Лінкі ўнівэрсальнага доступу

То ў Сталінград, то ў манастыр... Хто такі Пуцін?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У нашай «саюзнай дзяржаве» два начальнікі. Адзін езьдзіць па калгасах і каўбасных цэхах, другі не сыходзіць з вокладак сусьветнай прэсы. Першы дбае пра страўнік народны, другі – пра душу.

Беларусы штодня накідваюцца на ягоныя тэлеканалы, багомяць свайго героя і вераць яму так, як ня вераць самім сабе. Калгасы і каўбасныя цэхі надакучылі ў тэлевізары, людзям беларускім таксама чагось душэўнага карціць. Яны любяць Пуціна, хоць і не ўсьведамляюць завошта.

Але ў мяне, калі шчыра, нэўтралітэт. Вокладкі з Пуціным: слоў няма, каляровыя, кідкія, правакацыйныя, як у поп-зоркі. Аднак цягне яго ў духоўнасьць не папсовую. У праваслаўе, у партыйнасьць і народнасьць, у «веру, цара і айчыну». Шлях гэты камяністы, зь цернямі. Але я кажу: у мяне беларускай любові да гаспадара Крамля няма. Як на мяне, нашу «саюзную дзяржаву» хістае, як пасьля бутэлькі. Заманулася нядаўна Сталіна асьвяжыць, вярнуць гораду на Волзе яго імя. Але дарадцы ў Крамлі мабыць далі сьціплы прагноз: папулярнасьць Пуціна папаўзе ўверх, але не падскочыць. А патрэбны новы выбуховы рост лічбаў! І горад Сталінград зноў паклалі пад сукно.

Пагатоў дапускаў Сталін памылкі, перагінаў палку. У Маскве зруйнаваў два манастыры за мурамі Крамля, пабудаваўшы гаспадарчы корпус. Праўда, усе пра тое забыліся. Але Пуцін учора ўзяў ды асьвяжыў у народнай памяці. Каб адштурхнуцца ад Сталіна-бякі. Той разбурыў, а ён, Пуцін, зараз адбудуе ўсё назад! Пісьменьнік Ерафееў даволі зьедліва пракамэнтаваў: у адным з манастыроў у ХІV стагодзьдзі манахі зварылі першую рускую гарэлку, сапраўды важнае месца.

Манастыры, кажа Пуцін, трэба вярнуць на месца, каб узмацніць турыстычную прывабнасьць Крамля. Але хто яго, Пуціна, ведае, ці патрэбны яму турысты? Усякія палякі ды іншыя галяндцы? Якія яго ня любяць. Можа проста хоча чалавек мець куды перад плянёркай ды ў абедны перапынак зайсьці памаліцца, замаліць грахі. Пакуль ён будзе манастыры ўзарваныя Сталіным аднаўляць, рускія рабяты за кардонам, у Данбасе малоцяць з «градаў» і гаўбіц па жылых кварталах і па царкоўных купалах таксама, паляпшаюць рускі мір, мове, на якой «Ленін размаўляў», даюць уздыхнуць на поўныя грудзі.

Я калі бачу на ю-тубе, як Пуцін «истово крестится» ў гасьцях у ранейшага папы Рымскага і цалуе божаньку на абразе, то ўспамінаю няўрокам Станіслаўскага – «ня веру!» Усё ж нават у краінах з моцнымі традыцыямі веры, палітыкі прылюдна не жагнаюцца і не цалуюць прадметы культу. Гэта – асабістае, а царква і дзяржава – паводле канстытуцыі існуюць асобна. Але вось Пуцін любіць сваю «ўцаркоўленасьць» прадэманстраваць шырокім глядацкім масам. Хаця, няхай: ён жа як поп-зорка. Урэшце мы жывем у часы постмадэрнізму. Ці я штосьці пераблытаў? У любым разе для літаратара можа быць выдатнай знаходкай: людзі з крыжам у адной і з наганам Дзяржынскага ў другой руцэ. Сам такога не прыдумаеш.

Ну, але манастыр адбудаваць значна лепшая справа, чым ламаць было. Трэба падтрымаць! Тым больш зьяўляецца новая магчымасьць пстрыкнуць па носе нелюбімых палякаў. Яны яшчэ ў савецкія часы нахабна ў ААН спрабавалі даказаць, што польская гарэлка была першай, а ня руская, і патэнт атрымаць. Палітбюро зь цяжкасьцю ўтрымала правы. А цяпер можна будзе рэчавыя доказы прад’явіць нарэшце: вось вам Чудаў манастыр, шыльда – «ХІV стагодзьдзе», вось вам гарэлачны апарат і манахі побач, якія захавалі старажытны рэцэпт. Сталін у гэтым нічога не разумеў, а Пуцін разумее.

Дык хто ж ён такі, «два Валодзі ў адным»? Зьбяруцца Абама, Кэмэран і Мэркель і галовы ламаюць… А ён проста круты пацан, але самага высокага пашыбу! І сёньня нарэшце прыйшоў ягоны час. Як жа яго раздражняў раней Буш-юніёр: ранча, стэтсан, ласо, каўбойскія замашкі! Больш не відно юніёра, зьнік. І яны там хіба ня бачаць, не разумеюць, што сёньня сапраўдны каўбой ён, Пуцін?! Белы чалавек менавіта, бо, скажам, афраамэрыканец каўбоем быць ня можа, як добра вядома. Герой вэстэрнаў Пуцін, які зрабіў сам сябе, чым ганарыцца. Толькі замест кольта родны наган.

Няхай брэшуць, што Расея ніколі раней сама не жыла па-людзку, але галоўнае – іншым не давала, прывыкла ў гісторыі жыць на каленях або ставіць на калені іншых, сваіх суседзяў. Няхай плявузгаюць, што гэтак званымі добрымі намерамі брукуецца дарога ў пекла, што царскія дарункі Пуціна рускім абяртаюцца горам і сьмерцю для ўкраінцаў. Няхай. Ён верыць у сваю жыцьцёвую моц, якую ён перадае ўсёй Расеі, яе насельніцтву.

Хілары Клінтан напісала ў кнізе ўспамінаў аб размове зь ім: «Пуцін расказаў аб тым, як ягоны бацька, які змагаўся на Ленінградзкім фронце, атрымаў звальненьне дамоў і ўбачыў, як каля іхнага дому закідаюць у грузавік складзеныя штабелем трупы памерлых ад голаду жыхароў. У гэтым грудзе ён апазнаў жонку – па ботах на нагах – і запатрабаваў, каб яе аддалі яму»... Напэўна, каб пахаваць. Але яна нечакана аджыла. Каб значна пазьней, за паўгода да сьмерці Сталіна нарадзіць галоўнага начальніка нашай «саюзнай дзяржавы». Дзеля чаго ён расказвае замежным начальнікам такую непамысную гісторыю? Напэўна, каб давесьці сваю надзвычайную вітальнасьць, што ён сапраўдны каўбой, толькі «ленінградзкі».

Напэўна расказчыку няўцям, што такая гісторыя (няважна – выдуманая яна ці сапраўдная) можа выклікаць у слухача ці чытача адваротныя адчуваньні: каб жа ня стаць чалавеку з такім багажом злавесным пэрсанажам у гісторыі, рускай у тым ліку, а ня спрытным, станоўчым з ног да галавы каўбоем, з крыжам за пазухай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG