Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бакіеў зьмяніў грамадзянства, але прозьвішча ў яго ранейшае, — аглядальнік


Курманбэк Бакіеў

Курманбэк Бакіеў

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракамэнтаваў Свабодзе інфармацыю пра тое, што ўлады Кіргізстану патрабуюць ад Беларусі тлумачэньня, чаму зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў быў ўзнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў».

«Лукашэнка раіў новаму кіраўніцтву Кіргізстану тэму Бакіева забыць. Ён сказаў тады, што трэба «перавярнуць гэту старонку».

Але гэтыя парады ў Бішкеку не ўспрымаюцца. Больш за тое, завочнае асуджэньне Бакіева да пажыцьцёвага зьняволеньня ясна даюць зразумець, што гэта тэма будзе і надалей актуальнай для народу Кіргізстану.

Таму я ўпэўнены — узнагароджаньне Бакіева будзе і надалей азмрочваць дачыненьні паміж Беларусьсю і Кіргізстанам. Пра Бакіева ў Бішкеку не забыліся. І таму паведамленьне пра ўзнагароду Бакіева яшчэ болей сыпе соль на кіргізскія раны.

Канечне, афіцыйны Менск можа сказаць, што Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства. І таму беларускія ўлады могуць самі, без усялякіх кансультацыяў яго адзначаць ордэнам. Так, Бакіеў зьмяніў грамадзянства, але ж прозьвішча Бакіеў за ім застаецца. І ў Кіргізстане Бакіева ведаюць як беглага прэзыдэнта, якога яго радзіма асудзіла на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

І такое разьвіцьцё гэтай тэмы праз дзяржаўную ўзнагароду Бакіева можа прынесьці сюрпрызы. І ня толькі ў двухбаковых дачыненьнях Беларусі і Кіргізстану, але і ў многабаковых.Тут я намякаю на АДКБ.

МЗС Беларусі пакуль устрымліваецца ад камэнтароў на гэтую тэму.

XS
SM
MD
LG