Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Опій шкодзіць печані, спайс выносіць мозг» — адмыслоўцы пра ўсплёск маладзёвай наркаманіі


У Беларусі расьце спажываньне наркотыкаў сярод моладзі і злачыннасьць сярод падлеткаў, якія ўжываюць наркотыкі. Чаму гэта адбываецца і ці магчыма з гэтым змагацца?

Малады жыхар Менску, які разам зь сябрамі паспытаў спайсу, застаўся без вачэй. Сьледзтва высьвятляе, ці сам ён выкалаў сабе вочы, ці гэта зрабіў ягоны сябар, якога таксама адурманіла наркатычная цыгарэта. З пачатку году ў Менску зарэгістравана ўжо некалькі самагубстваў непаўналетніх, якія знаходзіліся ў стане наркатычнага ап’яненьня пасьля ўжываньня спайсаў ці іншых, у тым ліку штучных, наркотыкаў. Паводле Сяргея Янкоўскага з інспэкцыі па справах непаўналетніх менскай міліцыі, знаёмства з наркотыкамі ўсё часьцей пачынаецца яшчэ ў школьным веку:


«Паводле дасьледаваньняў, у нас кожны дзясяты падлетак хоць раз паспытаў наркотыкі, 9% больш наркотыкаў не спажываюць, 1% прызналіся, што спажываюць часам, а 0,2% падлеткаў спажываюць наркотыкі рэгулярна. Пераважная большасьць спажыўцоў наркотыкаў непаўналетняга ўзросту — гэта навучэнцы ўстаноў адукацыі».


Паводле дадзеных менскай міліцыі, у стане наркатычнага ап’яненьня падлеткі ўсё часьцей учыняюць злачынствы. За год паказчыкі такой злачыннасьці ўзрасьлі ў 12 разоў, пры гэтым у 7 разоў стала болей фактаў, калі маладыя спажыўцы наркотыкаў самі распаўсюджвалі наркатычныя рэчывы, перадусім спайсы. Чаму моладзь гэтак лёгка паддаецца спакусе пакурыць невядомай «траўкі»?

Кіраўнік сацыяльна-дабрачыннай установы «Рэфармацыя асобы» Алена Кацельнікава ўжо 10 гадоў займаецца лячэньнем і прафіляктыкай наркаманіі. Усплёск спайсавай наркаманіі сярод моладзі Алена Кацельнікава зьвязвае з даступнасьцю і таннасьцю гэтага віду наркотыку. Тое, што некаторыя бацькі ня лічаць спайсы наркотыкам, а ставяцца да іх як да цыгарэт, Алена Кацельнікава лічыць велізарнай памылкай. І ўскладае адказнасьць за імклівы рост спайсавай наркаманіі на бацькоў, якія вядуць антысацыяльны лад жыцьця і гэткім прыкладам дрэнна ўплываюць на сваіх дзяцей:

Усё пачынаецца з цыгарэт, а заканчваецца спайсамі ды іншымі наркотыкамі

«Маці курыць і п’е, бацька п’е і курыць... Гэта бяда нашага пакаленьня — што масава п’юць і кураць, падаюць такі прыклад. Таму потым няма чаго дзівіцца, што дзеці кураць спайсы ды ўсё такое, ад чаго выколваюць вочы адзін аднаму. Усё пачынаецца з цыгарэт, а заканчваецца спайсамі ды іншымі наркотыкамі».

Паводле назіраньняў Алены Кацельнікавай, змаганьне міліцыі з распаўсюдам наркотыкаў стала больш эфэктыўным, але ўсё роўна наркотыкі адрасна даходзяць да моладзі. «Наўпрост да школы іх падвозяць!» — абураецца актывістка:


«Глядзіце, яшчэ пару месяцаў таму праз інтэрнэт можна было лёгка набыць усе гэтыя „бубкі“, „семкі“ ды іншыя наркатычныя сродкі, якіх шмат папрыдумлялі. Значыць, наркадылеры працуюць бясьпечна. Міліцыя, вядома, змагаецца, ужо ў нас ня тое, як было ў дзьвюхтысячных гадах, але ўсё роўна гэта існуе, прычым нядорага».


Пра імклівы наступ новых наркотыкаў сьведчыць і колькасьць наркаманаў. У Менску на ўліку ужо амаль 6 тысяч наркаманаў, хоць яшчэ на пачатку 2010-х гадоў іх у сталіцы было на тысячу меней. Усяго па Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, наркаманаў каля 8 тысяч, але неафіцыйныя крыніцы павялічваюць лічбу нарказалежных удвая, а то і болей.

Адну з прычын росту спажываньня спайсаў адмыслоўцы бачаць у жорсткіх захадах супроць наркотыкаў, якія здабываюцца з макавага зерня. У лютым гэтага году ў Беларусі ўступіў у сілу гэтак званы «антымакавы» дэкрэт, які абмежаваў продаж маку. Ужо праз 3 месяцы МУС паведаміў, што доля наркаманаў, якія спажываюць опій, выцягнуты з макавага зерня, скарацілася з 80% да 5% ад агульнай колькасьці наркаманаў. Але, зразумела, большасьць нарказалежных ня кінулі свае звычкі, а проста пераарыентавалася на іншыя віды наркотыкаў.

Для шмат каго з прыхільнікаў опію пераарыентацыя на спайсы скончылася вельмі сумна. «Калі ад опію ў першую чаргу раскладаецца печань, то ад курыльных сумесяў — мозг. Дастаткова выкурыць дзьве-тры цыгарэты, каб чалавек быў ужо невылечна хворы», — зазначае ў сваім камэнтары старэйшы опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўленьня па наркакантролі й супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Дзьмітры Садчыкаў.

XS
SM
MD
LG