Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бясплатна купацца нельга, за грошы — калі ласка


Платны пляж у Гомелі

Платны пляж у Гомелі

Незвычайна сьпякотнае надвор’е ўсталявалася ў Гомелі ў апошнія дні ліпеня. Сёньня, 31 ліпеня, слупок тэрмомэтра наблізіўся да 35 градусаў.

Гараджане масава пацягнуліся да вадаёмаў. Тым часам гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі выявіў неадпаведнасьць вады патрабаваньням санітарных нормаў на сямі пляжах Гомеля, у тым ліку і ў рабочым пасёлку Касьцюкоўка. А вось за грошы, на платным пляжы, купацца дазваляюць.

Камічная сытуацыя склалася на возеры Дзедна, ці, як яго звычайна называюць, Абкамаўскім возеры. Гэта такая затока на правабярэжжы Сажа паблізу густанаселеных гарадзкіх мікрараёнаў №№ 17 і 18.

Тут адміністрацыя Цэнтральнага раёну ўсталявала папераджальныя шчыты: «Купание в водоёме запрещено! Штраф от 1 до 3 базовой величины».

Адметна, што побач платны пляж «Бора-Бора» камэрцыйнай фірмы — там купацца можна, на дармовым — забаронена.

Гаворыць лекар Канстанцін, які сёньня вольны й адпачывае са сваякамі на «дзікім» пляжы:

«Я лекар. Дзіўная сытуацыя: вадаём адзін, бактэрыі адны і тыя ж. Бактэрыі ўсё адно, гэта платны пляж ці бясплатны. І наагул, як можна ў прыродаахоўнай зоне здаць якісьці ўчастак у арэнду? Па-другое, як можна бераг здаць у арэнду? Па-трэцяе, як можна дазваляць купаньне на адным участку пры агульнай забароне ва ўсім вадаёме? З пункту гледжаньня санітарна-эпідэміялягічнага гэта ня ёсьць правільна».

Маладая маці Аксана прыйшла на пляж з двума малымі дзецьмі. Жыве побач, у 18 мікрараёне:

«Там платны пляж. Напэўна, агітацыя за яго ідзе. У прынцыпе, колькі людзі тут жывуць, столькі ходзяць купацца. Я ня бачу тут нічога такога забароннага. Тут неглыбока, усе сямейныя. Ня п’юць, дэбошаў ня ладзяць. Ратавальнікі дзяжураць».

Аксана кажа, што тры дні таму міліцыя ганяла тут адпачывальнікаў. Людзі абураліся:

«На днях тут ганялі. Усе былі супраць — людзі пратэставалі. Што гэта такое? Чаму на платны адпраўляеце? Арганізуйце тут добры пляж, навазіце пяску. Кабінкі, каб пераапрануцца, ёсьць. Кантэйнэры для сьмецьця стаяць. Можа, часьцей ваду і дно ачышчаць. Людзі сюды ўсё адно будуць ісьці — забараняй ці не забараняй. Гарачыня такая, што дома сядзець немагчыма. У парк ехаць далёка, а тут дзесяць хвіліны хады — і купайся».

Пакуль мы гутарылі, на пляжы зьявіўся міліцэйскі патруль. Сяржант з шарагоўцам нешта тлумачылі жанчыне, якая толькі што выйшла з вады.

Дзікі пляж на возеры Дзедна - без міліцыі аніяк

Дзікі пляж на возеры Дзедна - без міліцыі аніяк

Спрабую высьветліць у старшага патруля, якія прэтэнзіі да купальшчыцы і як наагул забараніць людзям купацца? Не з вады ж іх выцягваць?

Сяржант: «Мы й выцягваем. Прыходзім і робім папярэджаньне. Калі чалавек нахабна зноў лезе ў ваду, мы забіраем яго і складаем адміністрацыйны пратакол».

Тым часам жанчына, зь якой толькі што гутарылі міліцыянты, так і не зразумела, чаму бясплатна нельга купацца, а за грошы — калі ласка:

«Ня можам зразумець прычыну, чаму нельга? Там можна, а тут — нельга».

На тэрыторыі гораду багата жывапісных вадаёмаў, але чыстых мала. Апрача таго, далёка ня ўсе яны абсталяваныя для купаньня. І, відавочна, ня ўсюды можна бяз боязі адпачываць. Да таго ж людзі часьцей за ўсё гінуць менавіта ў неабсталяваных месцах.

Цэнтральны гарадзкі пляж ніжэй па цячэньні ад возера Дзедна — купаюцца ва ўсю

Цэнтральны гарадзкі пляж ніжэй па цячэньні ад возера Дзедна — купаюцца ва ўсю

Улады зьвярнулі ўвагу праваахоўнікаў, што няшчасных выпадкаў на вадзе шмат, а адміністрацыйных штрафаў за купаньне ў забароненых месцах — кот наплакаў. Вось і пайшла міліцыя супольна з пракуратурай і ратавальнікамі ў рэйды папраўляць справу.

Хоць, як лічыць ужо знаёмы нам лекар Канстанцін, і ў гэтай справе патрэбен здаровы глузд:

«Аб’ектыўна ацаніць стан вады. Калі там ёсьць якая кішэчная палачка ў канцэнтрацыі, якая перавышае дапушчальную, забараніць купаньне ва ўсім вадаёме. Калі няма, дазволіць і тут, і там. Але трэба прывесьці ў парадак бераг, і на гэта патрэбныя грошы. Відавочна, займацца гэтым ніхто ня хоча».

XS
SM
MD
LG