Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МВФ: Спад у эканоміцы Расеі мацней за ўсё адаб’ецца на Беларусі


Беларусь і Літва сярод усіх зьнешнегандлёвых партнэраў Расеі ў найбольшай ступені адчуюць на сабе нэгатыўны ўплыў заходніх санкцый і агульнага запавольваньня эканамічнага росту ў Расеі, цытуе Інтэрфакс выснову экспэртаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

«Для многіх эўрапейскіх дзяржаваў Расея не зьяўляецца асноўным рынкам экспарту. Таму запаволеньне росту расійскай эканомікі не павінна істотна ім пашкодзіць. Аднак уплыў на многіх суседзяў Расеі, такіх як Беларусь, Украіна, Малдова і краіны Балтыі, экспарт якіх у Расею перавышае 5% іх ВУП, можа быць больш значным,» — гаворыцца ў камэнтары эканамістаў МВФ, апублікаваным у адным з блогаў Фонду — iMFdirect.

У інфармацыі адзначаецца, што многія дзяржавы Ўсходняй Эўропы моцна залежаць не толькі ад расейскага газу, але і ад іншых энэрганосьбітаў.

Аб’ём наўпроставых замежных інвэстыцый з Расеі дасягае 2-5% ВУП у такіх краінах, як Літва, Латвія, Украіна, Сэрбія, Босьнія і Герцагавіна.

Паводле паказчыку агульнай рызыкі, зьвязанай з аслабленьнем расейскай эканомікі і наступствамі уведзеных Захадам санкцый, з усіх краін, якія атрымалі ацэнку, найгоршае месца заняла Беларусь, пасьля яе — Літва.

Базавы прагноз міністэрства эканамічнага разьвіцьця РФ прадугледжвае рост ВУП Расеі ў 2014 годзе на 0,5%. МВФ чакае росту расейскай эканомікі на 0,2%. У 2013 годзе ВУП РФ вырас на 1,3%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG