Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне, нягледзячы на тое, што карантын з-за афрыканскай чумы сьвіней зьнялі яшчэ ў лютым, час ад часу выпадкі гэтай хваробы рэгіструюцца.

У рэгіёнах, якія мяжуюць зь Літвой і Польшчай, у пяцікілямэтровых зонах вакол сьвінакомплексаў надалей забаронена трымаць сьвіней на прыватных падворках.

Адзін з апошніх выпадкаў афрыканскае чумы зарэгістравалі ў вёсцы Дэмбрава Шчучынскага раёну — мінула трохі болей за месяц. Праўда, там вэтэрынарныя службы адрэагавалі на гэта вельмі апэратыўна і за два дні ўсе, хто яшчэ трымаў сьвіней, іх пакалолі. Цяпер у сельсавеце мне сказалі, што праблемы такой няма, паколькі няма сьвіней.

У Гарадзенскім раёне, які мяжуе з Польшчай, мясцовыя ўлады па-ранейшаму даволі жорстка сочаць за тым, каб у пяцікілямэтровых зонах вакол сьвінакомплексаў сьвіней на прыватных падворках не трымалі.

Спадар Станіслаў распавядае мне, што трымае сьвіней за шэсьць кілямэтраў ад хаты, у суседняй вёсцы, і езьдзіць два разы на дзень іх карміць, бо з праверкамі ўсё роўна прыходзяць.

Спадар: «Нікому не дазваляюць трымаць, ходзяць зь міліцыяй і правяраюць. Я быў таксама купіў парасят, і нехта залажыў мяне, відавочна, бо прыехаў старшыня сельсавету з вэтурачом і пачалі ціснуць на мяне... Тым ня менш многія трымаюць. Не пускаюць нікога ў хлявы, замыкаюць іх, нікому нічога ня кажуць, але так і трымаюць...»

У Лідзкім раёне падчас эпідэміі па вёсках езьдзілі нават пракуроры і правяралі ў людзей хлявы. Але цяпер сытуацыя крыху зьмянілася, і нават у пяцікілямэтровых зонах жорсткага кантролю няма. Спадарыня Валянціна распавядае, што ў іхнім раёне ўжо не чуваць пра выпадкі афрыканскае чумы.

Спадарыня: «Здаецца, ужо трохі прыціхла ўсё гэта зь пяцікілямэтровай зонай. Патроху трымаюць людзі — двое-трое сьвіней, як для сябе. За гэта ўжо нічога ня кажуць. Праўда, бальшыні людзей адбіла ахвоту за гэты час трымаць сьвіней. Парасяты ў нас дарагія — тры мільёны трэба аддаць, а гэта 300 даляраў, мех мукі — сто тысяч. І паспрабуй выкармі... Няма ніякага рэзону трымаць».

А вось у Астравецкім раёне, які мяжуе зь Літвой, асабліва ў вёсках пры мяжы, як кажа мне спадар Мікалай, час ад часу людзі распавядаюць пра выпадкі афрыканскае чумы, хаця афіцыйна пра гэта нідзе не паведамляецца.

Спадар: «У некаторых вёсках ёсьць такія выпадкі, і нават там спальваюць сьвіней. Гэта блізка мяжы зь Літвой. Ну вось у Сьвіранках быў такі факт, езьдзілі туды, то і мне нават тэлефанавалі. Але цяпер такія факты ніхто ўжо не тыражуе, гэта ўсё людзі адзін аднаму пераказваюць».

У Івейскім раёне, дзе быў зарэгістраваны першы выпадак афрыканскае чумы, жыхары распавядаюць, што пра падобныя факты ўжо не чуваць, але на сьвінакомплексах у раёне меры бясьпекі даволі жорсткія. Вось што распавядае спадар Аляксей, які жыве паблізу вёскі Чапунь.

Спадар: «Ціха і спакойна цяпер, дазволілі трымаць. Зрабілі яшчэ адну санапрацоўку па ўсіх падворках. Але вельмі жорсткія правілы для тых, хто працуе на сьвінакомплексах — ім забаронена трымаць сьвіней, не даюць. Але людзі ўсё роўна, хто хоча, трымаюць і не зважаюць на гэтыя забароны. Ужо хто і двойчы калоў, і парасят некаторыя маюць...»

Паводле адмыслоўцаў, казаць пра поўную ліквідацыю АЧС у Беларусі пакуль не выпадае. Згодна са стандартамі краіна лічыцца стабільнай, калі пройдзе тры гады пасьля апошняга выпадку захворваньня на АЧС.

XS
SM
MD
LG