Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-старшыня Беланафтахіму Жылін адкупіўся ад крымінальнага перасьледу


Ігар Жылін

Ігар Жылін

Ігар Жылін у трохразовым памеры кампэнсаваў шкоду, якую нанес беларускай дзяржаве.

Гэтую інфармацыю паведаміў Аляксандр Лукашэнка на паседжаньні пра ўдасканаленьне заканадаўства па барацьбе з карупцыяй.

Кіраўнік краіны заявіў, што Жылін утрымліваў кватэру за кошт прадпрыемства, а жонку — за кошт дзяржавы.

Інфармацыя пра арышт старшыні канцэрну Ігара Жыліна зьявілася ў інтэрнэце вечарам 2 ліпеня. Паводле крыніцы сайту «Хартыя-97», Жыліна арыштавалі 1 ліпеня і зьмясьцілі ў СІЗА.

Паводле інфармацыі агенцтва БелаПАН, супраць Ігара Жыліна ўсчатая крымінальная справа паводле артыкулу 424 — «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».

Пасольства Расеі ў Беларусі пацьвердзіла Радыё Свабода, што ёй вядома пра затрыманьне Ігара Жыліна.

Пазьней на рэсурсе Tut.by з спасылкай на ўласныя крыніцы была разьмешчаная інфармацыя пра тое, што Жыліна падазраюць у выкарыстаньні службовага мабільнага тэлефона ў асабістых мэтах. Нібыта Ігар Жылін разам з жонкай нагаварылі на 10 тысяч даляраў.


Гл. таксама:

Пасадкі ў Белнафтахіме: Жылін, бяжы!

Яшчэ летась 20 верасьня расейская «Новая газета» апублікавала матэрыял, у якім дырэктар канцэрну «Белнафтахім» Ігар Жылін быў названы асноўным завадатарам калійнай вайны. Выданьне назвала Ігара Жыліна адказным за рэалізацыю схемы «растваральнікаў-разбаўляльнікаў» і беларускім аналягам Ігара Сечына — «дзяржмэнэджэрам, які вызначае правілы гульні ў цэлым сэктары эканомікі». Журналісты «Новой газеты» сьцьвярджалі, што паўнамоцтвы Ігара Жыліна роўныя міністэрскім.

«Схемы, якія ён выкарыстоўваў, цяжка назваць празрыстымі, — выказваў тады сваё меркаваньне расейскі аналітык Аляксей Кузьмін. — Прычым калі вы спрабуеце выкарыстоўваць кіраўніцтва краіны «уцёмную», прыкрываючы свае сьляды, то сытуацыя выходзіць з-пад кантролю».

Ігар Жылін, якому сёлета ў студзені споўнілася 73 гады, родам з расейскага гораду Арджанікідзэ (цяпер Уладзікаўказ). Канцэрн ён узначаліў 4 лютага 2011 году. Да гэтага кіраваў прадпрыемствам «Гродна Азот», а ў 1990–1993 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Расеі. З 2003 году працаваў тэхнічным кансультантам кампаніі «СреднеАзГаз» (Масква), з 2006 году — першым намесьнікам генэральнага дырэктара АТ «Энэрджы Інвэст» (Руставі, Грузія).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG