Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка ў ролі міратворца

Што можа прапанаваць А.Лукашэнка падчас пасяджаньня трохбаковай кантактнай групы ў складзе пасла Расеі, прадстаўнікоў АБСЭ і Кіева? Пра гэта цягам дня пытаемся ў экспэртаў.


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Коратка

Што можа прапанаваць Аляксандар Лукашэнка падчас пасяджаньня трохбаковай кантактнай групы, у якую ўваходзяць расейскі пасол, прадстаўнікі АБСЭ і Кіева? Якая карысьць і якая шкода беларускаму кіраўніку ад ролі міратворца? Ці можа давяраць яму Украіна? Гэтыя ды іншыя пытаньні Радыё Свабода цягам дня задае экспэртам.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай даць магчымасьць выкарыстаць Беларусь у якасьці перамоўнай пляцоўкі па вырашэньні ўкраінскага крызісу. Тэлефонная размова кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў адбылася 29 ліпеня з ініцыятывы ўкраінскага боку.

13:35 30.7.2014

Дзьмітрыеў: Беларусы напужаныя вайной ва Ўкраіне

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Намесьнік кіраўніка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

«Лукашэнка паспрабуе выцягнуць з гэтага максымум для свайго іміджу праз сваю ідэю стабільнасьці ў Беларусі. Але мы лічым, што сёньня гэта той момант і тая тэма, дзе сапраўды жыцьці людзей, якія зараз гінуць ва Ўкраіне, значна больш важныя, чым пэўныя палітычныя аспэкты гэтай справы. Таму, калі ўдасца дасягнуць міру ва Ўкраіне, гэта будзе значна большы вынік, чым засяроджваньне на палітычных праблемах і вузкіх палітычных момантах.

Таксама гэта важна і ў нас у Беларусі. Я патлумачу гэта наступным чынам. Зьбіраючы подпісы за „Народны рэфэрэндум“, мы бачым, як людзі напужаныя вайной ва Ўкраіне. І праз гэта яны часта гатовыя адмовіцца ад любых пераменаў.

Як толькі ва Ўкраіне будзе мір і будзе бачна, што краіна пачала нармальна разьвівацца, гэта пашырыць нашы магчымасьці, каб тут у Беларусі прасоўваць ідэю мірных пераменаў. Таму ў міры ва Ўкраіне сёньня зацікаўленыя ўсе. Як гэта ні дзіўна, але ў гэтым зацікаўленыя і афіцыйны Менск, і дэмакратычныя сілы».

12:36 30.7.2014

Чавусаў: Лукашэнка ня будзе пасярэднікам, Менск выконвае тэхнічную функцыю

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Палітоляг Юры Чавусаў: «Ніхто не прапаноўваў Аляксандру Лукашэнку ці афіцыйнаму Менску быць пасярэднікам на гэтых перамовах. Функцыю пасярэдніка прапанавалі АБСЭ. Міжнароднае права вельмі дакладна разьмяжоўвае паняцьці «пасярэдніцтва» і «аказваньне добрых паслугаў». У дадзеным выпадку мае месца прапанова на адрас Менску — выступіць тэрыторыяй, дзе сустракаюцца бакі перамоваў і пасярэднікі. Гаворка ідзе менавіта пра «аказваньне добрых паслугаў», функцыю, якую некалькі месяцаў выконвала Жэнэва. Менск у дадзеным выпадку не выконвае палітычнай, а толькі тэхнічную функцыю. Адпаведна, замежнапалітычныя ці іміджавыя выгады ад такой ролі для Беларусі мінімальныя.

Аднак у сытуацыі, калі Беларусь знаходзіцца ў замежнапалітычнай ізаляцыі, нават такая функцыя ў пэўнай ступені таксама выгадная. Аднак, вядома, яе памер будзе залежаць ад пасьпяховасьці перамоваў.

Таксама трэба ўважліва глядзець на прадмет перамоваў — гэта вызваленьне закладнікаў і допуск экспэртаў на тэрыторыю падзеньня малайзійскага „Боінга“. Вельмі кароткатэрміновыя канкрэтныя рэчы. У якасьці бакоў перамоваў заяўленыя Расея і Ўкраіна. Пасярэднікам будзе АБСЭ. Шмат што будзе залежаць ад таго, ці здолеюць бакі знайсьці агульную мову адносна стасункаў паміж расейскім афіцыйным бокам і сэпаратыстамі, бо тэрыторыя, дзе ўпаў Боінг, і захопленыя закладнікі знаходзяцца пад кантролем менавіта іх. Адпаведна, Расеі давядзецца прызнаць, што яна прынамсі нейкі ўплыў на сэпаратыстаў мае.

Таму атрымліваецца, што і расейскі бок падчас перамоваў можа заявіць, што яны ня бок канфлікту, а таксама пасярэднік, які будзе размаўляць з ДНР і ЛНР. Гэта можа быць вырашана, бо гаворка вядзецца не пра прызнаньне рэспублік ці нейкія сутнасныя рэчы, а пра рэчы вельмі канкрэтныя — самалёт і закладнікаў. Але гэта будзе залежаць ад шчырасьці бакоў падчас перамоваў. Хутчэй за ўсё, перамовы і пачнуцца з пытаньня, ці ў стане Расея кантраляваць тыя суб’екты, якія Ўкраіна заклікае называць «тэрарыстамі». Аднак у адпаведнасьці зь міжнародным правам прадстаўнікі ДНР ці ЛНР суб’ектамі перамоваў быць ня могуць».

12:01 30.7.2014

Янукевіч: Ёсьць вялікія сумневы, што на такія перамовы пагодзіцца Расея

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ: «Прапанова ўкраінскага прэзыдэнта, на мой погляд, выглядае цалкам натуральнай. У сёньняшняй сытуацыі, калі з боку Расеі ідзе эскаляцыя гэтага канфлікту, для Ўкраіны вельмі важна нарошчваць дыялёг, як мінімум зь Беларусьсю, каб упэўніць нэўтральнасьць Беларусі ў гэтым канфлікце.

І ў гэтым кірунку, я думаю, такі крок можа быць пасьпяховым. Таму што пасярэднік, калі ён на гэта пагаджаецца, ён ужо апрыёры ня можа займаць чыйсьці адзін бок. Што тычыцца беларускіх уладаў, то для Аляксандра Лукашэнкі гэтая прапанова таксама выгодная. Бо ён пацьвердзіць сваю пазыцыю, якую ён раней неаднаразова выказваў. Маўляў, гэты канфлікт недарэчны, яго трэба як мага хутчэй залагоджваць, славянам трэба сябраваць.

Лукашэнка можа чарговым разам стаць ініцыятарам славянскага аб’яднаньня, альбо як мінімум замірэньня паміж дзьвюма суседнімі краінамі. Таму, я думаю, і з украінскага, і зь беларускага боку тут усё выглядае лягічна. Ёсьць, праўда, вялікія сумневы, што на такі варыянт пагодзіцца Расея. Я думаю, ёй бы хацелася пазьбегнуць вырашэньня канфлікту праз дыпляматычныя каналы. Расейцы б хацелі, каб гэты канфлікт не спыняўся, а працягваўся. Таму яны будуць ухіляцца ад перамоваў па сутнасьці справы, якія могуць наблізіць заканчэньне канфлікту».

11:32 30.7.2014

Якаўлеўскі: Паседжаньне кантактнай групы — гэта не перамовы

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што ў Беларусі плянуюцца не перамовы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу, а паседжаньне кантактнай групы, у якую ўваходзяць расейскі пасол, прадстаўнікі АБСЭ і Кіева:

«Паседжаньне кантактнай групы — гэта не перамовы, перамовамі такую сустрэчу нельга назваць. Дык вось у беларускіх афіцыйных паведамленьнях кажуць пра ўсе зацікаўленыя бакі. А ва ўкраінскіх — кантактная група. Менавіта такі фармат.

Ці будуць там сэпаратысты, ці не — пакуль незразумела, хаця, на мой погляд, павінны быць. На гэтым настойвае, у прыватнасьці, Масква. І супраць — Кіеў, які кажа, што з бандытамі і тэрарыстамі нельга весьці перамовы. Вось у гэтым інтрыга.

Там, хутчэй за ўсё, ня будзе прадстаўніка афіцыйнага Менску. Мы толькі пляцоўку ўзычаем. Хаця, трэба прызнаць, што гэта вельмі вялікі плюс для Лукашэнкі, што ён выйшаў на ўкраінскую арбіту, што Парашэнка патэлефанаваў менавіта яму. І гэта, я лічу, на карысьць Лукашэнку як палітычнаму дзеячу. Так што нельга казаць, што гэта перамовы.

І апошняе: пакуль што мы ніякай афіцыйнай рэакцыі Крамля ня чулі, наколькі мне вядома».

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG