Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Надзвычайная сьпёка: што будзе з ураджаем?


Архіўнае фота

Архіўнае фота

Тэмпэратурны рэкорд 80-гадовай даўніны пабіты: у Беларусі зафіксавана 35,5 градуса цяпла. Беларускі гідрамэтцэнтар заяўляе пра факт засухі ў паветры і не прагназуе бліжэйшым часам ні дажджоў, ні аслабленьня сьпёкі. Як адаб’ецца працяглая суш і гарачыня на сёлетнім ураджаі?

Прыватныя падворкі вяскоўцаў і лецішчы гараджанаў ад моцнай сьпякоты церпяць перадусім: земляробы-аматары амаль страцілі надзею на добры ўраджай. Гаворыць жыхарка вёскі Падбярэжжа, што ў ваколіцах Менску:

«Агуркі высахлі — няма. Памідоры — ня сёньня-заўтра будуць паміраць, бо ўсё лісьце апусьцілася. Буракоў — нічога гэтага няма. Толькі за бульбу дзякаваць Богу — вельмі добрая. А калгасныя каровы стаяць у хлявах — няма дзе пасьвіць, усё павыгарала. Кормяць мукою, сіласныя ямы адкрылі — бо нечым жа трэба карміць».

Як паведамляе Беларускі гідраметцэнтар, у другой палове ліпеня ў Беларусі выпала дажджу ад 5 да 30 адсоткаў нормы, характэрнай для гэтай пары. Але цалкам у адмоўным сьвятле гэтую зьяву разглядаць нельга, кажа фэрмэр з Гомельшчыны Міхаіл Шруб:

Міхаіл Шруб (п)

Міхаіл Шруб (п)

«На адны сельгаскультуры такое надвор’е ўплывае станоўча, а на некаторыя — адмоўна. Цяперашняе надвор’е — ідэальнае ўбіраць збожжавыя. Ураджай усюды добры, і ў нас у тым ліку. Што тычыцца іншых культур, то, да прыкладу, кукуруза пачала падгараць. Мы таксама займаемся гароднінай — маем палівальную тэхніку. А так, вядома, гэтая сьпёка для карнявых — занадта ўжо, як кажуць беларусы. Таму даводзіцца змагацца за гэты ўраджай усімі даступнымі сродкамі. А калі такіх няма, то маліцца Богу. Але адзін моліцца, каб дождж пайшоў, а іншы — каб не было, то Богу невядома, каму дагадзіць».

Пра добры ўраджай збожжавых паведаміў і старшыня грамадзкага аб’яднаньня фэрмэраў з Магілёўшчыны Павал Латышкевіч. Ён, аднак, непакоіцца за лёс сяўбы азімых, калі сьпёка захаваецца і надалей:

«Вядома, для карнявых культур шкода ёсьць: вільготнасьць патрэбная для гародніны, для капусты. Але пра сур’ёзныя страты казаць пакуль рана. Будзем спадзявацца, што ўсё ўнармалюецца і сяўба таксама пройдзе нармальна».

Уборка збожжавых культур у Беларусі завершаная на 70% плошчаў, і ўжо сабрана каля 7 мільёнаў тон, дзякуючы ў тым ліку і сьпякотнаму надвор’ю, паведамляюць у кіраўніцтве Міністэрства сельскай гаспадаркі. Кіраўнік управы расьлінаводзтва Андрэй Занеўскі, у прыватнасьці, пра пэрспэктывы сёлетняга ўраджаю выказваецца цалкам аптымістычна:

«Надвор’е спрыяе: нізкая вільготнасьць зерня, ня трэба дасушваць — эканомія. Гаспадаркі, якія спэцыялізуюцца на гародніне, маюць палівальныя ўстаноўкі. З караняплодамі ёсьць, вядома, пытаньні, але казаць пра нейкую крытычную сытуацыю пакуль рана. І такіх зьвестак, што штосьці дзесьці загінула, мы таксама ня маем».

Эканаміст Міхась Залескі кажа, што прагназаваць посьпехі ці страты сельскай гаспадаркі Беларусі складана з тае прычыны, што вынік не адпавядае ўмовам рынку, незалежна ад надвор’я:

«Праблема ў тым, што на ўнутраным рынку сельская гаспадарка не працуе ў рынкавых умовах, а структура вытворчасьці не натуральная і не адпавядае патрэбам рынку. Таму для прагназаваньня ўмовы складаныя. Але я не разумею праблемы: такое надвор’е ў Беларусі здараецца з пэўнай пэрыядычнасьцю. Яшчэ пацерпім з тыдзень — дый пойдуць дажджы. А ўвогуле ўсё залежыць ад гаспадара: у добрага гаспадара будзе ўраджай і пры дрэнным надвор’і, а ў кепскага — і пры добрым нічога ня будзе».

XS
SM
MD
LG