Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справа Бандарэнкі: Міліцыянту пазванілі з вышуку і далі арыенціроўку на Бандарэнку


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

У Кастрычніцкім судзе Менску працягваецца працэс па справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якому пагражае 10 гадоў зьняволеньня за злоснае хуліганства.

31 ліпеня паседжаньне суду пачалося з таго, што адвакат Бандарэнкі заявіў шэраг хадайніцтваў. У прыватнасьці, абарона хадайнічала, каб суд запатрабаваў інфармацыю, якая дапаможа правесьці экспэртызу пашкоджаньняў, атрыманых Бандарэнкам падчас канфлікту з пацярпелай Радзіён. Сама пацярпелая была ня супраць задавальненьня гэтага хадайніцтва, але судзьдзя Ала Абакунчык яго адхіліла, як і іншыя просьбы.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

На працэсе пачаўся допыт сьведак. Цяперашні дырэктар установы «Плятформа-інавэйшн» Алёна Красоўская-Касьпяровіч дала паказаньні як сьведка першага эпізоду — пра канфлікт у лютым каля кавярні «Сівая легенда». Паводле Красоўскай-Касьпяровіч, побач з кавярняй Бандарэнка пачаставаў цыгарэтай і даваў закурыць пацярпеламу Яворскаму, як раптам той сказаў: «Дай я сам, ня ведаю, да чаго ты дакранаўся гэтымі рукамі». Бандарэнка вырашыў адысьці, але малады чалавек яго затрымаў рукамі. «Тады Бандарэнка ўдарыў яго ў сківіцу рукой, але ня моцна, хутчэй ён адмахнуўся», — паведаміла суду сьведка. У суд пацярпелы Яворскі другі дзень не зьяўляецца.

Ужо празь невялікі кавалак часу ў кватэру Бандарэнкі прыехаў нарад міліцыі, у які ўваходзіў сьведка, міліцыянт Віталь Янкавец. Паводле паказаньняў сьведкі ў судзе, дадзеныя пра Бандарэнку міліцыянтам далі іхнія калегі праз тэлефон. «Пазванілі з вышуку», — сказаў сьведка. Паказаньні Янкаўца ў судзе істотна адрозьніваліся ад таго, што ён казаў на сьледзтве. Разыходжаньні міліцыянт патлумачыў тым, што мінула шмат часу.

Таксама пачаўся допыт сьведкі Андрэя Алейнікава, сябра Андрэя Бандарэнкі, зь якім ён правеў вечар 27 сакавіка ў кавярні. Андрэй Алейнікаў сьведчыў пра канфлікт Бандарэнкі з пацярпелымі.

«Калі шчыра, гэта з-за мяне ўзьнік канфлікт, з-за майго жаданьня далей кантактаваць зь людзьмі, калі я нападпітку», — паведаміў суду сьведка.

Паводле Алейнікава, Бандарэнка быў супраць таго, каб ён ішоў у госьці да пацярпелай Тацяны Радзіён на яе запрашэньне, і гвалтам зацягнуў яго да сабе ў кватэру, калі яны падымаліся па лесьвіцы. Пра канфлікт паміж Бандарэнкам і Радзіён, які ўзьнік пасьля гэтага, сьведка сказаў, што гэта была «сумесная бойка, у якой абодва бакі ўжывалі гвалт». Андрэй Алейнікаў адназначна заявіў суду, што ня бачыў у руках Бандарэнкі ключоў, якімі той, паводле сьледзтва, біў пацярпелую па галаве.

XS
SM
MD
LG