Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьверты бок трохбаковых перамоваў у Менску


Як паведамляе Белта, кантактная група па Ўкраіне сабралася ў Менску ў поўным складзе. Украіну на перамовах прадстаўляе кіраўнік дабрачыннага фонду "Ўкраіна", другі прэзыдэнт гэтай краіны Леанід Кучма, Расею – амбасадар ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) – афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ Адэльхэйд Тальявіні.

Але паводле самай апошняй інфармацыі Белта, на трохбаковых перамовах прысутнічае і чацьвёрты бок – прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Яшчэ сёньня раніцай прэсавы сакратар спэцыяльнай назіральнай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Майкл Боцюркіў паведаміў агенцтву БалаПАН, што «сустрэча трохбаковай кантактнай групы (дэлегацыі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ) чакаецца ў Менску 31 ліпеня з удзелам прадстаўнікоў сэпаратысцкіх групаў з усходніх абласьцей Украіны».

Гэтую інфармацыю пацьвердзіў у інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА-Новости» прэм'ер-міністар самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандар Барадай. Сёньня раніцай ён казаў, што прадстаўнікі ДНР зьбіраюцца ўзяць удзел у пасяджэньні трохбаковай групы па Ўкраіне, заплянаваным у чацьвер у Менску: «У нейкім выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэньне наагул будзе».

XS
SM
MD
LG