Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Больш за палову міліцыянтаў на Данбасе здрадзілі Ўкраіне


Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў

Міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў

Толькі 20-25% супрацоўнікаў праваахоўных органаў у вызваленых раёнах Данбасу засталіся вернымі прысязе на вернасьць народу Ўкраіны.

Каб зрабіць дзеяздольнай украінскую міліцыю на ўсходзе, патрэбныя 20 тысяч супрацоўнікаў — заявіў міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў.

«У вызваленых гарадах больш за 50% асобаў здрадзілі прысязе, якую яны прынялі перад нашай дзяржавай. Калі мы пачалі правяраць, гэтая колькасьць яшчэ павялічылася. Сёньня 20-25% гатовыя да выкананьня прысягі. Такая сытуацыя ў Славянску ды іншых гарадах», — паведаміў Сяргей Чабатар ў эфіры «5 каналу». Паводле Чабатара, цяпер ідзе працэс праверкі асобаў, якія здрадзілі прысязе. Пра гэта пішуць «Украінскія нацыянальныя навіны».

«Мабілізавалі з МУС і іншых абласьцей спэцыяльныя падразьдзяленьні, якія выехалі туды і там ідзе поўная праверка супрацоўнікаў міліцыі па ўсіх напрамках, у тым ліку іх правяраюць на дэтэктары хлусьні», — сказаў Чабатар.

Раней начальнік дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі МУС Валер Боднар заяўляў, што да гэтага часу невядома месцазнаходжаньне траціны складу міліцыі Славянску.

«Прынамсі траціны асабістага складу міліцыі Славянску мы ня можам далічыцца. Мы ня ведаем, дзе гэтыя людзі. Мы не выключаем, што яны адышлі з сэпаратыстамі і цяпер у Данецку», — адзначыў Валер Боднар.

29 ліпеня міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што органы ўнутраных спраў на Данбасе маюць патрэбу амаль у 20 тысячах чалавек для замены дэзэрціраў і здраднікаў.

У Славянску працягваецца праверка супрацоўнікаў міліцыі адносна супрацоўніцтва з баевікамі ДНР, прызнаных ва Ўкраіне тэрарыстамі.

Раней Авакаў заяўляў пра тое, што першы этап праверкі данецкай міліцыі на вернасьць прысязе завяршыўся: звольненыя амаль 600 міліцыянтаў.

«585 атэставаных супрацоўнікаў міліцыі звольненыя. У дачыненьні да большасьці зь іх будуць распачатыя адпаведныя крымінальныя вытворчасьці. Дадатковая праверка праводзіцца яшчэ па 242 супрацоўнікам, якія знаходзяцца доўгі час на бальнічным. Будзе дадзена прынцыповая ацэнка іх адсутнасьці і забесьпячэньню грашыма», — паведамляў кіраўнік МУС.

XS
SM
MD
LG