Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка просіць Лукашэнку не зьмяншаць паставак бэнзіну, мазуту і дызпаліва


Галоўнай тэмай сёньняшняй тэлефоннай размовы паміж кіраўнікамі Ўкраіны і Беларусі сталі пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі ва Ўкраіну.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ён разумее вастрыню гэтага пытаньня, бо ідзе ўборачная кампанія. І таму ён паабяцаў Пятру Парашэнку «аказаць судзеяньне Ўкраіне ў забесьпячэньні яе эканомікі нафтапрадуктамі, нягледзячы на ўнутраныя патрэбы», — перадае БелТА.

«Беларуская нафтавая кампанія» (БНК) — спэцыяльны экспартэр нафтапрадуктаў зь Беларусі — паведаміла сваім украінскім кантрагентам, што ня можа выканаць у поўным аб’ёме пастаўкі паліва ў жніўні.

Беларускі бок спасылаецца на форс-мажор у выглядзе рамонтаў нафтаперапрацоўчых заводаў. Справа ў тым, што рамонт на заводзе «Нафтан», які раней плянаваўся на верасень, перанесьлі на пачатак жніўня. Чакаецца, што ў сярэдзіне жніўня стане на рамонт і Мазырскі НПЗ. А менавіта ён — асноўны пастаўшчык нафтапрадуктаў нашым паўднёвым суседзям.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук так пракамэнтаваў Свабодзе цяперашнюю сытуацыю:

«Цана ўкраінскага рынку нафтапрадуктаў для Беларусі — 4 мільярды даляраў. Менавіта на такую суму мы прадалі бэнзіну, мазуту ды іншых вырабаў з нафты нашым паўднёвым суседзям летась. А сёлета ў гэтым гандлі мы ідзем, як часам кажуць, „апераджальнымі тэмпамі“. Таму ўкраінскі рынак для Беларусі вельмі выгадны. І губляць яго няма ніякага сэнсу.

Звычайна кожны нафтазавод сам вызначае, калі яму станавіцца на прафіляктычны рамонт. Як правіла, вытворчасьць прыпыняецца прыкладна на месяц. Таму нечага надзвычайнага тут няма. Гэта калі глядзець на сутнасьць справы выключна з эканамічнага пункту гледжаньня.

Магчыма, тут ёсьць і палітычны фактар. Ён, вядома, расейскі. І можа азначаць, што Масква ня хоча, каб Беларусь такім чынам дапамагала Ўкраіне.

Але тут трэба ўлічваць, што мы атрымліваем з Украіны 4 мільярды. І ня грыўняў, а самых што ні ёсьць натуральных даляраў. Гэта — жывыя грошы. А ў 2015 годзе, калі палову расейскай нафты мы будзем атрымліваць без унясеньня мыта ў бюджэт Расейскай Фэдэрацыі, то магчымасьці прадаваць нафтапрадукты ва Ўкраіну яшчэ павялічацца. Улічваючы ўсё гэта, я тут бачу больш тэхнічныя, чым палітычныя абмежаваньні. Да таго ж у гандлі з Украінай ёсьць пэўныя дамоўленасьці, якіх ня можа быць з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. Таму такі рынак нельга губляць».

Зрыў абавязаньняў з боку БНК становіцца ўжо традыцыйным, — паведамляе oilnews.com.ua. Летам 2013 году «БНК-Украина» таксама мусіла паведаміць партнэрам пра немагчымасьць выканаць доўгатэрміновыя дамовы. Тады фармальнай прычынай стала аварыя на Мазырскім НПЗ і двухмесячны рамонт гэтага прадпрыемства. БНК паабяцала зьвярнуць увагу на стварэньне рэзэрваў на пэрыяд плянавых рамонтаў, каб цалкам задаволіць сваіх кліентаў. У прыватнасьці, сёлета ўвесну кампанія заявіла, што на Мазырскім НПЗ плянуецца будоўля дадатковага рэзэрвуарнага парку для высокаактанавых бэнзінаў.

Цяжкасьці з пастаўкамі зь Беларусі сталі зьяўляцца яшчэ на пачатку ліпеня ў сувязі з ростам попыту на бэнзін з боку Расеі, якая зазнае традыцыйны ўжо сэзонны дэфіцыт. Паводле беларускіх трэйдэраў, расейскія давальцы, якія займаюць 50% у аб’ёме беларускай перапрацоўкі, цалкам адпраўляюць усе бэнзіны ў Расею. У тым жа кірунку ссоўвае акцэнт і БНК, якая мае абавязаньні наконт вяртаньня нафтапрадуктаў у Расейскую Фэдэрацыю ў рамках пагадненьня па пастаўках нафты.

Паколькі Беларусь займае да 50% у пастаўках сьветлых нафтапрадуктаў, на ўкраінскім рынку пачаў адчувацца дэфіцыт прапановаў, які, верагодна, будзе нарастаць у жніўні. Ужо вядома, што ў жніўні пастаўкі наросьціць НПЗ Orlen Lietuva. У сваю чаргу, незразумелыя пакуль пэрспэктывы паставак нафтапрадуктаў праз мора, якія перакрылі недахоп паліва летам 2013 году.

Сытуацыя на рынку ўскладняецца таксама новым вітком аслабленьня курсу грыўні, што стварае новыя пагрозы трэйдэрам. У сваю чаргу, спрыяльны фактар — ахалоджваньне цэнаў на нафту і нафтапрадукты на зьнешнім рынку.

Нагадаем, што ў сувязі з комплексам фактараў оптавыя цэны на нафтапрадукты ва Ўкраіне ў ліпені ўзрасьлі: на бэнзін А-95 — на 900 грн/т, А-92 — на 550 грн/т, дызпаліва — на 650 грн/т. Рынак характарызуецца крайне нізкай колькасьцю прапановаў.

XS
SM
MD
LG