Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Беларусі ўсё гэта адаб’ецца, бо мы партнэры з Расеяй»


Захад пашырыў санкцыі супраць Расеі за падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Як вы да гэтага ставіцеся? Ці будзе гэта мець наступствы для Беларусі? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Дзяўчына: «Я станоўча стаўлюся да гэтага. Санкцыі патрэбныя, каб Расея прыпынілася і сьціхла вайна ва Ўкраіне. І Беларусь яны закрануць, паколькі мы з Расеяй моцна ўзаемазьвязаныя».

Мужчына: «Я думаю, што санкцыі Беларусь не закрануць, бо Захад лічыць, што Расея падтрымлівае сэпаратыстаў, дае ім зброю і грошы, а Беларусь ва ўсе гэтыя справы ня ўлазіць...»


Мужчына: «Так званыя санкцыі, якія накладае Захад на Расею, як мы бачым, недастатковыя, каб выканаць гэтую функцыю. А што да таго, ці будуць яны мець наступствы для Беларусі, то гэтае пытаньне наагул неістотнае, асабліва на фоне тых праблемаў, якія існуюць цяпер ва ўкраінскага народа».



Мужчына: «На нас гэта ўсё можа адбіцца, паколькі мы партнэры з Расеяй. Адаб’ецца перш за ўсё на эканоміцы, бо нашы абедзьве эканомікі моцна ўзаемазьвязаныя. Ва ўсім гэтым вінаватая Амэрыка, бо яна і правакуе, і фінансуе. А ім гэта патрэбна, каб стварыць пляцдарм вайсковы для разьмяшчэньня ракетаў ва Ўкраіне».

Мужчына: «Ніякім чынам гэтыя санкцыі на Беларусь не паўзьдзейнічаюць, але наагул да іх ставімся нэгатыўна — гэта няправільна. Аляксандар Рыгоравіч не дапусьціць тут ніякіх наступстваў...»

Ягоны сябра: «Жылі б сабе спакойна — і ўсё, а то нешта прыдумляюць...»

Мужчына: «Ніяк яны не паўзьдзейнічаюць ні на Расею, ні на Беларусь. Гэта ўсё завязана на палітыцы, а бізнэс ёсьць бізнэс, ён існуе сам па сабе. Ну каму ад гэтага будзе выгада?»

Жанчына: «Ня маю паняцьця, ці закрануць нас гэтыя санкцыі, але лепей у чужыя справы наагул ня ўмешвацца. Я маю на ўвазе, што ні Расеі, ні Захаду няма чаго ўлазіць у справы Ўкраіны».

Карэспандэнт: «Але ў дадзенай канкрэтнай сытуацыі — ці слушна зрабіў Захад, што ўвёў санкцыі супраць Расеі?»

Дзяўчына: «Напэўна, слушна, бо там палова нашых родных і блізкіх, а іх забіваюць...»

Мужчына: «Магчыма, санкцыі закрануць і нас, але пакуль цяжка нешта канкрэтна казаць. Усё пабачым з таго, як будуць разьвівацца падзеі. Але яўна нас гэта можа закрануць...»

XS
SM
MD
LG