Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін спалохаўся сібірскага сэпаратызму


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Ужо прынамсі 17 расійскіх сродкаў масавай інфармацыі атрымалі папярэджаньне «Роскомнадзору» у сувязі з публікацыямі пра інтэрвію навасібірскага мастака Арцёма Лоскутава наконт падрыхтоўкі так званага «Маршу за фэдэралізацыю Сібіры».

Заяўку на правядзеньне 17 жніўня такога маршу арганізатары падалі ў гарадзкую адміністрацыю Навасібірску.

Напярэдадні інтэрнэт-партал Slon. ru выдаліў інтэрвію з Лоскутавым па патрабаваньні Генэральнай пракуратуры Расеі. «Роскомнадзор» лічыць, што публікацыі ў некаторых расійскіх СМІ, сярод якіх «Паліт. Ру», Regnum, «Новы рэгіён», «Росбалт», зьмяшчаюць заклік да ўдзелу ў супрацьпраўных мерапрыемствах.

У сацыяльнай сетцы «Вконтакте» зачынілі групу «Марш за федэралізацыю Сібіры», але тым ня менш у інтэрнэце зьяўляюцца матэрыялы пра магчымасьць гэтай акцыі. У прыватнасьці, Вадзім Цюменцаў, адзін з грамадзкіх актывістаў Цюмені, каардынатар «этнаграфічнай партыі», тлумачыць у відэа на партале YouTube, чаму ён мае намер удзельнічаць у маршы за фэдэралізацыю Сібіры.

«Пуцін сам стрэліў сабе ў нагу»

Маскоўскі аналітык Андрэй Піянткоўскі сказаў Радыё Свабода, што ў Маскве вельмі спалохаліся заплянаванага на 17 жніўня ў Новасібірску «Маршу за фэдэралізацыю Сібіры».

Андрэй Піянткоўскі

Андрэй Піянткоўскі

«Задзейнічаны вельмі драконаўскія меры. Вынесьлі папярэджаньне сямнаццаці СМІ Расіі, у тым ліку такім, як салідны „Коммерсант“, тэлеканал „Дождж“ і іншым. Так, у Расіі спалохаліся гэтага вельмі сур’ёзна,» — адзначае аналітык.

Андрэй Піянткоўскі таксама лічыць, што забароны такіх акцый Масквой толькі дэманструюць тое, што Пуцін сваімі дзеяньнямі на распальваньне сэпаратызму ў Украіне сам «стрэліў сабе ў нагу».

«Акцыя прызначаная на 17 жніўня, гэта нядзеля. Цяпер ясна, што акцыю не дазволяць. Але гэта вельмі сур’ёзны ўдар Пуцін нанёс сам па сабе, як кажуць ангельцы, „стрэліў сабе ў нагу“. Сёньня на „Эхо Москвы“ вялікі матэрыял Венедыктава. Ён як раз гэтую сытуацыю разьбірае. Ён вельмі рэзка крытыкуе ўлады Расеі, што яны па-дурному зрабілі з ідэяй фэдэралізацыі ва Ўкраіне, што яны разбудзіла тыя ж настроі ў Расіі ... Падзеі ва Ўкраіне гэта падштурхоўваюць. Чаму можа быць данецкі сэпаратызм, і калі гэта добра, то чаму яго не можа быць у Расіі, у Сібіры? Нам жа ад пачатку тлумачылі, што сэпаратызм — гэта дрэнна. Калі быў сэпаратызм ў Чачні, дзе мы дзясяткі тысяч людзей забілі за гэта. А ў Сібіры, ведаеце, які цяпер найбольш папулярны лёзунг — хопіць карміць Маскву!».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG