Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ж мне ня пець, чаму ж не гудзець? Таму што орднунг мус зайн. А ня проста нейкі там парадачак.

Так кажа нам беларуская дзяржава. Хоць гудзі, хоць бігудзі — але толькі тыя, што не супярэчаць дзейнаму заканадаўству, і ва ўсіх на вачах. Мала мець парадак ва ўласнай, своечасова прыватызаванай хаце. Трэба пракантраляваць суседа — раптам у яго нейкая незарэгістраваная мушка ўжо дастала свае забароненыя цымбалкі? Трэба ведаць пра ўсіх усё, бо парадак — гэта інфармаванасьць. Краіна мусіць быць як камунальнае жытло — а калі прыбіральня адна на ўсіх, трэба штодня станавіцца ў чаргу: там заўжды ўсё — у парадку.

Парадак — наогул страшнае слова. Напішаш — і мароз па скуры. Такое адчуваньне, што на цябе толькі што крыкнулі. Гэтыя тры «а», якія стаяць так акуратна, быццам месца для іх падбіраў нейкі пэдант, звар’яцелы аматар сымэтрыі і дысцыпліны. Гэты востры канец, якім так зручна падганяць кагосьці, тыцкаючы ім у сьпіну. Гэты разьлічаны з дакладнасьцю бізуна націск, які вольнаму чалавеку так і хочацца перанесьці на канец слова — а нельга, бо нейкі бардак атрымаецца. Тое, што кожны парадак — гэта і ёсьць бардак, добра замаскаваны сымэтрыяй, нікому не цікава. Нашто парадоксы, калі ты ў парадку. Усё мусіць ляжаць на сваіх месцах. Лепш за ўсё — у самых надзейных. Напрыклад, трунах.

Кожны жыве ў сваім часе: нехта ад Раства, нехта ў рабстве, нехта — у год малпы, або сабакі, або інфузорыі-туфліка. Калі ўлады ў свой час абвясьцілі «Год навядзеньня парадку на зямлі» — ад гэтага патыхнула нейкім фаталізмам. Нейкай такой нечалавечай асуджанасьцю, што ажно хоць вянок пахавальны заказвай. Трэба нам навесьці нарэшце парадак на зямлі, каб легчы ў яе як найхутчэй з пачуцьцём выкананага доўгу — здаецца, на гэта намякала тая дзіўная дзяржаўная ініцыятыва. Так адказны кандыдат у нябожчыкі прыводзіць у парадак свае справы, каб пасьля ягонай сьмерці нашчадкам не давялося плаціць па ягоных рахунках і выпраўляць хібы. Навесьці парадак зьверху, каб потым уніз ніхто ня грукаў з прэтэнзіямі і рэклямацыямі.

Парадак — гэта кантроль. Спрасьціць органам кантролю іхную нялёгкую задачу — такім, на думку дзяржавы, ёсьць доўг кожнага грамадзяніна. І таму калі ты знайшоў нейкую палку — выкінь. Цалкам магчыма, ты ўжо засунуў яе камусьці ў кола. Нават не дакрануўшыся. Каб утварыць непарадак — дастаткова пра яго падумаць. Таму лепш ня думаць наогул. Нашто табе палка — калі ў цябе ёсьць тэлевізар. Ты што — міліцыянэр?

Каб у беларуса ўсё было ў парадку — яму трэба быць прадказальным. Не рабіць рэзкіх рухаў. Паводзіцца так, як ад яго чакаюць. Ня множыць сутнасьці, а рабіць замест гэтага копіі пашпарту. І на ўсё прасіць манаршага, дзяржаўнага блаславеньня. Можна яшчэ і божага — але гэта якраз неабавязкова. Раптам твой бог ня той — ня ўлічаны, не зарэгістраваны, ці проста — бес? Бес парадку. Вось і паляцела к е-мацеры ўся сымэтрыя.

Парадак зроблены з паперы. Вядома, гэта ня толькі ў беларусаў так — у кожнай больш ці менш упарадкаванай, упакаванай у парадак краіне грамадзянін, нібы той смоўж, вымушаны цягаць за сабой свой папяровы дамок, склеены з даведак, выпісак, пасьведчаньняў, рашэньняў, дамоваў, дазволаў... Іначай парсючок ня зможа грызьці бульбачку, пятушок дзяўбці зярняткі, а дзіця равець, як бычок. І нават у павучка забяруць яго кросенцы і здадуць іх у магазін «Канфіскат». Што будзе з самім павучком — і падумаць страшна. Таму ў беларуса, як і ў кожнага чалавека, два дамы: адзін, дзе ён хоча жыць, з тэлевізарам, бардаком і баршчом, і другі, папяровы Дом парадку, дзе ён жыве ў сапраўднасьці. Аднак рэч у тым, што наш папяровы дамок чымсьці нагадвае сабой турму. Адна справа — не заракацца ад такіх установаў, і зусім іншая — цягаць іх паўсюль з сабой, на ўсялякі пажарны. Такі парадак. Пажараўстойлівы.

Пра харошых і добрых людзей у нас дагэтуль яшчэ часам кажуць: «парадачны». «Парадачны малады чалавек» — гэта ня той, у якога ўсё ў парадку, а той, хто ведае, што гэта такое. Ведае, што трэба закусваць. Ведае, што мацюгацца трэба на балконе, а ванітаваць міма дывана. Ведае, што біць нявесту да вясельля — гэта блага. Ведае, што найлепшы парадак — у танкавых войсках. Ведае, што красьці — кепска, але ўзяць тое, што кепска ляжыць — ня грэх. Ведае, што парадак ёсьць парадак, і таму пара жаніцца. А парадачная маладзіца ведае, што парадачных маладых чалавекаў мала, і таму маўчыць у трапачку. Якую ёй падарыла мама — вечная ахоўніца парадку і парадачных адносін паміж парадачнымі людзьмі. Яны могуць ня ведаць, што такое па-нямецку «Ordnung», але што ён мус зайн — не сумняваюцца.

У Беларусі наогул прынята блытаць закон — і парадак. Словы розныя, а ў чым розьніца — мала хто здолее патлумачыць. Можа, яе і няма, той розьніцы, скажуць парадачныя людзі. Парадак усталёўваецца законам — або з адвечнага парадку і паўстае закон? Сапраўды Парадачныя Людзі рэдка пераймаюцца такімі пытаньнямі. Ну і што з таго, што законы ў Беларусі ня дзейнічаюць? Але ж парадак, парадачак, парад, нягледзячы ні на што — ідзець. Ідзець, брыдзець — абмінаючы нас, аматараў цудаў, у якіх адна свабода і мова ў галаве, і іншыя беспарадкі. Непарадачныя мы людзі, аднак. І песьні ў нас нейкія некрасівыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG