Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм праігнараваў заклік БАЖу адносна дэзынфармацыі на расейскіх тэлеканалах


Барыс Гарэцкі, архіўнае фота
Барыс Гарэцкі, архіўнае фота

Міністэрства інфармацыі Беларусі не знайшло фактаў дэзінфармацыі на расейскіх тэлеканалах пры асьвятленьні ўкраінскіх і беларускіх падзеяў.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце за подпісам намесьніка міністра інфармацыі Беларусі Сяргея Хільмана да прэсавага сакратара Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага.

Прадстаўнік БАЖу прасіў Мінінфарм прааналізаваць сюжэт «Первого канала» «Беженка из Славянска вспоминает, как при ней казнили маленького сына и жену ополченца» на прадмет парушэньня Закону аб СМІ. А таксама спыніць трансьляцыю ў Беларусі цэнтральных расейскіх тэлеканалаў, якія сыстэматычна парушаюць беларускае заканадаўства.

Мінінфарм адзначае, што ня мае зьвестак пра выпадкі «адкрытых агавораў і дэзынфармацыі ў дачыненьні да ўкраінскіх і беларускіх падзеяў, якія штодня здараюцца на цэнтральных расейскіх тэлеканалах». Таксама міністэрства «ня мае права камэнтаваць парушэньні заканадаўства аб СМІ Расейскай Фэдэрацыі рэдакцыяй „Первого канала“». У лісьце гаворыцца, што беларускі бок можа адклікаць ліцэнзію ў тэлеканала ці радыёпраграмы толькі ў выпадках грубага парушэньня імі беларускага заканадаўства аб ліцэнзаваньні: калі ліцэнзаваная дзейнасьць «супярэчыць інтарэсам Рэспублікі Беларусь» і калі вяшчаньне зьмяшчае зьвесткі, «распаўсюд якіх забаронены ці абмежаваны заканадаўствам».

Раней спыніць у Беларусі трансьляцыю цэнтральных расейскіх тэлеканалаў патрабавалі актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», а сябры грамадзкага камітэту салідарнасьці з Украінай пачалі збор подпісаў пад такім зваротам да ўладаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG