Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 жніўня: «Жыць без ілжы»


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Беларуская чыгунка адзначыць сваё прафэсійнае сьвята – Дзень чыгуначніка.

Касьцёл Сьвятой Тройцы ў Зэльве адзначае свае 100-я ўгодкі. Сьвяточная імша распачнецца ў 10.00. Пасьля імшы дзеці і моладзь парафіі выступяць з інсцэніраваным прадстаўленьнем аб гісторыі Зельвенскай парафіі і касьцёла.


ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1492 – пачалася першая экспэдыцыя італьянскага мараплаўца Хрыстафора Калюмба. Ён хацеў адкрыць найкарацейшы марскі шлях з Эўропы ў Індыю. Але ў выніку экспэдыцыя адкрыла Амэрыку.

1923 – у Менску нарадзіўся падпольшчык Мікола Кедышка. У часе вайны ён разам зь сябрамі стварыў падпольную групу «Андруша». Яны рабілі дывэрсіі на гарадзкой электрастанцыі і хлебазаводзе. Загінуў Кедышка ў баі з гітлераўцамі, якія напалі на явачную кватэру. У Менску імем падпольшчыка названая вуліца.

1933 – адбылося Кобрынскае сялянскае паўстаньне. Падбухтораныя кампартыяй Заходняй Беларусі, 100 сялянаў Кобрынскага павету, узброіўшыся, разграмілі некалькі сядзібаў асаднікаў і цэлую ноч трымалі ў аблозе паліцэйскі пастарунак у вёсцы Навасёлкі. Назаўтра ўлады разагналі паўстанцаў. 30 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

1992 – Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны зь Нігерыяй.

1994 – Аляксандар Лукашэнка ўпершыню ў якасьці прэзыдэнта Беларусі наведаў расейскую сталіцу. Ад прыхільнасьці расейскага кіраўніцтва залежала будучыня ягонага прэзыдэнцтва. Тагачасны расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін паабяцаў дапамагчы Беларусі «парадаю і грашыма». «Яны гаварылі са мной, як з роўным. Я рады, што Расея зразумела і падтрымала мяне», – дзяліўся Лукашэнка сваімі ўражаньнямі.

2008 – памёр пісьменьнік і дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Аляксандар Салжаніцын. У лютым 1974 году Салжаніцын быў высланы з СССР. Жыў у Швэйцарыі, потым у ЗША. У 1994 годзе вярнуўся ў СССР. Выступаў у падтрымку палітыкі Ўладзімера Пуціна.

«Мы так безнадзейна расчалавечыліся, што за сёньняшнюю нішчымную кармушку аддамо ўсе прынцыпы, душу сваю, усе намаганьні нашых продкаў, усе магчымасьці для нашчадкаў — толькі б не разладзіць свайго лядачага існаваньня. Не засталося ў нас ані цьвёрдасьці, ані годнасьці, ні сардэчнага гарэньня. Мы нават усеагульнай атамнай сьмерці не баімся, трэцяй сусьветнай вайны не баімся (можа, у расколінку схаваемся), — мы толькі баімся крокаў грамадзянскае мужнасьці! Нам толькі б не адбіцца ад статку, не зрабіць кроку паасобку — і раптам аказацца бязь белых булак, бяз газавай калёнкі, без маскоўскай прапіскі».

Аляксандар Салжаніцын, «Жыць без ілжы», пераклад Сяргея Дубаўца.

У гэты дзень нарадзілася:

1986 – Дар’я Домрачава, беларуская біятляністка.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Адна на ўсіх. З жніўня 1950 папа Пій ХІІ абвясьціў абстрактнае мастацтва амаральным

XS
SM
MD
LG