Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стадыён «Дынама» як палітычна нядобранадзейны аб’ект


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Неяк незаўважна адбылася падзея — на мой погляд, знакавая для Менску, увогуле Беларусі, яе гістарычнай памяці і сымболікі. Стадыён «Дынама» спыняе сваё існаваньне як галоўная спартовая арэна краіны. Паводле ўказу прэзыдэнта № 357 ад 18 ліпеня «Аб рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу ў г. Менску», «новы нацыянальны стадыён» плянуецца пабудаваць у межах Партызанскага праспэкту, вуліц Ванеева і Даўгабродзкай.

Ня будзем цяпер акцэнтаваць увагу на тым, што сталіца эўрапейскай дзяржавы некалькі гадоў пазбаўлена стадыёну, дзе можна было б праводзіць міжнародныя футбольныя матчы. Гэта рэдкая сытуацыя, якая паказвае сапраўднае стаўленьне ўладаў да футболу — спорту № 1 у сьвеце. Але, уласна кажучы, я не пра гэта. Увогуле не зусім пра спорт.

Два гады таму Аляксандар Лукашэнка даў загад зладзіць рэканструкцыю менскага стадыёну «Дынама». Паводле беларускай традыцыі чыноўнікі ўрачыста выйшлі на суботнік, рабілі дэмантаж інфраструктуры, іхнюю ўдарную працу паказалі па ТБ. Гэты факт павінен быў азначаць, што рэканструкцыя «Дынама» — прыярытэтны дзяржаўны праект.

Але на гэтым усё і скончылася. Бо раптам Лукашэнка перадумаў. Паводле прэзыдэнцкага ўказу «Аб рэканструкцыі комплексу аб’ектаў стадыёну „Дынама“», прадугледжана перапрафіляваць яго ў лёгкаатлетычную арэну «з захаваньнем магчымасьці правядзеньня футбольных матчаў». Бо лёгкаатлетычны і футбольны стадыён — гэта, як кажуць у Адэсе, дзьве вялікія розьніцы.

Інакш кажучы, стадыён «Дынама» ператвараецца з галоўнай спартовай арэны Беларусі проста ў гістарычны помнік. Як звычайна, без уліку думкі спартовай грамадзкасьці.

Стадыён «Дынама» — гэты адзін з сымбаляў пасьляваеннай Беларусі. Зь ім зьвязаныя значныя падзеі ў спартовым і грамадзкім жыцьці БССР і ўжо незалежнай беларускай дзяржавы. Для некалькіх пакаленьняў спартоўцаў і заўзятараў гэтая арэна — сымбаль посьпехаў, перамог і гонару беларусаў, гістарычная памяць, успамін аб маладосьці. «Дынама» — гэта алімпійскі стадыён, тут праходзілі футбольныя спаборніцтвы Алімпіяды 1980 году. І трыюмф легендарнага менскага «Дынама» 1982 году зьвязаны з гэтай арэнай.

І вось цяпер яе статус прынцыпова паніжаецца. Чаму раптам?

Ніякай загадкі няма. Аляксандар Лукашэнка сам растлумачыў сваё рашэньне. Выступаючы на нарадзе аб праблемах беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» 15 жніўня 2013 году, ён адзначыў: «Нам патрэбны стадыён нармальнага эўрапейскага ўзроўню на 35 тысяч. Узор — маскоўскі „Лякаматыў“. Нават 30 або 28 тысяч хопіць. Але каб гэта быў зручны, спартыўны, нацыянальны стадыён. Давайце пабудуем або на „Трактары“, або на голым месцы каля яго. Тэрыторыя дазваляе. Ня трэба перагружаць цэнтар. Ня трэба цягнуць сюды гэтых гледачоў, каб потым міліцыя іх лавіла. Добра, што яны ў нас спакойныя. Але калі пойдзе, як было ў Маскве? Яны будуць па цэнтры гораду гойсать. Навошта?»

Вось, аказваецца, у чым уся справа! Лукашэнка проста баіцца вялікіх натоўпаў людзей у цэнтры, каля дзяржаўных устаноў, каля будынку сваёй адміністрацыі. Народ у вялікай колькасьці — гэта небясьпека для «народнага прэзыдэнта». А раптам заўзятары, выходзячы з стадыёну, учыняць Майдан! У страху вочы вялікія. Страх усё больш ператвараецца ў важны чыньнік беларускай палітыкі, якая ўсё больш набывае такі кур’ёзны выгляд.

І футбольны стадыён вынесьлі, можна сказаць, саслалі далей ад цэнтру. Як апазыцыю, якую адпраўляюць мітынгаваць на плошчу Бангалор. Дык выходзіць, што вуліцы Ванеева і Даўгабродзкая — гэта спартовы Бангалор.

01.08.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG