Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алену Дубаносаву, жонку мясцовага актывіста прафсаюзу Леаніда Дубаносава, міліцыянты затрымалі на 3 сутак. Яна судзіцца з працадаўцам, аспрэчваючы сваё звальненьне.

На суд не дапусьцілі яе прадстаўніка ад незалежнага прафсаюзу. Паплечнік Леаніда Дубаносава Алег Стахаевіч зьвязвае ціск на гэту сям’ю з актыўнай прафсаюзнай дзейнасьцю і ўдзелам у мясцовых выбарах.

Днямі ў доме Дубаносавых зрабілі ператрус. Леанід кажа, што дагэтуль ня ведае, што шукалі міліцыянты.

Гаспадар дому апавёў, што ягоная жонка судзіцца з былым працадаўцам, мікашэвіцкім прадпрымальнікам Аляксеем Кацубам, які зьвінаваціў Алену Дубаносаву ў растраце грошай ды звольніў:

«Зрабілі рэвізію, лічылі-лічылі... Абвяшчаюць — 76 мільёнаў не хапае... Адкуль гэтыя 76 мільёнаў? То была апошняя рэвізія — усё нармальна было, а то атрымалася — за паўтара месяца 76 мільёнаў...»

Акрамя таго, прадпрымальнік напісаў заяву ў міліцыю аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да былой працаўніцы, якая, на яго думку, завышала кошты на тавар у ягонай краме.

Алена Дубаносава падала на былога працадаўцу судовы пазоў аб незаконным звальненьні і нявыплаце заробку. 30 ліпеня мелася адбыцца першае паседжаньне ў гэтай справе ў Лунінецкім судзе. На суд не дапусьцілі юрыста незалежнага прафсаюзу РЭП Уладзімера Малея, які меўся бараніць правы Алены Дубаносавай. У выніку паседжаньне перанесьлі, а саму спадарыню Дубаносаву пасьля суду затрымалі на трое сутак.

Распавядае Ўладзімер Малей:

Уладзімер Малей

Уладзімер Малей

«Каб даводзіць, што звальненьне ў сувязі зь нястачай было незаконным, у мяне ёсьць шмат падставаў. Для таго каб звольніць паводле таго артыкула, неабходна дакладна вызначыць віну працаўніка. І тады толькі звольніць. А гэтай віны вызначанай няма».

Былы працадаўца Алены Дубаносавай Аляксей Кацуба адмовіўся даць Свабодзе камэнтар адносна таго, як ён бачыць заканчэньне спрэчкі са сваёй былой працаўніцай.

Паплечнік Леаніда Дубаносава Алег Стахаевіч кажа, што нястача грошай у краме выявілася якраз у той час, калі спадар Леанід удзельнічаў у мясцовых выбарах кандыдатам у дэпутаты. Спадар Стахаевіч лічыць, што гэтая справа мае палітычнае адценьне:

Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч

«Ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці для ўсіх відавочным фактам становіцца, што калі супраць кагосьці нечакана заводзяць нейкую справу, то гэта кажа пра тое, што зьявіўся новы чалавек з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй... Усё гэта „танцуе“ яшчэ са сьнежня 2011 году, калі Леанід Дубаносаў браў непасрэдны ўдзел у стварэньні незалежнага прафсаюзу на „Граніце“. У далейшым быў кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету. Ужо падчас выбарчай кампаніі пачалі „заяжджаць“ празь ягоную сям’ю...»

Пры канцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства звольнілі актывістаў БНП Алега Стахаевіча, Мікалая Карышава, Генадзя Паўлоўскага, Людмілу Літвінку, Віталя Пашэчку й Леаніда Дубаносава.

Большасьць са звольненых актывістаў не змаглі знайсьці працы ў родных Мікашэвічах. Леанід Дубаносаў жыў з заробку жонкі Алены. А пасьля таго, як вылучыўся кандыдатам на выбарах, праблемы пачаліся і ў жонкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG