Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы зараз нібыта славянскі балянсэр паміж Украінай і Расеяй», — апытаньне ў Менску


«Прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ абралі Менск для перамоваў у справе ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Як вы думаеце, чаму?» Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала Галіна Абакунчык.

Спадар: «Думаю, што Менск выбраны з той простай прычыны, што, па-першае, гэта найбліжэйшая сталіца да Кіева. Па-другое — спакойная краіна, таму Менск і выбралі, каб прыклад паказаць».

Юнак: «Мы зараз нібыта славянскі балянсэр паміж Украінай і Расеяй. Лукашэнка трымаецца быццам бы нэўтральна ў гэтай сытуацыі. Я думаю, што з-за гэтага і выбралі Менск».

Спадар сярэдняга веку: «Я думаю, што ў гэтай сытуацыі Менск нібыта палігон. Бо Расею і Ўкраіну ўвесь час спрабуюць сутыкнуць, супраць чаго я вельмі катэгарычна настроены. А Менск, магчыма, неяк урэгулюе гэтыя праблемы».

Юнак зь дзяўчынай: «Гэта нібыта нэўтральная тэрыторыя, якая пасярэдзіне знаходзіцца. Цяпер канфлікт ідзе паміж Расеяй і Захадам, таму менавіта і выбралі нашу тэрыторыю».

Спадар сталага веку: «Беларусь, я лічу, ляяльная краіна, якая стараецца быць нэўтральнай і для аднаго боку, і для другога».

Спадарыня сталага веку: «Мне цяжка адказваць на гэтае пытаньне. Я расейка, з Масквы. Але Менск — мой родны горад, я тут нарадзілася, хоць і ўсё жыцьцё пражыла ў Расеі. Я лічу, што Менск — цалкам прыдатны для перамоваў: сур’ёзная краіна, якая не жадае вайны, а хоча ў міры жыць. А ўвогуле — чаму ня Менск для перамоваў? Чым ён дрэнны? Прыгожы горад, і я думаю, што людзі тут сур’ёзныя жывуць. І ўсё будзе добра».

Спадар сярэдняга веку: «Я мяркую, што Менск — гэта славянская сталіца, братэрская і Расеі, і Ўкраіне — гэта ж нашы браты. І я мяркую, што Беларусь зробіць усё, каб спыніць агонь і ўрэгуляваць канфлікт. Мне не падабаюцца паводзіны кіеўскіх уладаў адносна мірнага насельніцтва. Гідка, вядома, што гінуць жанчыны і дзеці».

Юначка: «Я не магу адказаць на пытаньне. Я не палітык і палітыкай не цікаўлюся. Гэта найпрасьцейшы сродак, каб не нэрвавацца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG