Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго санкцыі будуць больш балючымі: для Расеі альбо Захаду


Нэгатыўны эфэкт сумесных санкцыяў Эўразьвязу і ЗША Расея можа адчуваць цягам доўгіх гадоў, мяркуюць аналітыкі.

Апошнія санкцыі абмяжоўваюць доступ Масквы да таго, у чым Расея мае найбольшую патрэбу: да заходніх інвэстыцыяў і новых тэхналёгіяў. Вось некалькі істотных аспэктаў уплыву санкцыяў.

Наколькі санкцыі балючыя для Расеі?

Расея ўжо знаходзіцца ва ўмовах нестабільнай эканамічнай дзяржавы. Каля 75 мільярдаў даляраў вывезена сёлета з Расеі. Новыя санкцыі рэзка скароцяць доступ краіны да заходніх рынкаў капіталу і да новых тэхналёгіяў. Адам Слэйтар, старэйшы эканаміст Oxford Economics, сусьветнай кансалтынгавай кампаніі, заснаванай у Англіі, кажа, што эканамічны рост у Расеі істотна запаволіцца ўжо ў гэтым годзе.

Якое будзе непасрэднае ўзьдзеяньне санкцыяў?

Самы непасрэдны ўплыў адчуе фінансавы сэктар. Санкцыі рэзка абмяжоўваюць доступ расейскіх дзяржаўных банкаў на заходнія рынкі капіталу, самай вялікай замежнай крыніцы іх фінансаваньня.

У адпаведнасьці з санкцыямі, эўрапейскім і амэрыканскім фірмам забаронена прадстаўленьне фінансаваньня на тэрмін, большы як 90 дзён, ключавым дзяржаўным банкам краіны. Гэта будзе сур’ёзна абмяжоўваць здольнасьць банкаў фінансаваць буйныя праекты разьвіцьця.

«Большасьць праектаў патрабуе доўгатэрміновых інвэстыцый, і гэта асабліва важна, улічваючы цяперашнюю эканамічную сытуацыю ў Расеі», — кажа Ўладзімер Міклашэўскі, спэцыяліст Danske Bank (Гэльсынкі).

Наколькі доўгім будзе ўзьдзеяньне санкцый?

Найбольш доўгім узьдзеяньне будзе ў энэргетычнай галіне. Санкцыі не нацэленыя на газавы сэктар Расеі, які забясьпечвае каля траціны патрэбы Эўрапейскага Зьвязу ў газе, але яны закранаюць нафтавы сэктар Расеі. Абмежаваньне доступу да новых тэхналёгіяў сыстэмы бурэньня можа быць асабліва балючым, таму што Расея разьлічвае на распрацоўкі ў Арктыцы, а таксама сланцавых рэсурсаў, каб замяніць цяперашнюю залежнасьць ад сыбірскіх нафтавых радовішчаў, якія вычэрпваюцца.

Ці можа Масква знайсьці альтэрнатыву Захаду?

Захад робіць стаўку на посьпех сваёй праграмы санкцый на падставе перакананьня, што Масква ня здолее знайсьці супастаўляльныя крыніцы фінансаваньня або новыя тэхналёгіі ў іншых месцах. Фінансавыя экспэрты кажуць, што азіяцкія рынкі капіталу ня могуць забясьпечыць расейскую эканоміку ў інвэстыцыях, бо на азіяцкіх рынках дамінуюць дзяржаўныя інвэстары: «Прыватныя інвэстары больш ахвотна ідуць на рызыку, яны вельмі зацікаўленыя ў большасьці сэктараў». Таксама азіяцкія кампаніі ня могуць прадставіць такія перадавыя тэхналёгіі, як заходнія.

Ці будуць санкцыі балючымі для ЭЗ і ЗША ў такой жа ступені, як і для Расеі?

Брусэль папярэдзіў, што ў некалькіх краінах ЭЗ грамадзянам, магчыма, прыйдзецца несьці эканамічныя страты ад увядзеньня санкцый у дачыненьні да Расеі, трэцяга па велічыні гандлёвага партнэра ЭЗ. Камісія ЭЗ чакае, што Эўропа страціць 40 млрд. эўра сёлета і 50 млрд. эўра ў 2015 годзе, калі Расея, як чакаецца, зробіць крокі ў адказ. Тым ня менш, памеры стратаў кожнай асобнай дзяржавы ЭЗ будуць невялікімі ў параўнаньні з тым, як гэта адчуе Расея.

Што да ЗША, дык Расея складае менш за 1 адсотак ад амэрыканскага экспарту і Злучаныя Штаты не імпартуюць расійскія энэрганосьбіты.

XS
SM
MD
LG