Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зьбіраецца забараніць замежным авіякампаніям палёты над сваёй тэрыторыяй


Калі забарона будзе ўведзеная, замежныя авіякампаніі будуць вымушаныя падоўжыць маршруты сваіх рэйсаў у сярэднім на гадзіну-паўтары гадзін. У выніку вырастуць выдаткі на паліва і аплату працы пэрсанала, павялічыцца нагрузка на тэхніку.

Гэтыя выдаткі паставяць эўрапейскіх перавозчыкаў у няроўныя ўмовы з азіяцкімі кампаніямі — павысіць цэны яны ня змогуць, а ўтрымаць іх на ранейшым узроўні будзе немагчыма з-за нізкай рэнтабэльнасьці.

У якасьці сымэтрычнага адказу на эўрапейскія санкцыі, якія сталі прычынай спыненьня палётаў расейскага лоўкостэра «Дабралёт», Расея можа забараніць транссыбірскія пералёты з Эўропы ў Азію. Пра тое, што чыноўнікі разглядаюць магчымасьць абмежаваць або зусім забараніць транзітныя палёты эўрапейскіх авіякампаній праз тэрыторыю Расеі, паведамляюць «Ведамасьці».

Абмеркаваньне магчымага абмежаваньня транзыту для эўрапейскіх перавозчыкаў пачалося адразу пасьля першых санкцый супраць Расеі з боку ЭЗ. Пасьля спыненьня дзейнасьці «Дабралёту» і штрафаў, накладзеных Украінай на расейскія авіякампаніі за палёты ў Крым, стала ясна, што без адказу гэтыя санкцыі застацца ня могуць.

Паводле выданьня «Ведамасьці», цяпер ідуць кансультацыі на ўзроўні Мінтранса і МЗС. Рашэньне аб санкцыях павінен прыняць урад. Крыніца, блізкая да МЗСу, запэўніла, што «любыя недружалюбныя захады ЭЗ, у тым ліку ў галіне паветраных перавозак, будуць вывучацца і без адказу не застануцца».

Для палётаў з Эўропы ў Азію авіякампаніі выкарыстоўваюць транссібірскі маршрут і плацяць за гэта грошы «Аэрафлоту». Даходы расейскай авіякампаніі ад гэтых дамоваў складаюць каля 300 мільёнаў даляраў у год, а найбуйнейшымі плацельшчыкамі з’яўляюцца Lufthansa, British Airways і Air France.

Расейскі лоўкостэр «Дабралёт» у мінулую нядзелю абвясьціў, што з 4 жніўня спыняе ўсе палёты з-за санкцый, якія былі накладзеныя на кампанію ў сувязі з правядзеньнем рэйсаў у Крым. Прычынай стала тое, што кампаніі анулявалі дамову лізінгу на амэрыканскія самалёты Boeing.

«Дабралёт» пачаў палёты ў Крым 11 чэрвеня. Акрамя Сімфэропаля, кампанія прадавала білеты на рэйсы ў Казань, Екацярынбург, Валгаград, Самару, Перм, Уфу і Сургут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG