Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелы ад дзеяньняў Бандарэнкі блытаецца ў паказаньнях


Артур Яворскі

Артур Яворскі

У Кастрычніцкім судзе Менску працягваецца працэс па справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якому пагражае да 10 гадоў зьняволеньня нібыта за злоснае хуліганства.

4 жніўня ў суд зьявіўся пацярпелы Артур Яворскі, якога не было зь невядомых суду прычын ад пачатку працэсу. Артур Яворскі — беспрацоўны, раней быў судзімы. У справе Бандарэнкі сьледзтва прызнала Яворскага пацярпелым.

5 лютага побач з кавярняй «Старажытная легенда» Бандарэнка нібыта ўдарыў Яворскага, пасьля таго як той папрасіў у праваабаронцы цыгарэту. «Я яго не абражаў, прычыны для канфлікту не было», — казаў Артур Яворскі. Аднак пасьля таго, як суд заслухаў паказаньні пацярпелага, да Яворскага ўзьнікла шмат пытаньняў — у тым ліку і з той прычыны, што гэтыя паказаньні значна адрозьніваліся ад таго, што ён казаў адразу пасьля канфлікту ў міліцыі і потым на сьледзтве.

Так, экспэртыза выявіла ў пацярпелага, акрамя сьлядоў удару ў сківіцу, яшчэ і выцятае месца зьлева на лбе. Між тым пацярпелы казаў у судзе, што падаў пасьля ўдару на правы бок. Як магло ўзьнікнуць выцятае месца на левым баку галавы, Яворскі патлумачыў няпэўна: «Мог няўдала ўпасьці». Адметна, што ў красавіку ў паказаньнях пацярпелы заявіў, што раней усё пераблытаў і падаў насамрэч на левы бок. Калі ён лепш памятаў падзеі 5 лютага, так і засталося незразумелым. Пры адказах на шмат якія пытаньні пацярпелы спасылаўся на траўму галавы.

Між тым гэта не адзінае, у чым суд і абарона абвінавачанага знайшлі супярэчнасьці. Таксама Артур Яворскі блытаўся ў паказаньнях пра тое, як даехаў да міліцыі: на таксі ці проста на спадарожнай машыне. Ці паказвалі яму фатаздымкі Бандарэнкі ў міліцыі? Аказваецца, на ранейшым допыце ён гэта адзначыў, а ў судзе чамусьці забыўся. Блытаніна выявілася і з мабільнікам пацярпелага. У судзе Артур Яворскі заявіў, што з 8 вечара 5 лютага мабільнікам ён не карыстаўся, але насамрэч на ягоны тэлефон прыйшло больш за 20 СМС і галасавых паведамленьняў і ня менш за 4 паведамленьні былі адасланыя зь ягонага мабільніка.

Судзьдзя Ала Абакунчык адхіліла пытаньні да пацярпелага пра тое, хто яму званіў і пра што ішла размова. Маўляў, гэта ня тычыцца справы. Абвінавачаны Бандарэнка заявіў з гэтай прычыны пратэст. «Пацярпелы пасьпеў атрымаць стос СМС, з кімсьці пагаварыць, пабіцца, нібыта паляжаць 20 хвілін без прытомнасьці, заявіць у міліцыю — а мы ня хочам разьбірацца, з кім ён меў кантакты», — абураўся Бандарэнка.

За паседжаньне ў першай палове дня судзьдзя Ала Абакунчык вынесла Бандарэнку некалькі папярэджаньняў, у тым ліку за пярэчаньне і за непадпарадкаваньне суду, і нагадала, што пры сыстэматычных парушэньнях ён будзе выдалены з судовай залі. Андрэй Бандарэнка, у сваю чаргу, заявіў суду, што «на працэсе як ніколі блізка падышлі да заявы аб недаверы судзьдзі». Бандарэнка лічыць, што суд не выяўляе аб’ектыўнасьці і непрадузятасьці. Судзьдзя Ала Абакунчык з гэтым нязгодная. Судзьдзя лічыць, што суд дае магчымасьці ўсім бакам захоўваць свае правы, але пры гэтым яна супроць зацягваньня працэсу.

XS
SM
MD
LG