Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Санкцыі супраць Расеі — зразумелы і цалкам апраўданы крок самаабароны эўрапейцаў»


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Краіны Эўразьвязу ўводзяць супраць Расеі санкцыі трэцяга, сэктаральнага ўзроўню. На сустрэчы ў Брусэлі былі ўхваленыя крокі па абмежаваньні доступу расейскіх банкаў на фінансавыя рынкі, абмежаваньні супрацоўніцтва ў фінансавай сфэры, забарона на гандаль зброяй ды іншае.

Ці азначае гэтае рашэньне, што краіны Эўразьвязу і ЗША маюць супольную і даволі жорсткую пазыцыю адносна апошніх дзеяньняў Крамля? Ці можна сказаць, што Маскве не ўдалося раскалоць Захад у пытаньні санкцыяў?

На гэтыя пытаньні адказвае Старшыня рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Аналітыкі часта казалі пра тое, што Эўропа ў адрозьненьні ад ЗША ня здольная пайсьці на шырокія, рэальныя санкцыі супраць Расеі. Аднак менавіта такія санкцыі, «трэцяга ўзроўню» сёньня вырашылі ўводзіць краіны Эўразьвязу. Ці гаворыць гэта пра тое, што ступень задаволенасьці расейскімі дзеяньнямі ва Ўкраіне дасягнула ўжо такога ўзроўню, што краіны Эўразьвязу гатовыя ісьці на моцныя крокі?

Мацкевіч: Так. Рэч у тым, што такія санкцыі ўвогуле вельмі цяжка ўводзяцца. Бо трэба ўсё ўзгадніць, шмат з кім дамовіцца, нейкім чынам дамовіцца з тымі, хто будзе супраць. І тут працуе шмат чыньнікаў.

Па-першае, чыньнік часу. Хтосьці чакаў, што ўсё хутка скончыцца, і ня трэба сьпяшацца, можа, санкцыі не давядзецца ўводзіць. Па-другое, дачыненьне Расеі да падзеяў на Ўсходзе Ўкраіны стала агульнавядомым фактам. Раней у эўрапейцаў у гэтым былі пэўныя сумневы, і Расея гэтыя сумневы стымулявала. Зараз ніякіх сумневаў на гэты конт не засталося.

І па-трэцяе, тыя эўрапейскія краіны, асабліва тыя, дзе дзейнічаюць расейскія СМІ, заўважылі, як Расея спрабуе ўплываць на сьвядомасьць іхніх грамадзянаў. Таму дзеяньні Эўразьвязу — зразумелы і цалкам апраўданы крок самаабароны эўрапейцаў.

Цыганкоў: Крэмль відавочна ставіў на тое, каб выклікаць раскол паміж ЗША і Эўропай у ўкраінскай праблеме. Ці можна цяпер казаць, што гэтая стратэгія правалілася?

Мацкевіч: Так, стратэгія Масквы была відавочна накіраваныя на гэта, і былі рэальныя падставы, што Масква стымулюе разыходжаньні і нават канфлікт інтарэсаў паміж Эўропай і Амэрыкай. Але ж амэрыканская і эўрапейская дыпляматы і палітыкі таксама не спалі ў шапку і ўзгаднялі свае пазыцыі.

Цяжка казаць, як менавіта яны дамовіліся. Але я думаю, што амэрыканцы пагадзіліся ўзяць на сябе частку цяжару гэтых санкцыяў. І гэта дазволіла тым эўрапейскім палітыкам, якія адразу былі за санкцыі, пераканаць сваіх апанэнтаў. Так што можна канстатаваць, што гэты стратэгічны накірунак Масквы на раскол Захаду не спрацаваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG