позьняй восені мы вымушаныя былі ўручную капаць бульбу, выбіраць буракі... Па сутнасьці, вучоба ў нас доўжылася толькі пяць месяцаў на працягу году.

І вось мінулі гады, справа рухаецца да пэнсіі. Знайшоў я ў архіве даведку, якая сьведчыць пра тое, што я ў дзяцінстве працаваў у калгасе. Калі б мне ўлічылі гэты стаж — ужо можна было б атрымліваць пэнсію, хоць мне яшчэ і няма 60 год. Бо з працы мяне скарацілі, знайсьці новую — нерэальна.

Аднак сацыяльныя службы прызнаць гэтую даведку адмовіліся. Маўляў, тады табе яшчэ не было 16 год, працоўнай дамовы быць не магло. А пра той факт, што я сапраўды працаваў, і слухаць ня хочуць.

Давялося судзіцца. Ды толькі бескарысна. Урэшце з калгаса даслалі заяву, што анулююць тую частку даведкі, у якой гаворыцца пра мой калгасны стаж. І дзе ж тут справядлівасьць?».

Фармальна ў Савецкім Саюзе прымусовая дзіцячая праца нібыта не дапускалася. У сапраўднасьці ж школьнікаў (асабліва вясковых) гналі «на бульбу» і «на буракі» ўсіх пагалоўна ледзь не з 10-гадовага ўзросту. Так было і ў 70-я гады, на якія выпалі мае школьныя гады. Мы працавалі на саўгасных палях, пачынаючы зь вясны: саўгас спэцыялізаваўся на гародніне, для вырошчваньня якой патрэбна шмат працоўных рук. А іх ужо тады востра не хапала. Якія толькі дзіркі не затыкалі з дапамогай дзіцячай працы ў тым саўгасе. Мы і валуны на палях зьбіралі, і расаду капусты садзілі, і радыс убіралі, і памідоры, і гуркі... Прычым ніякіх грошай за гэта нам, дзецям, не плацілі. Лічылася, што саўгас аддзячыць школе гароднінай. Але нешта не прыпомню, каб школьныя абеды для дзяцей хоць калі былі бясплатнымі.

Наша слухачка Тацяна Колышава зь Менску папракае Свабоду за тое, што ў нашага радыё, на яе думку, недастаткова радыкалізму і рашучасьці ў змаганьні за дэмакратыю і нацыянальныя каштоўнасьці, а зашмат — плюралізму думак. Спадарыня Тацяна піша:

«Заўважыла я, што пасьля разгону Плошчы 2010 году палітыка радыё паціху, але пасьлядоўна схіляецца да так званага „плюралізму“. Калі б такі плюралізм прысутнічаў на Свабодзе ў савецкія часы, дык я ўпэўнена: уладам не было б патрэбы будаваць глушылкі на вуліцы Радыстаў у Менску, а слухачам — прыціскацца вухам да прымача і лавіць кожнае слова праўды празь неймаверны гул.

Не крыўдуйце, але так вы становіцеся падобнымі да рупару прыціхлай пакуль што расейскай пятай калёны, якая вось-вось пакажа сваё сапраўднае аблічча, як ужо зрабіла ва Ўкраіне. І што вы тады будзеце рабіць? Прыстасоўвацца да новай рэчаіснасьці? Альбо адкрыта перакінецеся да так званых „прыніжаных і абражаных“ расейскамоўных, якіх у нас, як самі разумееце, нашмат больш, чым жменька прабеларускіх апазыцыянэраў.

Ня кожнаму сталаму слухачу спадабаецца яшчэ і па Свабодзе слухаць тое, што пры жаданьні можна пачуць на дзяржаўным радыё альбо ў расейскім эфіры.

На жаль, тыя галасы з вуліц, якія чуваць па Свабодзе, большасьць слухачоў успрымае як пануючую думку сярэднестатыстычнага беларуса. І яна, гэтая думка, як нейкая чума распаўзаецца па галовах нават тых людзей, для якіх Радыё Свабода заўсёды было глытком чысьціні і крыніцай падтрымкі. І ў такія імгненьні яскрава адчуваеш, што ніякай падтрымкі не атрымаеш. І робісься самотным і безабаронным перад расейскай прапагандай зь яе хлусьнёй, цынізмам і нянавісьцю.

Мне такога плюралізму, які сёньня пануе на Свабодзе, занадта хапае і ў жыцьці — варта толькі выйсьці за парог роднай хаты. А вось пачуць меркаваньні разумнага, пасьлядоўнага, цьвёрдага чалавека (без усялякіх хістаньняў) па Свабодзе ўжо амаль немагчыма».

Ды не, спадарыня Тацяна — гучаць у нас галасы і такіх асобаў, якія вам падабаюцца — нязломных, радыкальных, бескампрамісных, бязь ценю сумневу ў слушнасьці толькі сваёй пазыцыі. Але запаўняць эфір толькі імі мы не зьбіраемся — нягледзячы на вашы папрокі і расчараваньні.

Мы жывем у рэальнай Беларусі, а ня той, якая мроіцца камусьці. Выходзячы на вуліцы, нашы карэспандэнты запісваюць меркаваньні выпадковых мінакоў — рэальных людзей. І што ж вы прапануеце нам: рабіць выгляд, што гэтых людзей няма, што грамадзкая думка ў Беларусі — іншая, а не такая, як на самой справе?

Не, спадарыня Тацяна, сіла — не ў прапагандзе, не ў салодкай хлусьні і паўпраўдзе — а ў аб’ектыўным інфармаваньні. І менавіта ў тым, каб даносіць да слухачоў праўдзівую інфармацыю і разнастайнасьць думак і поглядаў на ўсе грамадзка значныя праблемы, бачыць сваю місію Радыё Свабода.

На заканчэньне — кароткі ліст ад нашага даўняга слухача і апанэнта Міхаіла Лекаха з Латвіі, з Рыгі. Даведаўшыся са Свабоды пра вызваленьне з турмы палітвязьня Алеся Бяляцкага, спадар Міхаіл піша:

«Чарговы раз зьвяртаю ўвагу на аднабаковую і няпоўную падачу вамі інфармацыі. Сапраўды, Алесь Бяляцкі памілаваны і выйшаў са зьняволеньня. Але чаму вы маўчыце пра іншае? Пра тое, што дырэктар праваабарончага цэнтру „Вясна“ нідзе не атрымліваў афіцыйнага заробку, але пры гэтым сабраў немалы капітал і меў дзьве ўласныя кватэры ў цэнтры Менску? А ўсё гэта — за кошт грошай, якія прызначаліся для тых людзей, якія сапраўды мелі ў іх патрэбу.

Вы даяце шмат матэрыялаў пра Бяляцкага, пра яго прэсавыя канфэрэнцыі — а пра гэты істотны момант маўчыце. А пра гэта трэба казаць, бо вас жа слухаюць ня толькі сталыя слухачы, а і новыя, якія ня ведаюць перадгісторыі гэтай даўняй справы».

Палітычным вязьнем Алеся Бяляцкага прызналі дзясяткі ўплывовых міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія дэталёва вывучылі ўсе аспэкты крымінальнай справы, паводле якой ён быў асуджаны беларускім судом на шматгадовае турэмнае зьняволеньне. Ня думаю, што для вас, спадар Леках, зьяўляецца таямніцай той бясспрэчны факт, што сродкі, якія пераводзілі замежныя арганізацыі на рахункі Алеся Бяляцкага, выдаткоўваліся на дапамогу пацярпелым ад палітычнага перасьледу з боку беларускага рэжыму. Чаму грошы залічваліся асабіста Бяляцкаму, а не арганізацыі? Бо з 2003 году «Вясну» пазбавілі рэгістрацыі, і праваабаронцы мусілі шукаць розныя шляхі, каб працягваць сваю дзейнасьць. З гэтай жа прычыны асабіста на Бяляцкага, а не на арганізацыю, была зарэгістраваная і кватэра, якая служыла для «Вясны» офісам і якую беларускія ўлады сканфіскавалі. Заснавальнікі «Вясны» ня раз зьвярталіся да ўлады з просьбай аднавіць рэгістрацыю, каб дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі цалкам легальна. І кожны раз атрымлівалі адмову.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG