Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб перамагчы карупцыю, трэба пачынаць з галавы», — апытаньне ў Горадні


Як вы ацэньваеце барацьбу Лукашэнкі з карупцыяй? Ці меней яе стала за апошнія дваццаць год? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.


Спадар: «Мабыць, стала трохі лепей, бо заядлых папрыціскалі карупцыянэраў. Але каб зусім выкараніць яе, то яшчэ не — гэта трэба зьверху пачынаць зь ёй змагацца. І яшчэ, трэба, каб людзі сярэдняга зьвяна таксама мелі большыя даходы, тады і карупцыі меней будзе».

Спадарыня: «А мне здаецца, што нічога не зьмянілася — злодзея ня выправіш. Дый карупцыя не сярод нас, звычайных людзей, а сярод тых, у каго доступ да яе. Так, карупцыю цяжка выкараніць, але відавочна, што яе і дрэнна выкараняюць, не выпальваюць, як належыць, даруюць. Чаму начальнік нейкай будаўнічай арганізацыі мае дамы на кожнага тату і маму, а мой сын з крэдытаў не вылазіць?»

Спадар: «Сыстэма не зьмянілася, а спробы праз вышэйшыя эшалёны ўлады паўплываць на сытуацыю з карупцыяй малаэфэктыўныя. Сытуацыя наўрад ці зьменіцца без сыстэмных зьменаў у Беларусі: закон павінен быць для ўсіх аднолькавы і павінен распаўсюджвацца аднолькава на ўсіх ад вярхоў да нізоў».

Дзяўчына: «Ня зьменшыш ты карупцыю, калі чыноўнікам даеш заробкі невялікія адносна таго, як ім плацяць у суседніх краінах. Дый чыноўнік усяго баіцца і сам нічога ня можа вырашаць...»

Спадар: «Яе асабліва не відаць, але яна ўсё роўна існуе. Праўда, здаецца, што яе стала трохі меней, бо раней усе пытаньні наагул праз грошы вырашаліся, а цяпер сёе-тое можна і самому вырашыць».

Спадар: «Змагацца зь ёю трэба, а больш яе ці менш... Адкрыта хабар не бяруць, значыцца, напэўна, змагаюцца. А як яно схавана адбываецца, мы ж ня ведаем. А ў іх тэхналёгіі існуюць...»

Ягоная жонка: «Так, меней стала, бо грошы ў адкрытую не пытаюцца і баяцца прасіць».

Карэспандэнт: «А раней прасілі?»

Спадар: «Намякалі, прычым, адкрыта намякалі...»

XS
SM
MD
LG