Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У панядзелак Аляксандар Лукашэнка даручыў міністру замежных спраў Уладзімеру Макею заняцца здыманьнем напружанасьці ў адносінах з Эўразьвязам. Чаму афіцыйны Менск імкнецца размарозіць дачыненьні з Эўропай? Які бок больш зацікаўлены ў гэтым? Ці можа зноў пачацца дыялёг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Чаму афіцыйны Менск імкнецца размарозіць дачыненьні з Эўропай?

Валер Карбалевіч: Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у Брусэлі ўзяў удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў ЭЗ і кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў краін — удзельніц ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», падчас якой адбыўся шэраг важных кантактаў з эўрапейскімі палітыкамі. Празь дзень Менск наведаў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, адбылася яго сустрэча з нашым прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам. Ужо сам па сабе такі ўзровень перамоваў незвычайны для адносін Беларусі з ЭЗ.

У панядзелак Аляксандар Лукашэнка даручыў міністру замежных спраў Уладзімеру Макею здымаць напружанасьць у адносінах з Эўразьвязам. Чым выкліканая гэтая дыпляматычная актыўнасьць афіцыйнага Менску на эўрапейскім кірунку?«

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман: «Я б вылучыў тры фактары. Па-першае, сама геапалітычная рэальнасьць Беларусі вымагае ад кіраўніцтва выбудоўваць эўрапейскі вэктар. Гэта банальная рэч у лёгіцы геапалітычнага балянсаваньня. Хоць гэта і спэцыфічнае балянсаваньне, павернутае да Расеі. Нагадаю, што актывізацыя эўрапейскага вэктару пачалася з 2012 году, калі міністрам замежных спраў быў прызначаны Макей. На тле тых крызісаў, якія былі ў адносінах між Беларусьсю і ЭЗ, такі вэктар нялёгка выбудоўваць. Гэта марудны працэс.

Другая прычына — набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў, якія азначаюць легітымізацыю пэўнага палітычнага працэсу. Выбары — гэта выклік. На гэты час трэба нэўтралізаваць іншыя выклікі. А дрэнныя адносіны з ЭЗ — гэта выклік.

І трэці фактар — гэта ўкраінскі крызіс, які таксама актывізуе эўрапейскі вэктар».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў: «Гэтае пацяпленьне беларуска-эўрапейскіх адносін ідзе вельмі марудна. У мяне выклікае сумненьне, што прычынай актывізацыі эўрапейскага вэктару ў палітыцы беларускага кіраўніцтва стала набліжэньне прэзыдэнцкай кампаніі. Узгадайма мінулыя выбары 2010 году. Тады таксама здавалася: нашы ўлады робяць шмат, каб спадабацца Захаду. Але ўвечары 19 сьнежня яны цягам кароткага часу разбурылі добрыя дачыненьні з Эўропай. Падаецца, абодва бакі ведаюць, што Захад не прызнае гэтых прэзыдэнцкіх выбараў».

Як украінскі крызіс уплывае на дачыненьні Беларусі і ЭЗ?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: «Ранейшы досьвед паказвае, што падчас абвастрэньня канфлікту паміж Расеяй і Захадам пытаньні геапалітыкі выходзяць у палітыцы ЭЗ і ЗША на першы плян, а пытаньні каштоўнасьцяў адыходзяць убок. У 2008 годзе, пасьля расейска-грузінскай вайны, дачыненьні Беларусі з Захадам палепшыліся. Ці можа адбыцца паўтарэньне той гісторыі, таго сцэнару? Падаецца, менавіта на гэта цяпер разьлічвае афіцыйны Менск?»

Фёдараў: «Так, Менск хацеў бы скарыстацца гэтай акалічнасьцю. Але ёсьць пэўнае адрозьненьне ад падзеяў 2008 году. Тады беларускі рэжым вызваліў усіх палітзьняволеных, а цяпер — не. Па-другое, досьвед дыялёгу 2008–2010 гадоў скончыўся дрэнна з гледзішча дэмакратызацыі Беларусі. Таму Захад цяпер больш асьцярожны. Па-трэцяе, тады Менск не прызнаў незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. А цяпер Менск спрабуе манэўраваць паміж Расеяй і Ўкраінай — то бок ягоная палітыка непасьлядоўная».

Прэйгерман: «Думаю, той сцэнар 2008 году цяпер у значнай ступені паўтараецца. Увогуле, пытаньне геапалітыкі — заўсёды ў цэнтры міждзяржаўных адносін. Дастаткова паглядзець на стаўленьне ЭЗ да Беларусі і Азэрбайджану, каб у гэтым упэўніцца.

Пасьля Віленскага саміту „Ўсходняга партнэрства“ і падзеяў ва Ўкраіне перад ЭЗ стаіць праблема, што рабіць з гэтай праграмай „Усходняе партнэрства“ — і ўвогуле як разьвіваць адносіны з краінамі, якія знаходзяцца паміж Эўразьвязам і Расеяй. Цяпер пазыцыя Беларусі, арыентаваная на прагматызм у адносінах, будзе мець у ЭЗ большы рэзананс. Бо ранейшыя формы не працуюць».

Чаму геапалітычны чыньнік не спрацоўвае?

Карбалевіч: «Сп. Фёдараў, вы кажаце, што тады, у 2008 годзе, Лукашэнка вызваліў палітвязьняў, а цяпер не, і гэта перашкода для дыялёгу. Але ж цяпер маштаб міжнароднага крызісу, узровень супрацьстаяньня між Расеяй і Захадам непараўнальна большы, чым у 2008 годзе. І таму, здавалася б, цяпер Захад павінен быў бы рабіць больш рашучую стаўку на геапалітыку, а не на каштоўнасьці.

Але пакуль ніякіх дыпляматычных прарываў на эўрапейскім кірунку не адбылося, колькасьць кантактаў не пераходзіць у якасьць. Хоць украінскі крызіс палае ўжо колькі месяцаў. Чаму ЭЗ не ідзе на размарожваньне адносін зь Беларусьсю?»

Фёдараў: «Бо апошнія два гады працэс інтэграцыі Беларусі з Расеяй, утварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу засьведчыў, што Менск не захоча і ня здолее адрывацца ад Расеі і ісьці на збліжэньне з ЭЗ. Таму, лічаць ў Эўропе, і ня варта прыкладаць вялікія намаганьні ў гэтым пляне».

Прэйгерман: «Пасьля 3–4 гадоў безвыніковых дачыненьняў зь Беларусьсю ЭЗ і без украінскага крызісу быў бы вымушаны шукаць новыя падыходы да Беларусі.

Але я б не пагадзіўся, сп. Карбалевіч, з вашай тэзай, што колькасьць кантактаў не пераходзіць у якасьць. Бо пасьля віленскага саміту „Ўсходняга партнэрства“ ў лістападзе 2013 году ў беларуска-эўрапейскіх адносінах зьявіўся парадак дня: спрашчэньне візавага рэжыму. А раней былі кантакты дзеля кантактаў. І вось нядаўна, у траўні, зьявілася яшчэ адно пытаньне парадку дня: пытаньне аб мадэрнізацыі. Хоць зьмястоўнага там няшмат, але зьявілася легальная плятформа. Цяпер чыноўнікам з двух бакоў ёсьць пра што размаўляць, а ня толькі абвінавачваць адзін аднаго».

Карбалевіч: «Пытаньне ў тым, ці можна лічыць гэта новай якасьцю. Калі браць пад увагу, як Менск тарпэдуе рэалізацыю пагадненьня аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой, то гэтыя візавыя перамовы могуць ісьці гадамі бяз выніку».

Прэйгерман: «Нават калі і ня будзе вынікаў, то важны сам працэс. Пасьля крызісу, які перажылі двухбаковыя адносіны, і гэта прагрэс».

Карбалевіч: «Дык, можа, гэтая сытуацыя — працэс дзеля працэсу — сёньня задавальняе ўсіх?»

Прэйгерман: «Для Менску важна мець легітымную пляцоўку для размоваў з ЭЗ. Бо калі Расея прыцісьне, то гэтая перамоўная плятформа можа ператварыцца ў нешта большае».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG