Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне не пакажуць «Белую гвардыю» і «Паддубнага»


Урывак з фільму "Белая гвардыя"
Урывак з фільму "Белая гвардыя"

Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях кіно выдала загад аб абавязковай экспэртызе фільмаў расейскай вытворчасьці, якія плянуюцца да пракату, на прадмет адпаведнасьці нацыянальнаму заканадаўству.

І адразу ж на першым паседжаньні экспэртнай камісіі стужкам расейскай вытворчасьці «Белая гвардыя» і «Паддубны» не далі пракатных пасьведчаньняў для паказу ва Ўкраіне. Прычына — фільмы дэманструюць зьнявагу «украінскай мовы, народа і дзяржаўнасьці», а «асобныя факты скажоныя і перапісаныя на карысьць Расеі». Як кінакрытыкі ацэньваюць такое рашэньне ўкраінскага боку? І ці ёсьць фільмы, у якіх можна сустрэць абразы ці кпіны зь беларусаў?

Сэрыял «Белая гвардыя» быў зьняты расейскім рэжысэрам Сяргеем Сьнежкіным па матывах аднайменнага раману Міхаіла Булгакава. Але, нягледзячы на ўдзел зорак расейскіх сэрыялаў (Канстанціна Хабенскага, Міхаіла Парэчанкава, Сяргея Гармаша, Фёдара Бандарчука з маці Ірынай Скобцавай ды іншых), кінакрытыкі ацанілі фільм стрымана. Вось толькі загалоўкі рэцэнзіяў: «Правал „Белай гвардыі“», «Белагвардзейцы-самазванцы ў васьмі сумных сэрыях».

Беларускі кінакрытык Антон Сідарэнка таксама ацэньвае гэты сэрыял ня надта высока:

«Белая гвардыя» — гэта ж экранізацыя вядомага раману Булгакава. Там літаральна ўзятыя такія абразьлівыя рэчы з гэтага раману, бо яны ёсьць у рамане. Я праглядзеў першую сэрыю, і гэты сэрыял настолькі неталенавіты, нецікавы ў параўнаньні са стужкай, якую зьняў Уладзімер Басаў — «Дні Турбіных». Мне нецікава стала, і я, пэўна, не даглядзеў да тых момантаў. Я памятаю, што ў рамане пятлюраўцаў ня вельмі станоўча Булгакаў намаляваў. Але ж гэта яго асабістае меркаваньне, ён непасрэдна быў удзельнікам падзеяў.

А што тычыцца «Паддубнага», там проста ў такіх карыкатурных фарбах украінская вёска паказана. Паддубны быў родам з Палтаўшчыны«.

Вядомы расейскі рэжысэр, дэпутат Дзяржаўнай Думы Станіслаў Гаварухін ужо заклікаў усясьветную грамадзкасьць асудзіць забарону фільмаў «Белая гвардыя» і «Паддубны» ва Ўкраіне.

Ці заўважалі беларускія кінакрытыкі зьнявагу і абразу беларусаў, кпіны зь беларускай мовы ў расейскіх фільмах?

Кінакрытык Антон Сідарэнка кажа, што яшчэ ў савецкім кінэматографе існавалі стэрэатыпы наконт пэўных нацыянальнасьцяў:

«Напрыклад, грузін — гэта заўсёды вясёлы, руплівы чалавек. Украінец — гэта здаровы, дужы хахмач. А беларус — гэта заўсёды станоўчы вобраз працавітага, разумнага чалавека. І цяпер нічога абразьлівага я не сустракаў».

Мастацтвазнаўца Максім Жбанкоў узгадаў некалькі сучасных расейскіх фільмаў, у якіх ёсьць пацьвельваньне зь беларусаў. Да прыкладу, «Шалёная хуткая дапамога» расейскага рэжысэра Барыса Хлебнікава:

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

«Там якраз быў такі вобраз беларуса-гастарбайтэра, якога ў Маскве абрабавалі, і ён трапляе да такога шалёнага масквіча і існуе ў яго ў якасьці такой хатняй жывёлінкі. То бок абсалютна залежны, тупаваценькі, трусаваценькі — карацей, абсалютна ніякі такі беларусік».

Другі фільм, які ўзгадаў Максім Жбанкоў, — «М плюс Ж». У галоўных ролях — зоркі расейскага сэрыялу «Не радзіся прыгожай» Нэлі Ўварава і Рыгор Анціпенка:

«Там гісторыя такая: хлопец-масквіч сустракае ў Маскве камандзіровачную дзяўчынку-мянчаначку, адмыслоўцу па Скарыну. І ўвесь фільм з такімі жартачкамі, кшталту: дзяўчына кажа „Ён — першы спэцыяліст па Скарыну“. А хлопец пытаецца: „А што, ёсьць і другі?“ То бок там вось гэтая ўся фактурка досыць выразная».

Ёсьць і другі варыянт, калі самі беларусы пацьвельваюць зь сябе, як, да прыкладу, у беларускім сэрыяле «Скрасьці Бэльмандо», кажа мастацтвазнаўца Максім Жбанкоў:

«Там галоўны герой, якога грае Алег Несьцераў, — масквіч, пісьменьнік з мэгаполісу, едзе ў вёсачку Парыж у Беларусі шукаць натхненьня. І там таксама ўсе такія клоўны. Але ў гэтым выпадку тут хутчэй такая самаабраза. Маўляў, маскавіты лепшыя, а мы ніхто і ніяк».

У 2012 годзе нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» і расейскі «Стар Мэдыя Дыстрыб’юшн» зьнялі сэрыял пра забойства Кубэ «Паляваньне на гаўляйтара». Радыё Свабода пра гэта ўжо распавядала і пісала.

Адметнасьць фільму — выразная дзьвюхмоўнасьць. Выпадковыя пэрсанажы ў ім гавораць па-беларуску, і іхныя словы падаюцца безь перакладу. Пэрсанажы гэтыя — прастытутка, паліцаі і іншыя падобныя асобы, якія выклікаюць адмоўныя эмоцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG