Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна сто гадоў таму, 20 ліпеня 1914 году, імпэратар Расейскай імпэрыі Мікалай ІІ зрабіў у сваім дзёньніку наступны запіс:

«Хороший день, в особенности в смысле подъема духа. В 11 час. поехал с Мари и Анастасией к обедне. Завтракали одни. В 2 1/4 отправились на „Александрии“ в Петербург и на карете прямо в Зимний дв. Подписал манифест об объявлении войны. Из Малахитовой прошли выходом в Николаевскую залу, посреди кот. был прочитан маниф. и затем отслужен молебен. Вся зала пела „Спаси, Господи“ и „Многая лета“.

Сказал несколько слов. При возвращении дамы бросились целовать руки и немного потрепали Аликс и меня. Затем мы вышли на балкон на Александровскую площадь и кланялись огромной массе народа. Около 6 час. вышли на набережную и прошли к катеру через большую толпу из офицеров и публики. Вернулись в Петергоф в 7 1/4. Вечер провели спокойно».

Пра сваё рашэньне абвясьціць вайну Нямеччыне Мікалай піша, пералічваючы дробныя дэталі гэтага «харошага дня», нібыта гаворка ідзе пра смачную вячэру. І хоць Расея выступала ў адносінах да Нямеччыны агрэсарам, і хоць кайзэр Вільгельм асабіста спрабаваў наставіць на розум «хозяина землі русской», цар Мікалай ізволілі абвясьціць Нямеччыне вайну. Што прывяло спачатку да сьмерці сямісот тысяч расейскіх вайскоўцаў, сярод якіх быў і мой прадзед, сормаўскі рабочы Аляксандар Часнакоў, а затым і да грамадзянскай вайны, да развалу Расейскай імпэрыі і да гібелі сям’і, якая «вечар правяла спакойна». У 2000 годзе чалавек, які абвясьціў вайну, быў кананізаваны Рускай Праваслаўнай царквой. А яшчэ праз тузін гадоў у мястэчку Крайск, што на Лагойшчыне, паставілі помнік апошняму расейскаму цару. Ці прыжыўся сярод беларускіх местачкоўцаў помнік самаму, напэўна, спрэчнаму расейскаму сьвятому?

Каля невысокага, дагледжанага храма, дзе нават брама ўпрыгожана выявамі мучанікаў Раманавых, стаіць невялікі бюст Мікалая. Як на маё вока, дык выглядае ён тут чужародна. Зрэшты, ня толькі на маё. Немаладыя жанчыны, што гутарылі непадалёк, ужо другі год зьдзіўляюцца.

— Мы таксама былі зьдзіўленыя. Чаму? Але ж супраць нічога ня скажаш. Ён так рашыў, значыць, так трэба.

— Я сама была зьдзіўленая, як пабачыла. Калі ж гэта пасьпелі паставіць гэты бюст? Аўтобусы прыяжджаюць, прывозяць экскурсіі нейкія. І зь Менску прыяжджаюць, адусюль едуць.

— Калі зьявіўся гэты бюст, у вёсцы гэта стала падзеяй? Асуджалі ці радаваліся?

— Ня ўсе. Адны так, іншыя так. Няма адной думкі. Болей у цара Мікалая вераць прыхаджане. Каторыя прыяжджаюць. А мясцовыя — не. Да нас многа прыяжджае і зь Менску, і з Жодзіна. І казакі прыяжджаюць. І моляцца таксама.

Як дакладна сказала гэтая кабета наконт веры. Храм у Крайску стаў месцам паломніцтва ня столькі тых, хто верыць у Бога, колькі тых, хто «верыць у Мікалая».

Але калі я разгаварыўся на вуліцы зь яшчэ адной крайчанкай, мне адкрылася сапраўдная трагедыя Крайску. Трагедыя мястэчка, якому не пашчасьціла: пасьля Рыскай дамовы яно апынулася на самым краі бальшавіцкай імпэрыі.

— У кожнай сям’і былі арыштаваныя. Зараз у нас усе новыя людзі. Жылі вялікімі сем’ямі. І ў кожнай сям’і быў арыштаваны. Вось у гэтым доме бацька быў арыштаваны ў 37-м. Майго бацькі брат арыштаваны. Гэта мой дзядзя. У той хаце бацька гаспадыні быў арыштаваны. Толькі не вярнуўся ніхто. Гэта рэдкі выпадак. Тут на ўсю вёску толькі два чалавекі вярнулася.

— Што ім усім?...

— Прапаганда. Што з Польшчай зьвязаныя. Сусед на суседа скажа, і ўсё. «Вораг народа». Вось у цябе лепшы гарод, а ў мяне горшы. Я на цябе напішу, каб і табе блага было. Вось і ўсё праблемы. Дык і цяпер гэткае. Гатовыя ў лыжцы ўтапіць адзін аднаго, асабліва ў вёсцы. Каб не было тут граніцы, дык ня так. І каб заставы тут не было, было б ня так. Татавага брата забралі. Сын павінен быў нарадзіцца. Бацьку так і не пабачыў.

Яе дзядзьку, Аляксандра Кабака, расстралялі, згодна з «Картатэкай Сталіна», як польскага шпіёна ва ўзросьце 35 гадоў. Увогуле людзі з гэтай «Картатэкі» пачынаюць ажываць, як толькі пагаворыш зь іхнымі сваякамі. З-за голых лічбаў артыкулаў і датаў пачынаюць праступаць страшныя дэталі апошніх свабодных хвілін сярод родных. Маргарыта Станкевіч, у дзявоцтве Жлукцік, дачка арыштаванага ў лістападзе 1937 году і праз два месяцы расстралянага рабочага лесапільнага заводу Ўладзімера Жлукціка. Таксама «польскага шпіёна». Яго забралі сярод белага дня. Паклікаўшы з хаты «на гутарку».

— «Пагаварыць» сказалі. Чакаем. Няма і няма. Усё. Узялі.

— Гэта было днём ці ноччу?

— Днём. Мама заплакала. Няма таты і няма. Забралі.

— А многа тады ў Крайску забралі людзей?

— Можа, адзін мужчына застаўся.

— Амаль усіх мужчын пазабіралі?

— Так. Тут жа граніца блізка. Дык, можа, адзін мужчына застаўся. Усіх мужчын пазабіралі.

Іншы жыхар Крайску Мікалай Ліхачоў распавёў мне пра сваіх сваякоў Несьцяронкаў. Якіх бальшавікі выкасілі яшчэ ў 31 годзе як кулакоў.

— Былі тут Несьцяронкі. Іх забралі на Ўрал. Станіслаў Несьцяронак. Прышылі яму, што нейкі самалёт угнаў. А ён ніколі і ня бачыў самалёта. Несьцяронак Іван, Несьцяронак Аляксей. Усіх іх забралі, гэтых Несьцяронкаў.

Аднак вернемся да помніка. Шчыра кажучы, ідучы ў дом да айца Сергія, я чакаў убачыць старога чарнасоценнага папа, пасьлядоўніка «Саюзу Міхаіла Архангела» і прыхільніка «адзінай і непадзельнай». Аднак у нашай краіне ўсё значна цікавей. Айцец Сергій, нестары чалавек, вельмі прыязны ў гаворцы, гутарыў з вашым пакорным слугой на літаратурнай беларускай мове.

— Самае галоўнае, з чым зьвязаная пастаноўка бюста, гэта не мінулае. А цяперашні час. Духоўны, малітвенны. Я ўсе гэтыя гады, ужо дваццаты год служу тут, зьбіраў матэрыялы. І склаў летапіс. Прачытаеце, Вы зразумееце. Ён жа не хацеў улады. Ягонага бацьку, Аляксандра ІІІ, атруцілі. А ён не хацеў улады. Яго прымушалі паплечнікі, якім ён цалкам давяраў. І яны здрадзілі. Вы прачытаеце, вы зразумееце.

Айцец Сергій падараваў мне свой летапіс крайскага прыходу, дзе сярод імпэрскіх пракляцьцяў на адрас уніі ёсьць і каштоўныя зьвесткі з часоў сталіншчыны і нямецкай акупацыі.

Беларускім словам айцец Сергій карыстаецца рэгулярна.

— Так размаўляць — размаўляем. Асабліва з настаўнікамі. Казаньні час ад часу. Карыстаюся ёю. Прамаўляю. Тут галоўнае, каб ад сэрца ішло.

Тое, што для айца Сергія беларушчына — не фармальнасьць, пацьвердзіла мне настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Вайніцкая.

— Паслаў нам Гасподзь айца Сергія. Ён прыходзіць да нас і на пачатак вучэбнага году. Ён ніколі не пакіне нашых выпускнікоў без блаславеньня ў новае жыцьцё. І на лінейках ён гаворыць па-беларуску.

Але сама пані Галіна да гэтае пары прызвычайваецца да новага помніка.

— Не аднадушна, што вы? Рэвалюцыя адбылася ў душы, каб гэта прыняць. Я не магу сказаць, што і сёньня ўсе гэта прынялі з радасьцю. Але я хачу сказаць, што цярпіма... Выпадаў, пратэстаў такіх не было. У нас быў цікавы такі чалавек, камуніст, быў сакратаром партыйнай арганізацыі. Ён не прымае. Але неяк пацяплеў, неяк рэзкасьці менш стала. Час робіць сваё.

Крайск
Крайск

Аказваецца, айцу Сергію вельмі няпроста было і помнік ставіць, і храм асьвячаць у гонар менавіта гэтых сьвятых. Хоць нічога спрэчнага ў ягоным чыне няма. Сьвятар маскоўскай царквы паставіў помнік маскоўскаму сьвятому. Дзякуй, што не ў сталіцы.

— У нас адзіная царква ў Беларусі, асьвечаная ў гонар цара Мікалая і царственных страстацерпцаў. Хаця ўладыка Філарэт вельмі доўга сумняваўся, пакуль даў дазвол. Але потым, бацюшка расказваў, у яго заміратачылі іконы. І той згадзіўся.

— А якія сумневы былі наконт гэтай фігуры?

— Ну, гісторыя. Гэта ж Мікалай Крывавы. Першая сусьветная вайна. Ён, мусіць, чалавек добры па натуры, але мяккі па характары. Ён задужа давяраў свайму атачэньню.

Каля царквы праходзіць не зусім цьвярозая парачка.

— А каму там паставілі бюст? Каля царквы?

— Ня ведаю. Ужо даўно не вучуся ў школе. Пазабывалі. Тут бы не забыцца, як сябе завуць.

«Не забыцца, як самога сябе завуць». Напэўна, у дзяўчыны «харошы дзень у сэнсе пад’ёма духа» цягнецца ўжо з раніцы. Цікава, а што ў сваім дзёньніку напісаў сёньняшні самадзержац у дзень акупацыі Крыму? Зрэшты, сёньняшнія дзёньнікі наўрад ці вядуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG