Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 дзён у засьценках Стралкова


Павал Юраў і Дзяніс Грышчук
Павал Юраў і Дзяніс Грышчук

Журналіст Расейскай службы Радыё Свабода Дзьмітры Волчак паразмаўляў з кіеўскім тэатральным рэжысэрам Паўлам Юравым і мастаком Дзянісам Грышчуком, якія 70 дзён правялі ў закладніках у Славянску ў сэпаратыстаў, якімі кіраваў Ігар Стралкоў. Прапануем вам пераклад публікацыі

Павал — ураджэнец гораду Антрацыт Луганскай вобласьці, Дзяніс нарадзіўся ў Данецку. 25 красавіка па шляху з Данецку ў Кіеў яны вырашылі заехаць у Славянск і паглядзець, што адбываецца ў горадзе, захопленым сэпаратыстамі. Неасьцярожна сказанае слова прывяло да таго, што іх схапілі падручныя Панамарова (у тую пару «народнага мэра», пазьней ён быў арыштаваны Стралковым), зацягнулі ў захоплены будынак СБУ і пачалі зьбіваць. У падвалах СБУ, а затым СІЗА гарадзкога аддзелу міліцыі Павал і Дзяніс заставаліся да вызваленьня Славянску ўкраінскімі войскамі. Увесь гэты час пра іх лёс нічога не было вядома. Ліст з просьбай іх адпусьціць падпісалі расейскія тэатральныя дзеячы — Яўген Міронаў, Ксенія Рапапорт, Аляксандр Калягін, Валеры Фокін, Міхаіл Парэчанкаў, Кірыл Сярэбранікаў, але іх зварот, як і многія іншыя, застаўся без адказу. Зараз Павал і Дзяніс праходзяць у Кіеве курс псыхалягічнай рэабілітацыі і аднаўляюць здароўе. Паўлу патрэбная апэрацыя — у падвале СБУ яму зламалі нос.

Павал Юраў і Дзяніс Грышчук распавялі Радыё Свабода пра тое, як кароткае падарожжа ў Славянск абярнулася для іх кашмарам, які працягваўся больш за два месяцы.

Грышчук: Усё пачалося ў кавярні, куды мы зайшлі паесьці. Там былі журналісты і мясцовыя жыхары. Мы глядзелі навіны на пляншэце, і жанчына спытала, якія навіны. Мы ёй адказалі. Магчыма, нешта сказалі, што выдала нашу прыхільнасьць адзінай Украіне, ужо не памятаю. І яны пачалі на нас крычаць: «Бандэраўцы». Мы ім паказалі пашпарты, сказалі, што мы жыхары гэтага рэгіёну. Яны сказалі, што мы іх купілі, крычалі на нас. Мы сабраліся і сышлі. Мэтраў праз трыста падышлі людзі са зброяй, сказалі, што мы затрыманыя па загадзе мэра, і павезьлі нас у СБУ. Да 9 траўня трымалі нас у СБУ, у склепе, а потым перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

РС: Вас падазравалі, як і ўсіх, што вы ўдзельнікі «Правага сэктару» ці нейкія шпіёны з Кіева? Часта дапытвалі?

Грышчук: Яны па-рознаму гэта называлі: «Правы сэктар», каардынатар Майдана. Знайшлі ў мяне відэа з Майдану, калі ён толькі пачынаўся, лістапад-сьнежань. Знайшлі адзін кантакт ў тэлефоне харкаўскага Эўрамайдану — гэта іх вельмі абурыла. Яны бачылі шпіёнаў абсалютна ў кожным, хто ня быў зь імі. Нават тых, хто ў іх, падазравалі. Вакол ворагі, вакол «правасекі», вакол майдановцы; зараз бандэраўцы прыйдуць, нас усіх пазабіваюць. Адзін раз 26 красавіка дапыталі мяне,

Яны бачылі шпіёнаў абсалютна ў кожным, хто ня быў зь імі. Нават тых, хто ў іх, падазравалі. Вакол ворагі, вакол «правасекі», вакол майдановцы; зараз бандэраўцы прыйдуць, нас усіх пазабіваюць

я ім расказаў усё, што ведаў. Яны пайшлі правяраць інфармацыю, нічога не знайшлі, відаць. Больш яны мяне ні пра што не пыталіся.

РС: Ніякіх кантактаў з сваякамі, з блізкімі вам не дазвалялі? Чаму? Проста з садызму або ў іх была нейкая рацыя?

Грышчук: Не, катэгарычныя яны былі ў гэтым пытаньні. Мы прасілі іх неаднаразова хоць неяк зьвязацца, яны казалі, што вам забаронена: камусьці можна, а вам нельга.

Юраў: На трэці ці чацьвёрты дзень мы хацелі перадаць запіску сваім блізкім: таварыша аднаго павінны былі выпусьціць, мы яму далі нумар тэлефона, каб нашы сябры папярэдзілі родных, што мы ў парадку і знаходзімся ў СБУ. Ахоўнікі вылічылі, нас потым 12 гадзінаў за гэта білі. Яны вельмі шмат прыдумалі шпіёнскіх гульняў. Хтосьці баяўся, што мы сапраўды з кімсьці зьвязаныя і можам перадаць нейкую інфармацыю.

РС: Гэта тады вам зламалі нос?

Юраў: Нос зламалі — гэта быў першы ўдар, калі нас завялі на тэрыторыю СБУ, пачалі складаць сьпіс рэчаў, і тут жа я атрымліваю ў нос. Пачынае капаць кроў, у мяне шок. Потым нас адцягваюць у гараж, там білі рукамі, нагамі, па галаве, па корпусе. Дзянісу парэзалі руку — ня ведаю, выпадкова ці не. Паклікалі нейкага медбрата, ён з аднаго боку перакісам апрацоўвае яму руку, а з другога боку яго б’юць па рэбрах. Мне сапраўды гэтак жа ўстаўляюць тампоны ў нос, каб кроў не капала, і працягваюць у сьпіну штурхаць. Запалохвалі ўсяляк: гэтыя ўсе прыколы з адразаньнем вушэй. Казалі, што прыйдзе нейкі Гогі і нас згвалцяць, прыдумлялі, што хочуць з нас зьняць штаны. Гэта было ў той вечар, калі нас прынялі і потым спусьцілі ў склеп.

І потым, калі мы хацелі перадаць запіску: гэта была зьмена аднаго таварыша-садыста, які прыходзіў і проста кожныя 15 хвілін біў дубінкай па плячах, па баках, па рэбрах, па каленях. А ўвесь астатні час на працягу тыдня я атрымліваў адзін-два ўдары кудысьці ў корпус, скажам так, прафіляктычна. Нехта спускаўся ў склеп з тых, хто нас прымаў, бачыў знаёмыя твары, тыпу — вы тут яшчэ сядзіце? Атрымаеце. Калі 4 траўня былі пад Славянскам нейкія баі, заскочыў таварыш, пачаў крычаць, што яго камандзіра сёньня забілі, пачаў зьбіваць, там сядзеў таварыш з батальёну «Днепр», яго білі вельмі моцна. Білі так, што ён нават «хадзіў» пад сябе, не прасіўся ў прыбіральню. Пабілі яшчэ аднаго «свабодаўца». Я ляжаў і проста паварушыўся, і мяне стукнулі па рэбрах. А так, каб мэтанакіравана білі, — гэта было два разы.

РС: З турэмшчыкамі была магчымасьць мець зносіны, яны з вамі размаўлялі?

Грышчук: Так, мы мелі зносіны з тымі, хто нас ахоўваў. Яны нас задзейнічалі для ўсялякай бытавой працы. Мы з Пашам разносілі ежу, прыбіралі тэрыторыю ў СБУ, потым у гарадзкім аддзеле фарбавалі вокны, мылі падлогу або камэру. Некаторыя мне нават казалі: мы ведаем, што вы сядзіце ні за што, але прыйдзецца яшчэ пасядзець.

Юраў: Гэта ўся гісторыя мне вельмі нагадвае тэатар. Той жа Стралкоў — ён жа ладзіў рэканструкцыі папярэдніх войнаў. Хлопцы, якія ў нас езьдзілі ў штрафбат, казалі, што яны капаюць акопы, ўмацаваньня ці нешта яшчэ для таго, каб ствараць бачнасьць баявых дзеяньняў. Па сутнасьці, акопы і ўмацаваньні не здольныя кагосьці абараніць і дапамагчы ў вайне. Знаходзячыся ўнутры, мы бачылі іншы бок гэтага страшнага тэатру, які быў зьвернуты да закладнікаў. Мы гэта называлі «несвабодна канвэртуемая валюта Данбасу», гэта значыць людзі, якіх можна на кагосьці абмяняць, якімі можна прыкрыцца, якіх можна ў выпадку чаго ў нейкія дзіркі заткнуць і самому з гэтага атрымаць.

Асноўны кантынгент людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у гэтым руху — гэта басота, гапата, крымінальшчына, былыя мянты, вайскоўцы, людзі, якія ўжывалі цяжкія наркотыкі. Падазраю, што ўсім гэтым кіруюць рускія таварышы, як афіцыйна, так і неафіцыйна. Хоць у нас прамога кантакту

Асноўны кантынгент людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у гэтым руху — гэта басота, гапата, крымінальшчына, былыя мянты, вайскоўцы, людзі, якія ўжывалі цяжкія наркотыкі

зь імі не было і рускай гаворкі я ня чуў: у асноўным гэта былі мясцовыя людзі. Шмат жанчын ім на той момант спачувала. Асноўны інструмэнт маніпуляцыі, які выкарыстоўваюць для арганізацыі гэтага руху, — невуцтва гэтага рэгіёну і няўменьне людзей, якія там знаходзяцца, успрымаць крытычна інфармацыю, неяк яе аналізаваць.

РС: Вы сказалі, што яны ўжывалі цяжкія наркотыкі. Яны прама ў вас на вачах у турме калоліся?

Юраў: Я бачыў людзей у неадэкватным стане. Хлопцы бачылі шпрыцы з пэрвіцінам, усякія інгрэдыенты для вырабу «вінта». Я думаю, што тылавыя ўжывалі, таму што ім няма чаго было рабіць, а тыя, якія на ўсякія вылазкі хадзілі, гулялі ў такой «каунтэрстрайк», калі ён ідзе і думае, што ў яго некалькі жыцьцяў.

РС: Хто яшчэ з вамі сядзеў?

Юраў: Сядзелі людзі, якія проста міма ехалі на машыне, сядзелі людзі, якія прыехалі падтрымліваць гэта ж апалчэньне, проста ў іх не было нейкіх дакумэнтаў, хтосьці быў п’яны, і яго затрымлівалі як падазронага. Справа ад нас сядзеў нейкі крымінальны аўтарытэт з Арцёмаўску, зьлева — мясцовы бізнэсовец-алігарх. Тры дні сядзеў поп, якога ўзялі на барыкадзе п’янага з двума тысячамі быццам бы скрадзеных грошай. Два дні сядзеў амэрыканскі крышнаіт, які кожны дзень сьпяваў мантры. Сядзелі апалчэнцы. Калі нас перавезьлі з СБУ, праз тыдні два пасадзілі чалавека, які нас эскартаваў з СБУ, аднаго з ахоўнікаў, і ён сядзеў да нашага вызваленьня. Сядзелі простыя жыхары.

Схапілі адну жанчыну, якая езьдзіла на машыне, нешта фатаграфавала. Гэтага яны не любілі больш за ўсё і затрымалі гэтую жанчыну, у якой было два пашпарты, расейскі і ўкраінскі, у яе цэлы тыдзень была гістэрыка, яна крычала, біла талеркай аб сьцены, аб дзьверы. У рэшце рэшт нібыта перавялі яе ў Данецк у нейкі псыхіятрычны шпіталь. Сядзелі салдаты ўкраінскай арміі, якіх яны недзе хапалі ў зоне баявых дзеяньняў. Сядзелі журналісты: журналісты і РИА Новости, Russia Тoday, украінскія журналісты. Журналіст Сяргей Лефтэр у склепе СБУ таксама быў.

Грышчук: З намі быў яшчэ Ігар Опра, студэнт з Чырвонага Ліману, ехаў да бацькоў на канікулы, праходзіў міма СБУ, яго затрымалі 2 траўня, і ён разам з намі вызваліўся, Вячаслаў Маланчук са «Свабоды», яго таксама доўга трымалі. Быў мэр Славянску, які быў да Нэлі Штэпы, Валянцін Рыбачук, таксама насупраць нас сядзеў, яны за яго патрабавалі выкуп.

РС: «Народнага мэра» Панамарова, калі яго арыштавалі, да вас не пасадзілі?

Грышчук: Не, яго пасадзілі праз дарогу ў райаддзел міліцыі.

РС: А Нэлі Штэпа дзе сядзела?

Грышчук: У гарсавеце, яны нам так казалі. Атрымаўся такі мэрскі трохкутнік, у кожным будынку па экс-мэру.

РС: Гэта значыць, як у часы сталінізму: кат мог у любую хвіліну стаць ахвярай ....

Юраў: Так. Кожны перасьледуе і свае асабістыя мэты: нехта нешта рабуе, а хтосьці гуляе ў Робін Гуда, зводзіць рахункі з нейкімі людзьмі.

РС: Калі ўлада ў сэпаратыстаў зьмянілася, калі прыбралі Панамарова, вы заўважылі гэтую змену?

Грышчук: Мы былі не дасьведчаныя аб тым, што адбываецца за сьценамі нашай камэры, вельмі мала інфармацыі да нас паступала, таму мы ня ведалі, што кагосьці зьмянілі. Ведалі толькі, каго абралі прэзыдэнтам і калі было перамір’е, яны нам казалі.

Юраў: Асноўную зьмену ў іх настроі я адчуў пасьля таго, як праваліўся рэфэрэндум, калі іх Расія зьліла, тады яны ўжо перасталі быць упэўненыя ў сваёй сіле і пачалі складаць яшчэ больш фантастычныя гісторыі. Ахоўнік хадзіў і нам распавядаў пра тое, што Ўкраіны няма, што яны на танках дойдуць да Кіева і Львова. Адзін спэц (яны афіцэраў, якія з пазыўнымі, называлі спэцыялістамі) казаў, што ён дасьць тры дні на разрабаваньне Кіева. Але пры гэтым яны былі больш на строме, чым раней. Хоць, у прынцыпе, гэта быў такі кантынгент, які дзейнічае з прынцыпу «няма чаго губляць». Яны колькі маглі кралі да самага апошняга моманту, а ўначы 4 ліпеня проста ўцяклі. Генэратар дапрацаваў да апошняга, салярка скончылася, сьвятло згасла,

Асноўную зьмену ў іх настроі я адчуў пасьля таго, як праваліўся рэфэрэндум, калі іх Расія зьліла, тады яны ўжо перасталі быць упэўненыя ў сваёй сіле і пачалі складаць яшчэ больш фантастычныя гісторыі. Ахоўнік хадзіў і нам распавядаў пра тое, што Ўкраіны няма, што яны на танках дойдуць да Кіева і Львова

і наступіла цішыня і цемра.

Тады я зразумеў, што для іх ўцёкі Януковіча таксама не былі прэцэдэнтам, таму што яны паступілі сапраўды гэтак жа. Рабавалі да апошняга, колькі маглі, трымалі сваю ўладу, а калі іх заціснулі у кола, зьбеглі. Януковіч зрабіў тое ж самае: ён рабаваў да апошняга, а калі яго заціснулі, ён зьбег. Хоць яны таксама былі супраць Януковіча. Як ні дзіўна, яны сьцьвярджалі, што хацелі яго зьмены дэмакратычным шляхам. Мабыць, тут дзейнічае такая мэнтальнасьць, калі ён усё ж такі пахан, то ўсё роўна, нават калі нам не падабаецца, але ён пахан. Яго трэба альбо забіць і самому стаць паханом, альбо ... — ня ведаю, якія ў іх расклады на зоне. Там было вельмі шмат паняцьцяў менавіта зоны ў тым, як яны вядуць сваю ўнутраную палітыку.

РС: А Пуціна ўспрымалі як пахана?

Юраў: Пасьля гэтага правалу ахоўнік наш, які адказваў за ўсіх затрыманых спачатку ў СБУ, потым у гараддзеле, выказваўся і супраць Пуціна. Ён у нейкі момант пачаў казаць, што не існуе рускіх, украінцаў, беларусаў, ёсьць адзін народ — славяне, і павінен быць славянскі сьвет. У Кіеве неанацысцкая хунта, ёсьць гады, здраднікі ў Расеі, у Маскве. Але мы адсюль адбудуем Наваросію ледзь не ад полюса да полюса. Я доўга спрабаваў зразумець, якім чынам ён палітычна, эканамічна хоць неяк гэта бачыць. Але з чалавекам, у якога пад пахай вісіць пісталет і які замыкае тваю камэру, асабліва не падыскутуеш адкрыта.

Былі і людзі, якіх прымушалі, якія былі вымушаныя там працаваць. Напрыклад, кухаркі, якія нам рыхтавалі есьці, іх таксама там трымалі. Або хлопцы, якія на кухні чысьцілі бульбу ці насілі рондалі, іх таксама там трымалі, як і нас, у свайго роду закладніках. Зноў жа быў штрафбат, куды таксама некаторых людзей адсылалі рыць акопы вакол Славянску і фартыфікацыйныя ўмацаваньні для мінамётаў. За тры дні да таго, як яны пайшлі, я змываў кроў з ног у хлопца і падлогі мыў ад крыві. 25-гадовы хлопец з Славянску, ён сядзеў дома, да яго прыйшлі апалчэнцы, сказалі: ідзі ў апалчэньне. Ён сказаў: не пайду. Яны прастрэлілі яму нагу і забралі ў турму. Калі ў іх ня стала добраахвотнікаў, каб паміраць недзе пад бомбамі, то яны дзейнічалі і такім чынам.

РС: Па якім прынцыпе яны падзялялі зьняволеных і штрафбат?

Грышчук: Усіх спачатку затрымлівалі, саджалі ў камэру, потым разьбіраліся, адкуль, чаму, ступень віны, як яны казалі, вызначалі, адпраўлялі кагосьці на 10, кагосьці на 20, кагосьці на 30 дзён у штрафбат, а кагосьці бестэрмінова. Ім можна было выходзіць на двор, яны не былі зачыненыя ў замкнёнай прасторы. Але пры гэтым яны ўсё роўна былі як зьняволеныя, мелі вельмі мала свабоды.

РС: Многіх адпускалі праз дзень-два, а вы правялі ў турме ледзь не даўжэй за ўсіх — 70 дзён. Чаму менавіта вас не хацелі адпускаць?

Юраў: Справа ў тым, што за нас падпісваліся з усіх бакоў.

За нас і ўкраінцы, СБУ ладзіла нейкія дамоўленасьці, і мясцовая данецкая ўлада, праз расейцаў таксама спрабавалі дамовіцца, быў ліст ад дзеячаў культуры Расеі, мае знаёмыя акторы дамаўляліся з маскоўскімі калегамі, і тыя таксама спрабавалі нешта вырашыць. І гэтыя хлопцы, якія нас трымалі, проста не разумелі нашай каштоўнасьці. Пацаны нічога сабой не ўяўляюць, а ўсе падпісваюцца за іх, і незразумела, колькі яны каштуюць. Таму яны трымалі нас да апошняга. У чэрвені яны хацелі памяняць нас на гуманітарную дапамогу нейкую, але ў выніку гэта разладзілася. Гэта ваенізаваныя групоўкі, кожная працуе аўтаномна, і хто як вырашыць у кожнай зь іх, так яно і будзе. Вось гэтым яшчэ ўскладняецца сытуацыя, што гэта не адзіная армія, ня адзіны рух, а языкі хаатычнага полымя.

РС: Што было самае страшнае за гэтыя 70 дзён?

Грышчук: Цяжэй за ўсё было ўсьведамляць, колькі я зрабіў непрыемнасьцяў і перажываньняў сваім сябрам, сваім родным.

Юраў: Самы страшны момант быў для мяне ў склепе, калі я адышоў ад шоку першапачатковага і стаў назіраць за тым, што адбываецца. Таму што я разумеў, што гэта ўнікальны вопыт і чалавечы, і рэжысэрскі. Я адсочваў, спрабаваў запомніць і адсачыць нейкія дыялёгі, мізансцэны, калізіі, нейкія канфлікты. І самы страшны момант быў тады, калі праскоквала думка: а раптам нікому потым гэта не распавядзеш і не пакажаш. Таму што, з аднаго боку, я лягічна разумеў, што ніхто нас расстрэльваць ня будзе і няма за што, хоць яны шмат крычалі пра гэта, але зь іншага боку, гэта людзі не кіраваныя, у кожнага ёсьць агнястрэльная зброя. Абсалютна незразумела, што можа адбыцца. Зноў жа, калі нас доўга білі, я думаў, што нас могуць забіць сапраўды. Хоць апошнія паўтара-два тыдні, калі мы сядзелі ў гараддзеле перад вызваленьнем, нават хадзіла мэдсястра кожную раніцу, правярала здароўе.

РС: Як прайшлі апошнія дні ў палоне і як вас вызвалілі?

Грышчук: Нас з Пашам не пускалі ў штрафбат, сказалі, што нас толькі на абмен і няма чаго вам бегаць пад кулямі. А Ігара і Яраслава з нашай камэры адправілі, іх там бамбілі, яны капалі акопы. 4 ліпеня яны распавядалі, што сілы АТА ўжо падышлі да гораду, хутка будуць войскі ў Славянску. Літаральна праз 6 гадзін турэмшчыкі сабраліся вельмі пасьпешліва. Зачынілі ўсе камэры, усе акенцы для вэнтыляцыі, было вельмі моташна ў камэрах. Праз 20 хвілін мы пачулі, як машыны пачалі выяжджаць з гараддзелу. І потым дзесьці ў гадзіну ночы нам адкрыў камэру мясцовы алігарх, яны яго так называлі «алігарх», у яго свой бізнэс, ён таксама з намі сядзеў на працягу двух месяцаў. Адкрыў, кажа: яны ўцяклі, трэба кудысьці сыходзіць з гэтага будынку, таму што можа быць атака. У нас былі ключы, таму што мы раздавалі ежу, і была магчымасьць атрымаць ключы ад камэр. Адкрылі ўсіх зьняволеных, адкрылі 40 чалавек штрафбата і пакінулі будынак. Зьвязаліся з Кіевам, нас зьвязалі з кіраўнікамі АТА, яны нам патлумачылі, куды ісьці, адкуль нас забяруць. Прыехалі раніцай ўкраінскія вайскоўцы і адправілі нас на блёкпост, потым у Ізюм, потым у Харкаў, а потым ужо ў Кіеў.

РС: Ці ідзе зараз расьсьледаваньне, ці дапытвалі вас у СБУ?

Грышчук: Мы далі паказаньні адразу пасьля вызваленьня яшчэ ў Ізюме. У СБУ нас не выклікалі пакуль. Мы працуем з праваабаронцамі, якія займаюцца пазовам у Эўрапейскі суд па правах чалавека супраць Расеі. Пакуль прыходзім у сябе, лечымся, спрабуем прызвычаіцца да навакольнага сьвету, таму што адаптавацца тут аказалася складаней, чым там.

Юраў: Я пакуль яшчэ з пазовам ня азнаёміўся, але рады таму, што гэта будзе праходзіць празь міжнародныя інстанцыі. Тады, на мой погляд, гэта станоўча адаб’ецца на эўраінтэграцыі. Чым больш мы будзем разам з Эўропай ажыцьцяўляць прававыя працэдуры, тым далей будзем ад Расеі.

РС: Вы лічыце, што Расея вінаватая ў першую чаргу?

Грышчук: Я лічу, што ўсе вінаватыя. Нельга на кагосьці катэгарычна перакласьці віну. Расея, алігархі, бандэраўцы або ўсход Украіны — вінаватыя ўсё. Мне здаецца, мы вінаватыя самі, што дапусьцілі да таго, што ў нас такі раскол у грамадзтве адбыўся, які даў падставу ўзяць людзям зброю.

РС: Што б вы пажадалі гэтыя людзям, якія вас трымалі ў палоне?

Грышчук: Няхай яны пакінуць нас у спакоі, хай сыходзяць да сябе дадому, адкуль яны кожны, і больш не займаюцца падобнымі рэчамі.

РС: Ці не ўзьнікала «стакгольмскага сындрому», калі зьняволены пачынае сымпатызаваць тэрарыстам?

Грышчук: Не. Катэгарычна не. Мы гэта таксама абмяркоўвалі неаднаразова і там, і пасьля таго, як вярнуліся. Не, не ўзьнікаў у нас гэты сындром, ня ведаю, дрэнна гэта ці добра, але не было.

РС: Вы гатовыя ім дараваць?

Грышчук: Я ім даўно дараваў. Мы шмат разважалі, шмат казалі пра Бога, шмат маліліся, шмат займаліся псыхааналізам, спрабавалі знайсьці, чаму мы тут і для чаго нам гэта дадзена. Нам гэта дапамагала справіцца або прывыкнуць да гэтай рэальнасьці, працаваць над сабой.

Юраў: Першы месяц я хацеў ўсіх выпаліць напалмам. То бок, у мяне была такая злосьць, злосьць, бездапаможнасьць. Потым я крыху памяняў свае погляды, нарэшце прачытаў Новы Запавет ад пачатку і да канца, сур’ёзна да гэтага паставіўся. Атрымліваецца такая штука, у апошнія дні я пра гэта думаю таксама, што пад узьдзеяньнем наркатычных рэчываў і парыву барацьбы за справядлівасьць гэтыя людзі стваралі ірацыянальнае несьвядомае поле, у якое траплялі і ахвяры — мы, якія баяліся сьмерці і лічылі, што хутка ўсё. У гэтым ірацыянальным полі адбываўся нейкі кантакт, і атрымлівалася так, што ахоўнікі і апалчэнцы да кожнага выпрацоўвалі індывідуальны падыход. І кожны з нас атрымліваў не за тое, што ён «правасек» ці нехта яшчэ, а за сваё стаўленьне да жыцьця і за свае, умоўна кажучы, грахі. Я асабіста гэта так ўспрымаў і бачыў у гэтым магчымасьць знаходжаньня нейкага вышэйшага сэнсу, для таго, каб не звар’яцець, ня ўпасьці ў роспач, не паддавацца паніцы і застацца здаровым і цэлым. Таму пакараньня ўсім аднаго, мне здаецца, ня можа быць — гэта ў любым выпадку павінна быць індывідуальна. Зразумела, што самым заўзятым прыхільнікам трэба турэмнае зьняволеньне. Але там ёсьць і шмат людзей, якім патрэбна псыхатэрапія, рэабілітацыйныя цэнтры ад той жа наркаманіі.

РС: Як вы думаеце, чым гэтая вайна скончыцца?

Грышчук: Мне здаецца, што Ўкраіна пераможа ў гэтым супрацьстаяньні, мы застанемся цэласнай дзяржавай і неяк разьбярэмся з усім гэтым. Калі ня будзе адкрытай падтрымкі з боку Расеі, яны доўга не пратрымаюцца.

РС: Якую будучыню, на ваш погляд, чакае ўсход Украіны?

Юраў: Праблема ў тым, што гэта прарасейскі рэгіён — за кошт прамысловасьці, якая арыентаваная была, у асноўным, на расейскія рынкі, за кошт страху людзей, якія там жывуць. Я не жыву там 17 гадоў, мне лягчэй, хоць многія рэчы, якія там адбываюцца, адчуваю як свае ўласныя. Страх перад свабодай выбару, перад тым, што няма пахана, які павінен казаць, што мне рабіць. Вось гэта вельмі складаныя моманты для гэтага рэгіёну. Пры гэтым ганарыстасьць і нарцысізм, калі, забяры ў іх «Данбас корміць усю краіну» або расейскі трыкалёр, гімн і ўвесь гэты патас, ім давядзецца прызнаць, што яны жывуць у галечы, што яны разумова ня тое што не разьвітыя, але не выкарыстоўваюць свае магчымасьці. І думаюць яны пры гэтым статычна: альбо стабільнасьць раз і назаўжды, альбо нестабільнасьць раз і назаўжды. Таму яны не думаюць пра тое, што можна нечаму навучыцца, можна нешта памяняць у жыцьці. Плюс малая цікавасьць да таго, што адбываецца па-за гэтым рэгіёнам.

Страх перад свабодай выбару, перад тым, што няма пахана, які павінен казаць, што мне рабіць. Вось гэта вельмі складаныя моманты для гэтага рэгіёну. Пры гэтым ганарыстасьць і нарцысізм, калі, забяры ў іх «Данбас корміць усю краіну» або расейскі трыкалёр, гімн і ўвесь гэты патас, ім давядзецца прызнаць, што яны жывуць у галечы, што яны разумова ня тое што не разьвітыя, але не выкарыстоўваюць свае магчымасьці

Я яшчэ ў сакавіку быў на адным круглым стале, прысьвечаным праблемам шахцёраў, там адзін з прадстаўнікоў прафсаюзу казаў, што гэта тэхнацэнтрычны рэгіён. За кошт таго, што гэтая вытворчасьць — самае важная, за кошт таго, што павінна быць пяцігодка, нормы выпрацоўкі, то гэта важней за чалавечае жыцьцё. Людзі з гэтым зьмірыліся. Атрымліваецца, што тона вугалю даражэй за чалавечае жыцьцё, а гэта няправільна, і так быць ня можа. Плюс зноў жа гістарычна гэта такі Дзікі Захад, гэта значыць Дзікі Ўсход ў нашым выпадку, гэта рэгіён, у які ссылалі шмат катаржнікаў, якія калі і загінуць у шахце, нікому асабліва шкада ня будзе. Таму я б хацеў, каб была пісьменная і эфэктыўная сацыяльна-культурная палітыка ва Ўкраіне і, у прыватнасьці, у гэтым рэгіёне. Я б хацеў прыбраць усе ленінскія помнікі, усе гэтыя назвы вуліц тыпу «50-годзьдзя СССР» і рабіць мясцовы і агульнаўкраінскі культурны фонд, культурную базу. Я даўно хачу аб «Шахцёры» зрабіць спэктакль, кіно. Атрымліваецца, людзі на самай справе там працуюць і гінуць, але пры гэтым адчуваюць сябе нікчэмнасьцямі, хоць павінны адчуваць сябе героямі. І іх гераізм у выніку ўпіраецца ў тое, каб у іх было крыху больш грошай, чым у іншых, для таго, каб жыць, і ўсё. Але мне здаецца, што ёсьць магчымасьць нешта зьмяніць.

РС: Вы сказалі, што назіралі за турэмшчыкамі як рэжысёр. З вопыту вашага зьняволеньня тэатральнага праекту не атрымаецца?

Юраў: Вядома, ёсьць думкі розныя. Я зараз не сьпяшаюся, я адаптуюся да мірнага жыцьця, прызвычайваюся да таго, што можна свабодна перасоўвацца, свабодна гаварыць, і табе за гэта нічога ня будзе. Але матэрыялу дастаткова і для тэатру, і для кіно, і для літаратуры, і для сучаснага мастацтва. Буду спрабаваць нешта з гэтым зрабіць. Бог дасьць, што-небудзь атрымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG