Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — не пасярэднік, а зацікаўлены бок


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прапановай выкарыстаць беларускую тэрыторыю для перамоваў наконт крызісу ва Ўкраіне.

Парашэнка просіць паспрыяць правядзеньню 31 ліпеня ў Менску паседжаньня трохбаковай кантактнай групы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе пры ўдзеле экс-прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, амбасадара Расеі ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЭ. Гэтую прапанову камэнтуюць для Свабоды беларускія палітыкі.

Месца, абранае для перамоваў, мае шэраг адметнасьцяў, адзначае намесьнік кіраўніка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Першая — гэта непрызнаньне легітымнасьці прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе шэрагам краінаў. Другая — наяўнасьць у Беларусі палітзьняволеных. І тым ня меней Лукашэнка пагадзіўся адкрыць пляцоўку для перамоваў:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Лукашэнка паспрабуе выцягнуць з гэтага максымум для свайго іміджу праз сваю ідэю стабільнасьці ў Беларусі. Але мы лічым, што сёньня гэта той момант і тая тэма, дзе сапраўды жыцьці людзей, якія гінуць цяпер ва Ўкраіне, значна больш важныя, чым пэўныя палітычныя аспэкты гэтай справы. Таму, калі ўдасца дасягнуць міру ва Ўкраіне, гэта будзе значна большы вынік, чым засяроджваньне на палітычных праблемах і вузкіх палітычных момантах.

Таксама гэта важна і ў нас у Беларусі. Я патлумачу гэта наступным чынам. Зьбіраючы подпісы за „Народны рэфэрэндум“, мы бачым, як людзі напужаныя вайной ва Ўкраіне. І праз гэта яны часта гатовыя адмовіцца ад любых пераменаў.

Як толькі ва Ўкраіне будзе мір і будзе бачна, што краіна пачала нармальна разьвівацца, гэта пашырыць нашы магчымасьці, каб тут у Беларусі прасоўваць ідэю мірных пераменаў. Таму ў міры ва Ўкраіне сёньня зацікаўленыя ўсе. Як гэта ні дзіўна, але ў гэтым зацікаўленыя і афіцыйны Менск, і дэмакратычныя сілы».

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Мікалай Самасейка так пракамэнтаваў сёньня Свабодзе прапанову прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі:

Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка

«Кіраўнік нашай дзяржавы неаднаразова заяўляў, што для яго пасярэдніцтва непрымальнае. І ў дадзеным выпадку я б не сказаў, што размова ідзе пра пасярэдніцтва ў яго чыстым выглядзе. Парашэнка папрасіў правесьці перамовы па вырашэньні ўкраінскага крызісу. То бок ён папрасіў, як я разумею гэта, параіцца.

А тое, што Аляксандар Рыгоравіч пагадзіўся, то гэта, як я думаю, азначае, што ён зыходзіць з таго, што для ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу добрыя ўсё мэтады, якія не дапускаюць разьвіцьця сілавога варыянту».

У старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча ёсьць вялікія сумневы, ці на такія перамовы пагодзіцца Расея:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Прапанова ўкраінскага прэзыдэнта, на мой погляд, выглядае цалкам натуральнай. У сёньняшняй сытуацыі, калі з боку Расеі ідзе эскаляцыя гэтага канфлікту, для Ўкраіны вельмі важна нарошчваць дыялёг, як мінімум зь Беларусьсю, каб упэўніць нэўтральнасьць Беларусі ў гэтым канфлікце.

І ў гэтым кірунку, я думаю, такі крок можа быць пасьпяховы. Таму што пасярэднік, калі ён на гэта пагаджаецца, ён ужо апрыёры ня можа займаць чыйсьці адзін бок. Што тычыцца беларускіх уладаў, то для Аляксандра Лукашэнкі гэтая прапанова таксама выгадная. Бо ён пацьвердзіць сваю пазыцыю, якую ён раней неаднаразова выказваў. Маўляў, гэты канфлікт недарэчны, яго трэба як мага хутчэй залагоджваць, славянам трэба сябраваць.

Лукашэнка можа чарговым разам стаць ініцыятарам славянскага аб’яднаньня, альбо як мінімум замірэньня паміж дзьвюма суседнімі краінамі. Таму, я думаю, і з украінскага, і зь беларускага боку тут усё выглядае лягічна. Ёсьць, праўда, вялікія сумневы, што на такі варыянт пагодзіцца Расея. Я думаю, ёй бы хацелася пазьбегнуць вырашэньня канфлікту праз дыпляматычныя каналы. Расейцы б хацелі, каб гэты канфлікт не спыняўся, а працягваўся. Таму яны будуць ухіляцца ад перамоваў па сутнасьці справы, якія могуць наблізіць заканчэньне канфлікту».

Сёньня намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў, што Беларусь не зьбіраецца выступаць пасярэднікам ва ўрэгуляваньні крызісу ў суседняй краіне, але яна зацікаўленая ў як найхутчэйшай нармалізацыі сытуацыі ў гэтай краіне.

«Прэзыдэнт Беларусі неаднаразова казаў, што Беларусь ні ў якім выпадку не імкнецца стаць нейкім пасярэднікам ва ўрэгуляваньні крызіснай сытуацыі ў брацкай суседняй краіне, але будзе рабіць усё дзеля таго, каб сытуацыя там нармалізавалася як мага хутчэй. Таму тыя дзеяньні, якія ўчора пачаліся і будуць працягнутыя, я спадзяюся, прывядуць да таго, што сытуацыя нармалізуецца як мага хутчэй», — сказаў намесьнік міністра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG