Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: Беларусь і Ўкраіна прыйдуць да замірэньня


Украінскі бок пакуль афіцыйна не адрэагаваў на захады ўладаў Беларусі, якія зьнялі абмежаваньні для доступу на беларускі рынак украінскіх тавараў.

У Кіеве кажуць, што адпаведныя дакумэнты да іх яшчэ не дайшлі і таму на сёньня ініцыятыву Менску можна разглядаць толькі як намер. Ці можна гэтым крокам спыніць разьвязваньне гандлёвай вайны паміж суседнімі краінамі, высьвятляў Уладзімер Глод.

Урад Беларусі даў задні ход і спрасьціў доступ на беларускі рынак для вытворцаў з Украіны. Пастанову, якая здымае абмежаваньні для тавараў з Украіны, падпісаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч. Цяпер у Менску чакаюць рэакцыі афіцыйнага Кіева. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык спадзяецца, што нэгатыўнага сцэнару ня будзе:

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Крокі, якія мы зрабілі раней, ня мелі антыўкраінскай скіраванасьці. І тым болей іх нельга трактаваць як недружалюбныя. Цяпер беларускі бок робіць неабходныя захады дзеля дээскаляцыі сытуацыі. Разьлічваем, што аналягічнага падыходу будзе прытрымлівацца і ўкраінскі бок».

Канфлікт узьнік з-за таго, што беларускі ўрад увёў ліцэнзаваньне паставак украінскага цэмэнту, шкла, піва. У адказ урад Украіны ўвёў спэцыяльнае мыта на імпарт зь Беларусі кандытарскіх і малочных вырабаў, электрычных лямпаў, мінэральных угнаеньняў, а таксама халадзільнага абсталяваньня. Цяпер афіцыйны Менск прапаноўвае адмовіцца ад усіх абмежаваньняў.

«Я думаю, што Ўкраіна пазытыўна ўспрыме ініцыятыву зь Менску», — сказаў сёньня Свабодзе доктар эканамічных навук, прэзыдэнт Цэнтру рынкавых рэформаў Украіны Ўладзімер Ланавы:

«Гэта сапраўды пашырае рынкі для абедзьвюх краін. І гэта ў інтарэсах спажыўцоў Украіны і Беларусі. Мы будзем мець болей беларускіх тавараў, што будзе спрыяць зьніжэньню коштаў на ўнутрыўкраінскім рынку. І гэтаксама будзе ў Беларусі, дзякуючы ўкраінскім таварам. Але гэта агульныя разважаньні.

А калі глядзець на ўсё гэта з пункту гледжаньня палітычнага і стратэгічнага, то Ўкраіна тым болей павінна пайсьці насустрач Беларусі. Па-першае, для нас выгадныя ўсе рынкі, і Беларусь тут не выключэньне. А па-другое, Беларусь будзе набліжацца да Ўкраіны з пункту гледжаньня палітычнага і інстытуцыянальнага разьвіцьця. Нам трэба пашыраць рынкі. І выводзіць іх з-пад палітычных пакараньняў, чым часта злоўжывае Расея».

Навуковы дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту ў Менску Ірына Тачыцкая ўпэўненая, што сварка Менску і Кіева завершыцца мірам:

«Як хутка гэта будзе, сказаць складана, бо там ёсьць пэўныя бюракратычныя моманты. Вядома, цяжка гаварыць за ўсіх. Але калі браць пад увагу ўсясьветны досьвед і эканамічную лёгіку, то краіны заўжды стараюцца пазьбягаць гандлёвых канфліктаў і гандлёвых войнаў. Там ніколі не бывае пераможцаў. Але ёсьць рызыка ўкруціцца ў сьпіраль — дзеяньні адны, дзеяньні ў адказ і г.д., і г.д.

Дзеяньні Ўкраіны не былі наагул аргумэнтаваныя. Усім бачна, што гэта ход у адказ. І калі б Беларусь уваходзіла ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, то можна было б скарыстаць мэханізм УГА. Хоць там справу могуць разглядаць да двух гадоў. Таму я ўпэўненая — гэтае пытаньне будзе вырашана, у тым ліку і з разуменьнем сытуацыі ўкраінскім бокам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG