Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Портнікаў: Менск — адзінае месца на зямлі, дзе могуць сустрэцца і тэрарысты, і прадстаўнік Украіны


Віталь Портнікаў

Віталь Портнікаў

Што можа прапанаваць А.Лукашэнка падчас пасяджаньня трохбаковай кантактнай групы ў складзе пасла Расеі, прадстаўнікоў АБСЭ і Кіева? Гаворыць Віталь Портнікаў, украінскі палітоляг:

«Тут гаворка не вядзецца пра перамовы прадстаўнікоў Ўкраіны з прадстаўнікамі Расеі. Гэта сустрэча кантактных груп для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе, у якой будуць браць удзел прадстаўнікі ДНР і ЛНР.

Справа ў тым, што з прадстаўнікамі Расеі Ўкраіна можа праводзіць перамовы і ў любым месцы. А вось з прадстаўнікамі самаабвешчаных тэрарыстычных фармаваньняў ДНР і ЛНР ёсьць пытаньне. Найперш, пытаньне бясьпекі нашых прадстаўнікоў. Менск у якасьці месца для такіх сустрэчаў быў прапанаваны яшчэ некалькі тыдняў таму. Тут няма ніякай навіны.

Чытайце таксама: Аляксандар Лукашэнка ў ролі міратворца

Тое, што Парашэнка ўчора прапанаваў Лукашэнку правесьці сустрэчы ў Менску, і ваш прэзыдэнт пагадзіўся, значыць толькі тое, што Менск як месца сустрэчы ўзгоднены. Таму гэта ўвогуле не пытаньне даверу Ўкраіны да прэзыдэнта Беларусі. Гэта выключна выбар Менску як нэўтральнага месца, якое гарантуе бясьпеку ўдзельнікам перамоваў.

З украінскага боку ў гэтых перамовах бярэ ўдзел другі прэзыдэнт Леанід Кучма, і я перакананы, што Лукашэнка гарантуе яму бясьпеку. А Леанід Кучма ня хоча ехаць у Маскву для такіх перамоваў, бо ён, мякка кажучы, заклапочаны тым, што Расея зрабіла ў дачыненьні да Ўкраіны. Ехаць на тэрыторыю, якую кантралююць бандыты, ён таксама ня хоча. У выніку застаецца ня так шмат месцаў, куды б маглі прыехаць і прэзыдэнт Кучма, і пасол Зурабаў, і прадстаўнікі АБСЭ, і прадстаўнікі тэрарыстаў.

Як бы гэта ні дзіўна гучала, але Менск — гэта такое месца, куды могуць прыехаць і Кучма, і тэрарысты з аднолькавым перакананьнем, што зь імі нічога ня здарыцца. Зразумела, што Лукашэнка будзе гарантаваць бясьпеку і прадстаўнікам тэрарыстаў, бо ён зьвязаны пэўнымі адносінамі з Расеяй. Менск — ідэальнае месца для такіх перамоваў і, баюся, адзінае на зямлі. Хіба што ячшэ Алма-Ата, але туды даволі далёка ехаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG