Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сэпаратызм у Казахстане


На тле падзеяў ва Ўсходняй Украіне гучаць меркаваньні, што падобны сцэнар можа быць рэалізаваны ў іншых краінах зь вялікай доляй расейскага насельніцтва. У гэтых гіпатэтычных вэрсіях Казахстан прыгадваецца адным зь першых.

Пры гэтым Казахстан адрозьніваецца ад іншых патэнцыйных кандыдатаў тым, што там ужо была спроба прарасейскіх сэпаратыстаў аддзяліць частку тэрыторыі краіны.

Расейскі грамадзянін Віктар Казімерчук быў асуджаны ў Казахстане за сэпаратысцкую дзейнасьць напачатку 2000-х гадоў.

Паводле дадзеных сьледзтва напрыканцы 1999 году і пачатку 2000 году Казімерчук і кіраваная ім невялічкая арганізацыя «Русь» плянавала узяць пад свой кантроль горад Аскемен (былы Усьць-Каменагорск) на мяжы з Расеяй, абвясьціць яго тэрыторыяй Расеі і зьвярнуцца да Масквы з просьбай аб далучэньні да РФ.

Некаторыя ставілі пад сумнеў сур’ёзнасьць абвінавачваньняў супраць Казімерчука, ягоная група налічвала 22 чалавекі, 12 зь іх — расейскія грамадзяне, пры затрыманьні ў іх былі знойдзеныя некалькі гранатаў, паляўнічыя стрэльбы, патроны для аўтаматаў і «кактэйлі Молатава».

Казімерчук заяўляў, што карыстаўся падтрымкай расейскага насельніцтва ва Ўсходнім Казахстане і меў сувязі з чыноўнікамі ў Маскве. Ён не называў імёнаў, але пасольства РФ ў Казахстане прапаноўвала маскоўскіх адвакатаў для абвінавачаных, МЗС Расеі дамагаўся, каб расейцы-чальцы групы Казімерчука былі дэпартаваныя ў Расею, упаўнаважаны РФ па правах чалавека зьвяртаўся да прэзыдэнта Назарбаева з просьбай праявіць літасьць да абвінавачаных.

Кожны з нас думаў, што ў нас не было нічога агульнага з Казахстанам, што гэта расейская зямля, і сытуацыя ў нас такая ж, як у Прыднястроўі ці ў Крыме, які да гэтага часу знаходзіцца ў складзе Ўкраіны

Пасьля арышту групы Казімерчука Аляксандар Шушаньнікаў, лідэр іншай прарасейскай групоўкі ў Казахстане, заявіў у інтэрвію, што «людзі на ўсходзе Казахстану дайшлі да кропкі, так што любы экстрэміст, які заявіць сябе як абаронца расейскага народу, можа разьлічваць на падтрымку ўсяго насельніцтва рэгіёну».

Шушаньнікаў перабольшваў, але гэта і сапраўды ўяўляла сабой пэўную небясьпеку — прыкладна траціну насельніцтва Казахстану складалі тады расейцы і іншыя славяне, і большасьць зь іх кампактна жыла ў паўночных абласьцях на мяжы з Расеяй.

У 90-х гадах з боку розных прарасейскіх і казачых груповак і арганізацый гучалі заклікі за аддзяленьне населеных славянамі тэрыторый ад Казахстану і за далучэньне іх да Расеі.

Многія лічаць, што рашэньне прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева перанесьці сталіцу з паўднёвай Алматы на поўнач мела на мэце зьмяніць этнічны балянс на поўначы краіны. Шмат казахстанскіх чыноўнікаў пераехалі ў новую сталіцу.

Тую ж мэту мела і палітыка рэпатрыяцыі. Неўзабаве пасьля здабыцьця незалежнасьці Казахстан прыняў урадавую праграму «Сьветлы шлях» аб вяртаньні на радзіму аралманаў — этнічных казахаў, якія жывуць за межамі краіны. Многія казахі вяртаюцца ў краіну з Кітаю і асабліва з Манголіі.

У сакавіку сёлета быў аддадзены афіцыйны загад пасяляць аралманаў пераважна ў паўночных вобласьцях, якія мяжуюць з Расеяй. Праўда, празь нейкі час загад быў скасаваны, і рэпатрыянтам дазволілі сяліцца па ўсёй краіне.

Казімерчук быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўленьня волі, аднак у 2006 годзе быў вызвалены і зьехаў у Расею. У 2007 годзе ён даў інтэрвію расейскай шавіністычнай газэце «Заўтра».

У ім ён сказаў: «Кожны з нас думаў, што ў нас не было нічога агульнага з Казахстанам, што гэта расейская зямля, і сытуацыя ў нас такая ж, як у Прыднястроўі ці ў Крыме, які да гэтага часу знаходзіцца ў складзе Ўкраіны».

Зараз расейцы Казахстану ў значнай ступені інтэграваныя ў казахстанскае грамадзтва. Але расейцы і іншыя славяне зараз складаюць прыкладна чвэрць насельніцтва краіны, і прэзыдэнт Назарбаеў вядзе асьцярожную палітыку, каб у гэтай часткі насельніцтва не ўзьнікала жаданьня зьвярнуцца да Пуціна па дапамогу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG