Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вызваленыя тры чвэрці тэрыторыі, занятай сэпаратыстамі


За час правядзеньня спэцапэрацыі на ўсходзе Ўкраіны тэрыторыя, якая кантралюецца сэпаратыстамі ў Данбасе, паменшылася на тры чвэрці. Пра гэта ў нядзелю паведаміў прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны (СНБА) Андрэй Лысенка. Ён адзначыў, што працягваецца актыўная фаза апэрацыі і ідзе падрыхтоўка да наступу, атачэньня і абясшкоджваньня сэпаратыстаў.

У нядзелю штурмавая група спэцбатальёну «Азоў» зьнішчыла адзін з блёкпастоў сэпаратыстаў пад Данецкам. Як напісаў у Facebook прадстаўнік батальёну, у палон узяты так званы «спэцназавец» ДНР. Сярод сэпаратыстаў — ёсьць забітыя і параненыя, іх колькасьць не прыводзіцца. Страт сярод байцоў «Азова» — няма, гаворыцца ў паведамленьні.

Па дадзеных прэс-службы Данецкай гарадзкой рады, у самым Данецку ў цяперашні час баявыя дзеяньні не вядуцца, аднак агульная сытуацыя ў горадзе застаецца напружанай. Энэргетыкам яшчэ не атрымалася падключыць усе трансфарматарныя станцыі, пашкоджаныя ў суботу.

Прадстаўнік штабу спэцапэрацыі Аляксей Дмітрашкоўскі ў нядзелю паведаміў у эфіры «5 каналу», што з зоны баявых дзеяньняў у Луганскай вобласьці днём раней былі эвакуяваныя 321 чалавек, у тым ліку дзевяць дзяцей. Калідор, па якім жыхары могуць выехаць з гарадоў, дзе ідуць баі, адкрыўся 28 ліпеня. Як адзначае «Украінская праўда», людзей вывозяць з Луганску ў горад Шчасьце.

Прэс-цэнтар спэцапэрацыі таксама паведамляе, што на падставе інфармацыі, атрыманай апэратыўнай групай СБУ, затрыманыя больш за 300 чалавек, якія выкарыстоўваліся сэпаратыстамі ў якасьці наймітаў. Сярод затрыманых — 11 грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі ды іншых краінаў.

XS
SM
MD
LG