Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Музыкі перапяваюць «Песьняроў», але не разабраліся з аўтарскімі правамі


12 верасьня ў клюбе «Re:Public» мае адбыцца прэзэнтацыя музычнага праекту пад назвай «Re:Песьняры» з удзелам некалькіх айчынных калектываў поп- і рок-музыкі.

Праект прысьвечаны спадчыне ансамбля «Песьняры». Сучасныя выканаўцы альтэрнатыўнай сцэны пакажуць уласныя вэрсіі вядомых твораў з рэпэртуару славутага беларускага калектыву.

Як адзначыў кіраўнік праекту і ягоны прадусар Сяргей Будкін, ідэя нарадзілася гадоў пяць таму. Шмат часу пайшло на вырашэньне арганізацыйных пытаньняў. Урэшце да ўдзелу ў запісе твораў «Песьняроў» адабралі больш за 10 айчынных выканаўцаў розных стылёвых кірункаў. Гэтыя песьні павінны ўвайсьці ў альбом-трыб’ют «Re:Песьняры», выдаць які плянуецца ўвосень гэтага году.

Лейтматывам праекту зрабілася песьня «Думалі» ў выкананьні дуэту «SP Kava&Angst». Яна фігуруе ў прома-роліку, які зьняў рэжысэр Арцём Лобач. Аўтары гэтага твору адзначылі ў прэс-рэлізе: «Трэк „Думалі“ — гэта ліст ад прадстаўнікоў сёньняшняга пакаленьня — і Ўладзімеру Мулявіну, і Янку Купалу. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем, і пра тое, якія мы самі».

Праект «Re:Песьняры» ўвасабляўся пры ўдзеле парталу Tuzin.fm, фонду «Вяртаньне» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», падтрымалі яго газэта «Культура» і партал Tut.by. У канцэрце-прэзэнтацыі 12 верасьня возьмуць удзел гурты «Tonqixod», «Pomidor/off», Сяргей Пукст, Зьміцер Вайцюшкевіч, «Akute», а таксама БДА «Песьняры».

Што да выданьня альбома з запісамі гэтых песень, дык цяпер вядуцца перамовы з уладальнікамі правоў на песьні аўтарства Ўладзімера Мулявіна і Ігара Лучанка. Вядома, што аўтар песьні «Малітва» на словы Янкі Купалы — кампазытар Алег Моўчан, праслухаўшы вэрсію гэтай песьні ў выкананьні групы «Naka», ня даў згоды на тыражаваньне ўласнага твору. Забаронены ім кавэр, аднак, мае права прагучаць на прэзэнтацыі праекту.

Сам Алег Моўчан патлумачыў сытуацыю наступным чынам:

— Па-першае, чым пачынаць нешта, варта было б атрымаць у мяне як у аўтара музыкі на тое згоду. Па-другое, у тым, што я пачуў, я адзначыў парушэньне мастацкага вобразу гэтай песьні.

Калі гэткую ж пазыцыю зоймуць і іншыя праваўладальнікі, выдаць праграму на аўдыё-носьбітах будзе немагчыма.

У 1997 годзе, калі кампанія «ПанРекордз» выдавала альбом «Песнярок», падобныя пытаньні яшчэ не ўзьнікалі. Гэты альбом у гісторыі айчыннай папулярнай музыкі стаў ня толькі першым трыб’ютам «Песьнярам», але й наагул першым прысьвячэньнем беларускіх музыкаў творчасьці нейкага аднаго калектыву. У запісе таго трыб’юту бралі ўдзел 13 калектываў, у тым ліку «Крама», «Ляпіс Трубяцкі», «Троіца», «N.R.M.», «Нейро дюбель», Аляксей Шадзько і Піт Паўлаў. Цікава, што на першым варыянце вокладкі быў Уладзімер Мулявін на «Харлеі», аднак растыражавалі альбом з зубром на вокладцы. Прэзэнтацыя «Песьнярка» адбылася на пачатку ліпеня гэтага ж году ў сквэры імя Янкі Купалы, прысутнічалі самі «Песьняры» на чале з Ўладзімерам Мулявіным і некалькі тысяч слухачоў. «Песьняры», якія даўно былі не выступалі з жывымі канцэртамі, завяршалі праграму прэзэнтацыі, аднак прынялі іх з такім энтузіязмам, што замест заплянаваных 3–4 нумароў яны гралі ды сьпявалі больш за гадзіну.

XS
SM
MD
LG