Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці патрапяць «Містралі» ў Расею


Дэманстрацыя ўкраінцаў і крымскіх татараў каля аднаго караблёў, якія будуюцца ў Францыі. 1 чэрвеня 2014 году.

Дэманстрацыя ўкраінцаў і крымскіх татараў каля аднаго караблёў, якія будуюцца ў Францыі. 1 чэрвеня 2014 году.

Францыя перад выбарам — альбо сапсаваць адносіны з Масквой, альбо расчараваць сваіх партнэраў у ЗША і Эўразьвязе.

Уведзеныя краінамі ЭЗ супраць Расеі санкцыі прадугледжваюць, апроч іншага, забарону на вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Ці знойдзе Францыя ў новых умовах рашэньне праблемы пастаўкі Расеі гелікоптараносца тыпу «Містраль» — каб, з аднаго боку, не сапсаваць адносіны з Масквой і свой імідж на рынку ўзбраеньняў, а з другога — не расчараваць сваіх эўрапейскіх і амэрыканскіх партнэраў? Праца над гэтым складаным пытаньнем няспынна вядзецца ў Елісейскім палацы — рэзыдэнцыі прэзыдэнта Пятай Рэспублікі, і ў МЗС Францыі.

Прасторы для манэўру ў Парыжа застаецца ўсё менш. Спачатку прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд захоўваў маўчаньне адносна «Містраляў», а міністар замежных спраў Ларан Фабьюс неаднаразова запэўніваў, што ўмовы кантракту будуць выкананыя ў поўным аб’ёме. Цяпер францускаму кіраўніцтву даводзіцца шукаць іншае рашэньне. З Вашынгтону, Бэрліну і Лёндану ўсё больш рэзка сталі гучаць галасы, якія заклікаюць Парыж адмяніць зьдзелку, за якую Масква ўжо заплаціла мільярд 200 мільёнаў эўра. Некаторыя амэрыканскія і нямецкія заканадаўцы нават выказалі прапанову выкупіць у французаў «Містралі» зь бюджэту ЭЗ або НАТО — бо гэтыя караблі несумненна знойдуць сабе прымяненьне і на Захадзе.

У Парыжы да падобнага роду альтэрнатывы не паставіліся сур’ёзна. Прэзыдэнт Алянд прапанаваў іншае выйсьце. Першы гелікоптараносец (ужо гатовы і спушчаны на ваду «Ўладзівасток»), сказаў францускі лідэр, будзе пастаўлены заказчыку ў заплянаваныя тэрміны — у кастрычніку гэтага году. Навучаньне на караблі ўжо праходзяць 400 расейскіх маракоў, якія прыбылі ў порт Сэн-Назэр у вусьці Луары ў пачатку ліпеня. Пытаньне зь перадачай Расеі другога судна, напалову гатовага «Севастопаля», са словаў Алянда, застанецца адкрытым, і яго рашэньне будзе залежаць выключна ад паводзінаў Масквы. Паводле пляну, карабель павінен быць здадзены ў эксплюатацыю да канца 2015 году. Атрымаюць яго расейцы ці не, будзе ў першую чаргу залежаць ад разьвіцьця сытуацыі ва Ўкраіне.

«Гэта вельмі цяжкая дылема для Францыі, якая знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі, — паведамляе Радыё Свабода экспэрт па Расеі і СНД парыскага Інстытуту міжнародных і стратэгічных адносін Лора Дэлькур. — З аднаго боку, калі Францыя адменіць гэты кантракт, ёй давядзецца вярнуць атрыманыя ад Расеі грошы, і выплаціць кампэнсацыю. Апроч эканамічнага аспэкту, пацерпіць і рэпутацыя Францыі як буйнога пастаўшчыка ўзбраеньняў. Зь іншага боку, на фоне сытуацыі ва Ўкраіне і масіраванага ціску, які аказваюць на Францыю яе партнэры — галоўным чынам ЗША, Вялікабрытанія і Нямеччына — Парыжу вельмі складана будаваць гэтыя караблі для Расеі. Расея, у кантэксьце сытуацыі Ўкраіны, парушыла міжнародныя нормы, і пастаўка ёй гэтых судоў можа быць вытлумачана як прызнаньне Францыяй легітымнасьці такіх неправамерных дзеяньняў».

Менавіта крызыс ва Ўкраіне стаў тым фактарам, які канчаткова зьмяніў тон у адносінах Парыжа і Масквы, працягвае Лора Дэлькур. «Гэтыя адносіны сталі мяняцца ў сьвятле той пазыцыі, якую Расея заняла ў пытаньні аб урэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі. Сырыйскі канфлікт даў пачатковы штуршок працэсу пагаршэньня франка-расейскіх адносінаў, а Ўкраіна толькі пагоршыла распачаты раней спад. Адносіны Францыі і Расеі застаюцца стратэгічнымі, але нават калі яны і пацярпелі ў меншай ступені, чым у выпадку зь іншымі эўрапейскімі краінамі, дык украінскі крызыс, несумненна, адбіўся на двухбаковых сувязях Парыжу і Масквы», — кажа экспэрт.

Нягледзячы на адчувальнае пахаладаньне ў адносінах Францыі і Расеі, дыпляматычныя сувязі паміж дзьвюма краінамі застаюцца вельмі цеснымі. Дастаткова прыгадаць абдымкі і пацалункі кіраўнікоў МЗС дзьвюх краін пасьля заканчэньня сустрэчы прэзыдэнтаў Франсуа Алянда і Уладзіміра Пуціна ў Елісейскім палацы 5 чэрвеня, напярэдадні ўрачыстай цырымоніі з нагоды сямідзесяцігодзьдзя высадкі саюзьніцкіх войскаў у Нармандыі.

«У адносінах Францыі і Расеі нельга казаць пра ўзаемазалежнасьць — гаворка ідзе пра шчыльныя і разнастайныя сувязі выключна на добраахвотнай аснове, у палітычнай, вайсковай, эканамічнай і культурнай сфэрах, — тлумачыць суразмоўца Радыё Свабода. — Дастаткова ўспомніць, зь якім размахам праводзіліся ў Францыі культурныя мерапрыемствы ў рамках „Году Расеі“.

Расея — гэта асаблівы, стратэгічны партнэр. У той жа час — гэта партнэр, які парушыў нормы міжнароднага права. Пазыцыя Эўразьвязу такая: Украіна павінна мець магчымасьць самастойна выбіраць зьнешнепалітычны курс, і гэта ніяк не павінна адбівацца на адносінах ЭЗ і Расеі. Для ЭЗ, і асабліва для Францыі, Украіна не зьяўляецца альтэрнатывай Расеі, але не Расеі вырашаць лёс Украіны».

Францыя імкнецца ў цэлым прытрымлівацца кантэксту агульнаэўрапейскай стратэгіі, кажа экспэрт парыскага Інстытуту міжнародных і стратэгічных адносін. Такая пазыцыя была відавочна прадэманстраваная ў часе прыняцьця Брусэлем рашэньня адносна новых санкцыяў у дачыненьні да Расеі. Але нават калі цяпер Масква і Брусэль перажываюць час істотнага пахаладаньня адносінаў, лічыць Лора Дэлькур, гэтыя адносіны ўсё роўна застануцца фундамэнтальнымі для абодвух бакоў.

XS
SM
MD
LG