Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 2 жніўня: Беларускі шансон «Пад ліпамі»


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Фэстываль беларускага шансону і аўтарскай песьні «Пад ліпамі» на хутары Вайцюшкі (вёска Васілевічы каля Бярозаўкі ў Гарадзенскай вобласьці). У двухдзённай імпрэзе возьмуць удзел Віктар Шалкевіч, Тацяна Беланогая, Георгі Дабро, Сяргей Пукст, Зьміцер Бартосік, Андрэй Мельнікаў і Зьміцер Вайцюшкевіч (гаспадар на хутары).

Мастацка-рамесны фэст «У княстве Лепельскага Цмока» ў аграсядзібе Поўсьвіж у Лепельскім раёне.

Малявальная акцыя на беразе Камсамольскага возера (насупраць гатэлю «Вікторыя») у Менску. Арганізатары акцыі прапануюць усім ахвотным далучыцца да маляваньня на 10-мэтровым палатне, якое будзе ўстаноўлена на некалькіх мальбэртах. Пачатак а 11.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1840 – указам расейскага імпэратара спынена дзеяньне Статуту ВКЛ на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрняў.

1914 – расейскі імпэратар Мікалай ІІ сваім маніфэстам абвясьціў аб вайне зь Нямеччынай.

1914 – у Баранавічах разьмешчаная Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сілаў Расейскай імпэрыі.

1990 – войскі Іраку ўварваліся ў Кувэйт.

У гэты дзень нарадзіліся:

1549 – Мікалай Радзівіл Сіротка, вялікалітоўскі дзяржаўны дзяяч, падарожнік, мэмуарыст. У 1582-1584 зьдзейсьніў падарожжа ў Ерусалім. Убачанае і перажытае ён запісаў у эпічнай «Пэрэгрынацыі, або Паломніцтве ў Сьвятую зямлю», якая ўпершыню выйшла ў сьвет на лаціне ў 1601 годзе.

«І так года Гасподняга 1582 распарадкаваўшы мой дом і склаўшы тэстамэнт (бо вярнуцца на айчыну я болей не спадзяваўся), у жніўні паехаў я ў Горадзен да караля Сьцяпана, каб яму пра падарожжа паведаміць і адразу з ім разьвітацца. Ён усяляк адгаворваў мяне ад таго, раючы, каб я лепей у Рым ехаў, чым з такім слабым здароўем у такую небясьпечную дарогу пускаўся. Але калі я адказаў, што ўжо гэтак я канечна ўчыніць пастанавіў, і ад таго адмовіўшыся гнеў Гасподні наклікаў бы на сябе, і людзкім языкам даў бы нагоду, і рэпутацыі сваёй мог бы пашкодзіць; дык ён як мог намаўляў мяне, каб я хоць праз Канстантынопаль ехаў, абяцаючы ўсяляк старацца пра тое, каб я бясьпечна мог намер свой выканаць. Атрымаўшы ў караля дазвол, вярнуўся я ў Нясьвіж, дзе было ўжо ўсё гатова, і, Найсьвяцейшыя таемствы прыняўшы, у імя Гасподняе 19 дня верасьня года Гасподняга 1582 выправіўся ў дарогу».

Мікалай Радзівіл, «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асьветленага князя ягамосьці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую зямлю» (пераклад Сяргея Шупы).

1990 – Наста Дашкевіч, беларуская моладзевая дзяячка, намесьніца старшыні «Маладога Фронту».

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Як усё было. 2 жніўня 1894 у брытанскім часопісе «Nature» упершыню паведамляецца пра ўспышкі на Марсе.

XS
SM
MD
LG