Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны хочуць, каб ва Ўкраіне не было міру і спакою»


Аляксандра Фішэль

Аляксандра Фішэль

Ня верце расейскай прапагандзе і ня дайце сябе ўцягнуць у вайну, заклікае беларусаў жыхарка Кіева, габрэйская актывістка Аляксандра Фішэль.

Украінцы, заяўляе яна, цяпер бароняць цэласнасьць свайго краю і эўрапейскі шлях разьвіцьця. У Магілёў Аляксандра Фішэль прыехала, каб перадаць свае навыкі апісаньня габрэйскіх пахаваньняў ды пазнаёміцца зь мясцовым досьведам у гэтай справе. На гутарку з журналістам Свабоды яна пагадзілася без асаблівых ваганьняў. Тым ня менш урэшце запытала, ці зможа яна прыехаць у Беларусь пасьля публікацыі...

У Кіеве зьнешне не адчуваецца вайны, — з гэтых словаў пачала свой аповед пра цяперашняе жыцьцё ў сталіцы Ўкраіны Аляксандра Фішэль. Усё нібыта як у мірны час — людзі занятыя сваімі справамі, ходзяць па вуліцах, адпачываюць. Але калі пільней угледзецца, то «фронт побач».

Калі раней гэта ўсё называлася антытэрарыстычнай апэрацыяй, то цяпер кажуць, што гэта вайна з Расеяй

«Так, менавіта фронт. Калі раней гэта ўсё называлася антытэрарыстычнай апэрацыяй, то цяпер кажуць, што гэта вайна з Расеяй, — даводзіць госьця з Кіева. — У нас няма ўспрыняцьця, што гэта грамадзянская вайна. Ёсьць такое адчуваньне, што некаму выгадна, каб гэты канфлікт пастаянна гарэў, паколькі з боку расейскай мяжы ідзе няспыннае падмацаваньне сэпаратыстам. Пачуцьця, што гэта ўсё хутка скончыцца, ні ў кога няма. Пакуль мы ня дойдзем да мяжы і яе не перакрыем, то спакойнай зоны там ня будзе».

Разьвязаная супраць Украіны вайна спарадзіла ўздым патрыятызму, і ня толькі сярод украінцаў, зазначае Аляксандра.

«Сярод маіх сяброў шмат хто гаворыць прынцыпова толькі па-ўкраінску. Сярод іх багата габрэяў, — адзначае суразмоўніца. — Але ж мова — гэта тое, з чаго лёгка распальваць канфлікты. Пры гэтым вы ж разумееце, што той, хто бярэ ў рукі зброю, — ён імкнецца не да дзяржаўнай расейскай мовы. Ён хоча нечага большага».

Той, хто стаіць за распальваньнем канфлікту ва Ўкраіне, зацікаўлены, каб у ёй не было спакойна, каб ва Ўкраіне зьявілася свая «прыднястроўская рэспубліка», выказвае думку Аляксандра. Ім патрэбныя, кажа яна, палітычныя рэйтынгі, прасоўваньне ваеннага бізнэсу, за якім вялікія грошы.

У нас цяпер складанае стаўленьне да Расеі. Да той Расеі, якая ня можа ўбачыць таго, што адбываецца насамрэч. Мы ня хочам разрываць сувязяў з Расеяй, пры гэтым ва Ўкраіны павінен быць свой шлях разьвіцьця

«Зь леташняга лістапада мы ў дужа нэрвовым стане. Нават тыя рэгіёны, якія не ахопленыя вайной, у напружаньні. Акрамя ўсяго, вайна не дае нам хутка ўступіць у Эўразьвяз. Ніякай Эўропе не патрэбны праблемны рэгіён. Мы павінны захаваць цэласнасьць краіны, — высноўвае кіяўлянка.

«У нас цяпер складанае стаўленьне да Расеі. Да той Расеі, якая ня можа ўбачыць таго, што адбываецца насамрэч. Мы ня хочам разрываць сувязяў з Расеяй, пры гэтым ва Ўкраіны павінен быць свой шлях разьвіцьця. І калі Расея не гатовая з гэтым мірыцца, то тут праблемы ў самой Расеі».

У Кіеве і ягоных ваколіцах дужа шмат уцекачоў з акупаванага Крыму і ўсходніх раёнаў Украіны, дзе вядуцца ваенныя дзеяньні, даводзіць Аляксандра. Імі заселеныя санаторыі і дамы адпачынку. Паводле суразмоўніцы, усе дапамагаюць, хто чым можа, уцекачам — і ня толькі ім.

«Дужа шмат сямей у Кіеве, якія прымаюць уцекачоў і з Усходу, і з Крыму. У бальніцах, пры цэрквах зьбіраюць для ўцекачоў рэчы і харчы. Гэтак жа сама зьбіраюць і ў войска. Вайскоўцам зьбіраюць проста па вёсках. Кожны жыхар вёскі ведае, колькі чалавек служыць зь ягонай вобласьці, колькі сабралі бульбы на фронт».

Цяпер усе настроеныя на тое, што Ўкраіна цэлая, непадзеленая ўступае ў Эўропу. Ніхто не чакае, што адразу будзе ўсё добра

Аляксандра заўважае, што ёсьць у Кіеве і іншая група ўцекачоў: «Гэта расейцы, якія ўцякаюць з Расеі, бо ня хочуць жыць пры цяперашнім рэжыме, — тлумачыць кіяўлянка. — На знак пратэсту яны хочуць перабрацца да нас і атрымаць украінскае грамадзянства. Гэта не такая ўжо масавая зьява, але ўсё ж зьява».

У адрозьненьне ад Расеі, лічыць Аляксандра, Беларусь прымае выбар Украіны. Беларусам жа, на ейную думку, ня варта паддавацца на расейскую прапаганду і дэзінфармацыю. Старацца быць аб’ектыўнымі, а яшчэ — ня ўвязвацца ў канфлікт: «Яшчэ не хапае беларусаў уцягнуць у гэты страшны канфлікт», — засьцерагае госьця з Кіева.

Паводле яе, Украіна абрала эўрапейскі шлях разьвіцьця, і ён, прызнае Аляксандра Фішэль, будзе няпросты:

«Цяпер усе настроеныя на тое, што Ўкраіна цэлая, непадзеленая ўступае ў Эўропу. Ніхто не чакае, што адразу будзе ўсё добра. Для нас гэта шлях прынцыпова новы, і калі параўноўваць узровень жыцьця на Захадзе і Ўсходзе, то ў нас перакананьне, што гэты шлях слушны».

XS
SM
MD
LG