Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва стратнай фабрыкі «Палесьсе» патраціла 840 мільёнаў на замежныя паездкі


Страты прадпрыемства складаюць дзясяткі мільярдаў рублёў, сярэдні заробак меншы, чым у цэлым па рэгіёне. А кіраўніцтва мінулым годзе 126 разоў выяжджала ў замежныя камандзіроўку і патраціла на іх 840 мільёнаў рублёў.

Каб не збанкрутаваць канчаткова, фабрыка мае звольніць тысячу чалавек.

Пра вынікі праверкі, якую праводзіў на Пінскай трыкатажнай фабрыцы «Палесьсе» Камітэт дзяржкантролю, піша Беларусь Сегодня.

Намесьнік старшыні Пінскага міжраённага Камітэту дзяржкантролю Віктар Гордзіч прыводзіць лічбы:

«За мінулы год чыстыя страты вырасьлі ў 19 разоў, калі параўноўваць з 2012, і перавысілі 55 мільярдаў рублёў. У гэтым годзе сумы растуць. Страты за студзень — красавік 2014 году — звыш 21 мільярд, і гэта ў два разы больш, чым за аналягічны пэрыяд 2013 году. Значна пагоршыліся паказчыкі ліквіднасьці і плацежаздольнасьці. У мінулым годзе „Беллегпрам“ давёў прадпрыемству 11 прагнозных паказчыкаў: 9 ня выканана».

Каб палепшыць стан прадпрыемства, кіраўніцтва брала крэдыты, якія, на жаль, панацэяй ня сталі. У мінулым годзе фірма вырабіла прадукцыі на 355 зь лішнім мільярдаў рублёў, а затраціла на вытворчасць 360 мільярдаў, прычым больш за 15 мільярдаў сышло на пагашэньне крэдыту.

Прадпрыемства хутка здае пазыцыі, нягледзячы на дзяржаўныя датацыі. Меркавалася, што фірма пусьціць грошы ў абарот, істотна павысіць рэнтабэльнасьць і правядзе мадэрнізацыю. Аднак прадпрыемства зноў сышло ў мінус, а пераўзбраеньне фабрыкі так і засталося на паперы бізнэс-пляну.

Новы гендырэктар, Аляксандр Хвесюковіч, прызначаны ў гэтым годзе, кажа, што праблема — у неканкурэнтаздольнасьці беларускага тавару, які «задушыцца» больш таннымі аналягаміі з Азіі:

«Мы арыентаваліся на танныя трыкатажныя вырабы. На гэтым і праваліліся. Нас перамагла прадукцыя з Азіі, якая сёньня ўвозіцца масава, часта нелегальнымі партыямі праз адкрытую мяжу. Не бяруць нашу прадукцыю і на расейскім рынку, таму што дорага. А калі прадаваць таньней — сыходзім у мінус. Відавочна: выпускаць заведама простыя і танныя рэчы нявыгадна».

XS
SM
MD
LG