Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да «Дажынак» Гарадок стаў «рускім горадам» і памаладзеў на 650 гадоў


На ўезьдзе ў райцэнтар зьявіўся знак зь лічбай «1777» — на такіх знаках зазвычай пазначаюць дату першай пісьмовай згадкі пра паселішча, якая лічыцца «годам народзінаў».

У 1777 годзе «Гарадку ў складзе Расейскай імпэрыі быў нададзены расейскі статус горада», — піша ў Фэйсбуку гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы. — Між тым Гарадок упамінаецца яшчэ ў 1128 годзе з нагоды ваеннага паходу кіеўскага князя Мсьціслава Ўладзіміравіча ў Полацкую зямлю. «В лето 6636. Посла князь Мсціслаў с братьею своею многи кривичи, четырьмя путьми:... Всеволодка из Городка... повеле ити к Изяславлю... » У летапісах другой паловы 13 стагодзьдзя згадваецца «Гарадок каля Полацку» ў сувязі зь бітвай палачан зь літоўскім войскам на чале зь Мінгайлам, у ходзе якой Гарадок быў зьнішчаны.

У 1551 годзе Гарадок упамінаецца ў «рэестры» сярэбшчыны з гарадоў ВКЛ, згодна зь якім «с места Городка» плацілі ў скарб «20 коп грошей... » У канцы 1570 г. упамінаецца «Вялікі і Малы Гарадок».

Спадар Гаравы лічыць, што прычына такога няўважлівага стаўленьня да гісторыі Гарадка ў тым, што кіраўніцтва раёну — пераважна не зь мясцовых, і «ўжо 15 гадоў Гарадком кіруюць „варагі“, то зь Сеньненскага раёну, то з Аршанскага...»

Яны ж і рыхтуюць райцэнтар да «Дажынак-2014». І хоць сёлета «Дажынкі» пройдуць не ў рэспубліканскім, як плянавалася раней, а ў абласным маштабе, праблемы з падрыхтоўкай да гэтага сьвята ўжо відавочныя. 25 ліпеня гэта быў вымушаны засьведчыць прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, які пабываў у Гарадку з інспэкцыйнымі мэтамі.

У прыватнасьці, ён адзначыў, што будоўля і рэканструкцыя гарадзкіх аб’ектаў наўрад ці будуць завершаныя своечасова — да 1 верасьня. І хоць мясцовыя ўлады пэрыядычна справаздачацца пра вялікі аб’ём выкананых працаў ды абяцаюць зрабіць усё якасна і ў належны тэрмін, Міхаіл Мясьніковіч заўважыў, што канца-краю будаўнічым працам не відаць. Таму параіў усе сілы кінуць на 1-2 аб’екты, каб хоць іх давесьці да ладу, а ўжо потым пераходзіць да наступных, не спрабуючы рабіць усё разам. І ўвогуле варта было адпачатку сканцэнтраваць выдзеленыя сродкі на найбольш важных для рэгіёну аб’ектах, якія маюць значэньне для эканамічнага разьвіцьця Гарадоччыны, а ня проста траціць дзяржаўныя грошы на «падрыхтоўку да „Дажынак“».

XS
SM
MD
LG