Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная вайна 1914-1918 гадоў – якую пасьля яе заканчэньня сталі называць «вялікай» – спарадзіла вялікую сусьветную літаратуру.

Яшчэ падчас трываньня вайны, у 1916 годзе, францускі журналіст Анры Барбюс выдаў кнігу «Агонь» – раман, як пішуць у Вікіпэдыі, прысьвечаны «рэвалюцыянізацыі сьвядомасьці мас» падчас таго канфлікту. Кніга прынесла яму прэстыжную Ганкураўскую прэмію і міжнародную вядомасьць. Паколькі аднак, акрамя гэтага раману, дзяяч камуністычнай партыі Францыі Анры Барбюс выдаў крылатую ў свой час фразу «Сталін – гэта Ленін сягоньня», я ягонага антываеннага раману «праграмна не прачытаў» і наўрад ці калі-небудзь прачытаю.

Але вось пяць раманаў, пра якія хачу напісаць ніжэй, я прачытаў і перачытаў. Яны некалі дапамагалі мне фармаваць мой чытацкі густ. І, я ўпэўнены, яны дапамагалі ня толькі мне, але і значна шырэйшаму колу чытачоў. Я, зразумела, напішу толькі пра тое, чым яны зачапілі мяне. У ацэнцы літаратуры спробы аб’ектывізацыі і вызначэньня «сусьветнай ролі» таго ці іншага твору з боку крытыкаў і рэцэнзэнтаў належаць да рэчаў, якія цікавяць мяне найменш. Літаратура для мяне адбываецца тады, калі адразу пасьля прачытаньня кніжкі вам хочацца пазваніць сябру, які, як вы ведаеце, таксама любіць чытаць кніжкі, і распавесьці яму пра прачытанае вамі і пра вашы адчуваньні. Яна таксама адбываецца тады, калі пасьля прачытаньня кніжкі нейкага аўтара вам пачынае сьвярбець душа, каб сесьці за стол і самому напісаць нешта накшталт...

1. Эрнст Юнгер, «У сталёвых навальніцах» (Ernst Jünger, «In Stahlgewittern», 1920).

Гэта страшная кніжка. Адна з найстрашнейшых у гісторыі эўрапейскай літаратуры. І, так бы мовіць, страшна добрая кніжка. Напісаў яе 25-гадовы дэбютант у літаратуры на аснове сваіх франтавых дзёньнікаў.

Эрнст Юнгер са сваімі баявымі ўзнагародамі

Эрнст Юнгер са сваімі баявымі ўзнагародамі

Эрнст Юнгер добраахвотнікам запісаўся ў прускі пяхотны полк, у якім праслужыў на заходнім фронце, у Францыі і Бэльгіі, амаль да канца ваенных дзеяньняў. На фронце Юнгер быў 14 (чатырнаццаць) разоў паранены, у 1916 яго ўзнагародзілі ордэнам Жалезны Крыж за баявую мужнасьць, а ў 1918 ён атрымаў найвышэйшую вайсковую ўзнагароду Прусіі – ордэн Pour le Mérite. Канец вайны засьпеў яго ў шпіталі, дзе Юнгер папраўляўся пасьля свайго апошняга раненьня, чытаючы Ніцшэ і Шапэнгаўэра. З арміі выйшаў у 1923 у чыне лейтэнанта. Пасьляваенная рэчаіснасьць у Нямеччыне (гэтак званай Ваймарскай рэспубліцы) расчаравала яго. «Ненавіджу дэмакратыі як чумы» – неяк так выказваўся Юнгер у той час. Пасьля арміі ён запісаўся ва ўнівэрсытэт, дзе вывучаў заалёгію і філязофію. Неверагодна, але факт: у нямецкай філязофіі ён стаў адным з самых выдатных мысьляроў, чалавекам, якога сёньня можна паставіць побач з Марцінам Хайдэгерам. І, мабыць, заолягам ён быў таксама ня самым апошнім, бо салідная нямецкая прэмія ў галіне энтамалёгіі носіць ягонае імя – Ernst-Jünger-Preis für Entomologie.

Сёньня можна толькі зьдзіўляцца, чаму мы, выхаваныя па гэты бок «жалезнай заслоны», пра Хайдэгера чулі, хоць яго не чыталі і не прачытаем, а пра Юнгера – аўтара больш за 50 кніжак па мастацкай літаратуры і філязофіі, якія мы маглі б прачытаць – ня чулі. Ды калі і чулі нешта пра Юнгера, то, відаць, выключна як пра нямецкага мілітарыста і ледзь не нацыста.

Вокладка выданьня «Ў сталёвых навальніцах» з 1922 году

Вокладка выданьня «Ў сталёвых навальніцах» з 1922 году

Першая кніжка Юнгера – дакумэнтальны аповед «У сталёвых навальніцах» – прынесла яму эўрапейскую вядомасьць, але адначасова, пасьля прыходу нацыстаў да ўлады ў Нямеччыне, уставіла яго і ягоны літаратурны дэбют у вельмі непажаданы кантэкст. Юнгера шмат хто пачаў разглядаць як пісьменьніка і мысьляра, які ўхваляе мілітарызм і вайну, а разам зь імі і тагачасную нацысцкую палітыку. У кніжцы «Ў сталёвых навальніцах» ухваленьне вайны, безумоўна, ёсьць, але аўтар там ухваляе вайну як «містычны досьвед», а не як сродак здабыцьця жыцьцёвай прасторы для немцаў. Чалавек на вайне, кажа Юнгер свайму чытачу, уваходзіць у наўпроставы кантакт з праявамі быцьця, якія ў цывільным жыцьці яму абсалютна недаступныя. На вайне чалавек адчувае подыхі вышэйшай сілы, ягонае жыцьцё набывае новую якасьць праз інтэнсіўнае адчуваньне болю. Той, хто не баіцца болю і не пазьбягае яго, можа вызваліцца са сваёй цывільнай шкарлупіны і дасягнуць вышэйшай формы існаваньня – «формы работніка» (jawohl, дакладна так: Gestalt des Arbeiters). Праз вайну чалавецтва можна ператварыцца ў работнікаў, якія прыйдуць да ўлады і зьменяць сьвет у «зямлю-варштат» (Werkstaatland). «Наша вера палягае ў тым, што ўздым работніка сваёй значнасьцю супадае з новым уздымам Нямеччыны» – казаў Юнгер.

Ну, вы ўжо зразумелі, чаму нацысты хацелі падняць Юнгера на свае штандары і далучыць яго да сваіх мэсіянскіх памкненьняў ператварыць Нямеччыну ў «тысячагадовы Райх». Але Юнгер – арыстакрат духу – пагарджаў нацызмам зь яго прымітыўнай ідэалёгіяй сацыяльнага дарвінізму. У нацысцкай Нямеччыне Юнгер выбраў унутраную эміграцыю, адхіляючы прапановы нацыстаў балятавацца ў дэпутаты Райхстагу зь іхнага сьпісу і ўступіць у нацысцкую Акадэмію літаратуры. Нягледзячы на гэта, Юнгер увесь час заставаўся недатыкальным, перш за ўсё з увагі на адносіны Гітлера, які яго шанаваў як героя Першай сусьветнай вайны. Адносіны Гітлера да Юнгера ўратавалі гэтага апошняга ад сьмерці ў 1944 годзе, калі гітлераўская судовая махіна праводзіла крывавую чыстку сярод нямецкіх афіцэраў, якія мелі наўпроставае і пасрэднае дачыненьне да замаху на жыцьцё фюрэра. Юнгер быў асабіста знаёмы са шмат з кім з замахоўцаў, і гэтага хапала зь лішкам, каб яго пакараць сьмерцю, аднак і тады Гітлер сказаў не чапаць пісьменьніка, які ў рангу капітана служыў у нацысцкай арміі ў Парыжы. Гёбэльс аднак увёў забарону на публікацыю твораў Юнгера і на згадваньне ягонага прозьвішча ў прэсе.

Пра Юнгера можна гаварыць яшчэ гадзіны дзьве, балазе ён, народжаны ў 1895 годзе, пражыў амаль 103 (сто тры) гады, увесь час пішучы і публікуючы. І да таго, ён увесь час нюхаў і курыў розную наркату, дасьледуючы свае адчуваньні (дальбог, не хлушу!). На Захадзе ён даўно стаў інтэлектуальнай іконай. У 1984 годзе, калі канцлер Нямеччыны Гельмут Коль і прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран сустрэліся ў Вэрдэне, каб у жэсьце нямецка-францускага паяднаньня аддаць шанаваньне мільённым ахвярам Першай і Другой сусьветных войнаў, яны запрасілі ў сваю кампанію амаль 90-гадовага Эрнста Юнгера, славутага апалягета вайны як містычнага досьведу. Якраз пры той нагодзе Юнгер назваў нямецкую ідэалёгію вайны, якая валодала душамі і розумамі ягоных суродзічаў перад і пасьля сусьветнага канфлікту 1914-1918 гадоў, «катастрафічнай памылкай».

Кніжку Эрнста Юнгера «Ў сталёвых навальніцах» варта прачытаць хаця б таму, каб пашукаць адказу на адно надзвычай цікавае пытаньне. А менавіта: як гэта было магчыма, каб адна дзяржава, Нямеччына, магла ваяваць столькі часу супраць усяго сьвету і столькі часу перамагаць? Дык вось, на свой спосаб Эрнст Юнгер адказвае, як гэта было магчыма...

2. Яраслаў Гашак, «Прыгоды добрага ваякі Швэйка падчас сусьветнай вайны» (Jaroslav Hašek, «Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války», 1921-1923).

Яраслаў Гашак у часы пісаньня «Прыгодаў Швэйка»

Яраслаў Гашак у часы пісаньня «Прыгодаў Швэйка»

Гэта адна з тых рэдкіх кнігаў, якія маюць «культавы статус» ня толькі ў нацыянальнай культуры, у якой нарадзілася, але і ў іншых нацыянальных культурах. «Прыгоды Швэйка» я прачытаў упершыню ў польскім перакладзе, зробленым яшчэ перад Другой сусьветнай вайною. Наколькі мне вядома, потым у Польшчы зьявіліся як мінімум два іншыя поўныя пераклады ня скончанай эпапэі Гашка. Пра што гэта сьведчыць? Па-мойму, у першую чаргу пра тое, што «Прыгоды Швэйка» кожнаму новаму пакаленьню чытачоў адкрываюць нейкія новыя і істотныя рэчы, якія адносяцца ня столькі да той канкрэтнай раманнай рэчаіснасьці Аўстра-Вугоршчыны, якая сёньня насамрэч нікога не турбуе, а да ўсёй нашай рэчаіснасьці наагул.

У кожнай добрай кнізе – а такой несумненна зьяўляецца кніга Гашка – мусіць быць нейкая таямніца, якой аўтар не раскрывае перад чытачом да канца. На маю думку, асноўнай таямніцай у «Прыгодах Швэйка», так і не раскрытай да канца, зьяўляецца пытаньне, ці галоўны герой – сапраўдны ідыёт і прыдурак, ці толькі такім прыкідваецца, каб выявіць ідыятызм зьнешняга сьвету і абсьмяяць яго. Гэтая нявырашанасьць надае ўсёй даўжэзнай аповесьці Гашка ўнутраную напругу і вязкасьць. Бяз гэтага павіслага над чытачом пытаньня усе тры тамы «Прыгодаў Швэйка» распаліся б на шэраг асобных эпізодаў, і наўрад ці знайшлося б шмат такіх, якім захацелася б дачытаць гэты твор да канца.

Што яшчэ? Пад покрыўкай ўсёахопнай антываеннай сатыры ў рамане Гашка скрываецца глыбокі філязофскі мэсыдж – самадурству зьнешняга сьвету чалавек можа супрацьставіць, як гэта робіць Ёзэф Швэйк, «негвалтоўны супраціў». То бок, дылема «вайны і міру» ў Гашка вырашаецца тыпова па-чэску – ты да мяне зь вінтоўкай, я да цябе з усьмешкай ідыёта... Гэта, так бы мовіць, скразная тэма вялікай плябэйскай чэскай літаратуры. Падобных герояў, як Швэйк у Гашка, мы знойдзем і ў Карла Чапка, і ў Багуміла Грабла.

Чэскі актор Рудольф Грушынскі ў ролі Швэйка ў экранізацыі раману Гашка з 1958 году

Чэскі актор Рудольф Грушынскі ў ролі Швэйка ў экранізацыі раману Гашка з 1958 году

Варта таксама нагадаць пры гэтай нагодзе, што нават добрым пісьменьнікам добрыя ідэі не прыходзяць у галаву задарма – іх трэба вырошчваць і песьціць. Пакуль Яраслаў Гашак знайшоў фінальнае ўвасабленьне для свайго антыгероя, ён некалькі разоў спрабаваў падступіцца да яго без асаблівых посьпехаў – у 1911 годзе постаць Швэйка ўпершыню зьявілася ў гумарэсках Гашка, а ў 1917 годзе Гашак апублікаваў твор «Добры ваяка Швэйк у палоне». Аднак поўнафарматны Швэйк, якога сёньня ведаюць аматары літаратуры па ўсім сьвеце, зьявіўся адно ў 1921 годзе, калі выйшаў першы том «Прыгодаў добрага ваякі Швэйка падчас сусьветнай вайны»...

3. Эрых Марыя Рэмарк, «На заходнім фронце безь пераменаў» («Im Westen nichts Neues», 1928).

Эрых Марыя Рэмарк

Эрых Марыя Рэмарк

У адрозьненьне ад Юнгера, якога камуністычная прапаганда і камуністычная выдавецкая палітыка хавала ад майго пакаленьня, Рэмарк выдаваўся і перавыдаваўся за «жалезнай заслонай» шмат разоў. Ну а ў нацысцкай Нямеччыне ягоны найбольш вядомы твор – раман «На заходнім фронце без пераменаў» – быў, зразумела, забаронены. Гітлеру патрэбныя былі салдаты, «жалезныя мужчыны», пра якіх пісаў Юнгер, а ня «хліпкія хлопчыкі», аднаго зь якіх сваім героем зрабіў Эрых Марыя Рэмарк.

Я ўзяўся перачытваць кніжку Рэмарка – якую першы раз чытаў амаль 40 гадоў таму – з боязьзю, што гэты твор, зацяганы сусьветнай крытыкай ды хвалены і перахвалены як вяршынны прыклад антываеннага рамана, цяпер расчаруе мяне. Але не, я не расчараваўся. Гэта вельмі добрая кніжка, якая чытаецца ня толькі дзеля таго, што ў ёй выкладзеныя «правільныя думкі» і бачаньне сьвету, сугучнае з маім антымілітарысцкім бачаньнем, але і проста таму, што чытач хоча даведацца, «як гэта ўсё скончыцца». Гэта, лічу, адна зь лепшых кніжак сусьветнай літаратуры пра страту ілюзій маладосьці.

Вокладка першага выданьня «На заходнім фронце безь пераменаў»

Вокладка першага выданьня «На заходнім фронце безь пераменаў»

4. Эрнэст Хэмінгуэй, «Разьвітаньне са зброяй» (Ernest Hemingway, «A Farewell to Arms», 1929).

На гэтую ў асноўным эўрапейскую вайну амэрыканец Эрнэст Хэмінгуэй патрапіў у 19-гадовым узросьце. Яго ўзялі на італьянска-аўстрыйскі фронт у якасьці кіроўцы санітарнай машыны Чырвонага Крыжа ў 1918 годзе. Пасьля двух месяцаў службы на фронце Хэмінгуэй трапіў пад агонь аўстрыйскіх кулямётаў і мінамётаў ды быў сур’ёзна паранены – лекары вынялі зь ягонага цела, у якім было больш за 200 (дзьвесьце) ранаў, 26 большых і меншых асколкаў. Прастрэлены надкаленьнік яму замянілі алюміневым пратэзам. Ён правёў шэсьць месяцаў у шпіталі Чырвонага Крыжа ў Мілане, дзе пазнаёміўся з амэрыканскай мэдсястрой Агнэс фон Куроўскі. У іх завязаўся раман, і яны пастанавілі пажаніцца ў Амэрыцы. Але ў сакавіку 1919 году, калі Эрнэст вярнуўся ў Амэрыку, Агнэс паведаміла яму з Эўропы, што яна заручылася з італьянскім афіцэрам.

Агнэс фон Куроўскі і Эрнэст Хэмінгуэй у Мілане ў 1918 годзе

Агнэс фон Куроўскі і Эрнэст Хэмінгуэй у Мілане ў 1918 годзе

Вось гэты двухмесячны побыт на фронце і шасьцімесячны побыт у шпіталі і сталіся асновай для незвычайна прыгожага рамана «Разьвітаньне са зброяй» з 1929 году. Гэта быў трэці раман Хэмінгуэя, які ў той час ужо быў нечым накшталт пісьменьніцкай знакамітасьці, прынамсі для чытачоў у Эўропе. Твор Хэмінгуэя збольшага мае падобны мэсыдж, што і згаданы вышэй твор Рэмарка. Герой Хэмінгуэя, амэрыканец Фрэдэрык Генры, як і Паўль Боймэр у рамане Рэмарка, сутыкнуўшыя з крывава-абсурднай рэальнасьцю фронту, хутка разьвенчвае свае ілюзіі наконт таго, што ў гэтай вайне ёсьць нейкі правільны бок, і няправільны. Каб пазьбегчы расстрэлу па абсурдным абвінавачаньні ў шпіянажы, Фрэдэрык пастанаўляе дэзэртыраваць, і ўцякае разам з мэдсястрой, зь якой у яго раман, у Швэйцарыю. Мэдсястра, якая ў рамане зьяўляецца англічанкай і называецца Катрын Барклі, памірае ў Швэйцарыі пры вельмі цяжкіх родах іхнага дзіцяці.

Сам гэты раман, магчыма, і ня меў бы сёньня такога «пафасна антываеннага» значэньня, якое мае раман Рэмарка, калі б не яго love story. «Шаленаватая» Катрын Барклі – адзін з найбольш запамінальных жаночых пэрсанажаў у сусьветнай літаратуры. Як для мяне, «Разьвітаньне са зброяй» – значна большы шэдэўр Хэмінгуэя, чым «Па кім звоніць звон» або «Стары чалавек і мора». Ну але ладна, калі хто скажа, што не пагаджаецца са мною, у бойку не палезу...

5. Міхаіл Шолахаў, «Ціхі Дон», том 1-2 (Михаил Шолохов, «Тихий Дон», 1928-1929).

Гэты раман толькі мімаходам чапляе Першую сусьветную вайну і расейска-аўстрыйскі (ці, магчыма, расейска-нямецкі) фронт, але тыя ваенныя эпізоды, якія абмаляваў Міхаіл Шолахаў, застаюцца ў памяці на доўгія гады. Прыгадваеце сцэну, у якой Грыгорый Мелехаў у коннай атацы забівае свайго першага немца-аўстрыйца? Або тую сцэну, у якой узвод казакоў гвалціць палячку Франю? Па-мойму, ніхто ў расейскай літаратуры і не спрабаваў наблізіцца да такога ўзроўню.

Міхаіл Шолахаў, 1938 год

Міхаіл Шолахаў, 1938 год

Шолахаў, які нарадзіўся ў 1905 годзе, на фронце «імпэрыялістычнай вайны» ня быў... Ну і наогул, якім чынам 23-гадовы маладзён мог напісаць такі шырокамаштабны і сьпелы раман? Сумненьні, вядома ж, падточваюць і мяне, але ў канчатковым рахунку – якое гэта мае значэньне? То бок, ці зьяўленьне неабвержных доказаў, што Шолахаў карыстаўся нейкай чарнавой вэрсіяй або запіскамі і дзёньнікамі нейкага ўдзельніка сусьветнай вайны і рэвалюцыі, які застаўся невядомы, паменшыла б значэньне «Ціхага Дону» як для расейскай, так і для сусьветнай літаратуры? Наўрад ці. «Ціхі Дон» – гэта значыць, першы і другі том гэтай эпапэі – літаратурны шэдэўр і, па вялікім рахунку, апраўданьне ўсёй расейскай савецкай літаратуры. А хто ад каго перапісваў і ў якіх памерах – няхай гэтае пытаньне турбуе Шолахава ў ягоным цяперашнім пераўвасабленьні.

Два заключныя тамы «Ціхага Дону», як мне здаецца, значна не дацягваюць да ўзроўню двух першых, і чытаць іх неабавязкова. Перачытваючы «Ціхі Дон» месяцы два таму, я так і зрабіў. Спыніўся перад трэцім томам. Калі хто хоча даведацца, як усё закончылася для Грыгорыя і Аксіньні, можа паглядзець неблагую экранізацыю рамана з 1958 году. У літаратуры часам лепей ня ведаць, калі і ў якім месцы яна сканчаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG