Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Даўно вядома, што добры тэлевізар — гэта мёртвы тэлевізар. Але навошта трымаць дома мерцьвякоў?

«Таму што традыцыя такая» — скажа наш разумны суайчыньнік. Гэткім адказам ён звыкся тлумачыць усё на сьвеце: ад забабонаў да забаронаў, ад забавы да забойства. Ягоная праўда — тэлевізар ёсьць часткай традыцыйнай культуры беларусаў. Ні моцная дзяржава, ні пагатоў моцная сям’я без тэлевізара доўга не працягнуць. Ён — член гэтай сям’і, і ён заўжды на чале: велікадушны, магутны і балбатлівы, як тата пасьля палучкі, пяшчотна-пячорны, як погляды сярэднестатыстычнай маці^; яму ўсе вераць, як дзіцю, і берагуць яго, нібы дзядулю, якога апанаваў маразм. Ён сядзіць на пачэсным месцы, ён кіруе ўсімі, сямейнікі ходзяць вакол яго на дыбачках і нікому — чуеш, нікому! — не дазволена яго перакрыкваць. Адно слова: патрыярх. Па руках, па вачах, па мазгах.

Напэўна, ёсьць толькі адзін крытэр, паводле якога можна ацэньваць узровень тэлебачаньня. Не, не прафэсіяналізм. Прафэсіяналізм — гэта выдумка прафсаюзаў. Прафэсійнымі могуць быць і забойцы. А тэлебачаньне паўсюль працуе па адным прынцыпе: чым тупей, тым лепей. Чым сапраўды адрозьніваюцца тэлебачаньні розных краін — дык гэта ўзроўнем сваёй галюцынагеннасьці.

Заходняе тэлебачаньне — таблетка для сну. Хочаш пі, хочаш — варочайся ўсю ноч, запалоханы падзеямі ў краінах, дзе ты ніколі не пабываеш. Напрыклад, на дзікім Усходзе, куды яшчэ не правялі правы чалавека і не паставілі лічыльнікі дэмакратыі. Бо ў тваёй краіне адбываюцца толькі лёгкая музыка і неабавязковыя тэлешоў. Ну, яшчэ футбол.

Тут у нас таксама футбол: «бэтэ дзеля БАТЭ» магло б зрабіцца дэвізам памяркоўнага беларускага тэлегледача. Таго самага, які на пытаньне «Ці давяраеце вы дзяржаўным мэдыям?» адказвае зазвычай: «Давяраю напалову» — каб нікога не пакрыўдзіць. «А чаму?» — пытаюцца ў памяркоўнага беларуса журналісты варожага тэлеканала. І тут мы вяртаемся да самага пачатку. Таму што традыцыя такая. Не давяраць мерцьвяку нельга — яшчэ пакрыўдзіцца. А давяраць яму — неяк няёмка. Дык хай будзе «напалову»: пяцьдзясят на пяцьдзясят! Была некалі такая перадача. Праўда, не на БТ.

Калі заходняе тэлебачаньне — снатворнае, БТ (як бы яно само сябе ні называла) — цяжкі наркотык. Які руйнуе сьвядомасьць і выклікае хуткае прывыканьне. Якое тут таксама вельмі любяць называць словам «традыцыя». Наркотык, які легальна раздаецца на кожным рагу. Амаль што бясплатна. Амаль што кожнаму. Амаль што добраахвотна. Ня хочаш — не глядзі. А паглядзеўшы — адказвай за наступствы.

Наогул, людзі, якія працуюць на бэтэ, маглі б з поўным правам называцца бэтмэнамі. Бо яны ратуюць беларусаў, ратуюць кожны дзень і кожную ноч. Удзень — ад рэальнасьці, уначы — ад саміх сябе.

Ну што, калі падумаць, здарыцца з чалавекам, калі ён будзе рэгулярна глядзець бэтэ? Ну, поўсьць пачне расьці ў непаложаных месцах, на знак пратэсту, ну, скура язвачкамі пакрыецца, бо кожны, хто здольны глядзець на гэтае бясконцае шоў пашлякоў і хлусаў — у пэўным сэнсе сьвяты. Ну, язык пасінее — ад немагчымасьці сказаць, што думаеш. І вочы закоцяцца так, што больш не адшукаеш. Ну, словы «Магутнага божанькі» забудзеш — гэта ж усё дробязі. Але ж галоўная функцыя тэлебачаньня бэтэ выконваецца. Цябе і праінфармавалі, і пазабаўлялі, і напаілі, і спаць улажылі, і задушылі ў сьне. Поўны камплект паслугаў... У чым тут злачынства? Дзе матыў? Дзе доказы? Звычайнае самагубства. Можна закрываць справу. І ўключаць тэлевізар.

А там... Пойдзе беларус па нацыянальных тэлеканалах паглядзець, што ў сьвеце дзеецца — а патрапіць на які-небудзь славянскі базар і купіць там самавар. Хаця нічога такога рабіць зусім не зьбіраўся. У гэтым сіла і цудоўнасьць беларускага тэлебачаньня. Гербалайф плюс прапаганда. Тэлеглядач — гэта дыягназ. Глядач БТ — вырак. Хаця некаторыя дактары кажуць, што надзея ёсьць. Брэшуць. Проста яны даўно не глядзелі тэлевізар...

Беларусы даўно жывуць сваім жыцьцём, а беларуская ўлада — сваім. І сустракаюцца яны толькі ў тэлевізары. Ён — тая няісная зона ікс, дзе народ і ўлада без асаблівых намаганьняў робяць выгляд, што яны крочаць поруч, садзяцца ў адзін аўтобус і трымаюцца за адзін поручань. Хаця ўлада едзе ў пекла, а людзі на прыпынку праводзяць гэты катафалк абыякавымі позіркамі. Пачакаем наступнага. Мо пусьцейшы будзе. А тэлевізар паказвае, што на прыпынку нікога няма. Усіх забралі. І ўсе ўсім саступілі месца.

Бэтэ ўжо ня тое, скажа знаўца. Яно мадэрнізуецца, лібэралізуецца і наогул спрабуе апошнім часам неяк сканструяваць Беларусь дзеля сваіх мэтаў. Беларусь-1, 2, 3, 4, 5... Выйшаў зайчык пагуляць. Бэтэ для тых, каму за трыццаць, сорак, пяцьдзясят, каму за «страну абідна», бэтэ для патрыётаў і бэтэ для ідыётаў. Бэтэ для беларускамоўных: і ў гета мусіць быць тэлебачаньне. А праграма застаецца той самай. Добрай раніцы, Беларусь! Добрай раніцы, Беларусь! Ня чуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG