Лінкі ўнівэрсальнага доступу

200 украінскіх уцекачоў штодня зьвяртаюцца па дапамогу ў Беларусі


Колькасьць зваротаў ад грамадзян Украіны ў беларускія міграцыйныя падразьдзяленьні, каб атрымаць які афіцыйны статус у Беларусі, узрасла.

У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году колькасьць зарэгістраваных грамадзян Украіны ў Беларусі ўзрасла на 13%, колькасьць украінскіх грамадзян, якія атрымалі дазвол на часовае пражываньне, павялічылася на 40%.

Пра гэта піша БелТА са спасылкай на намесьніка начальніка ўпраўленьня зьнешняй працоўнай міграцыі, уцекачоў і прытулку Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Уладзімера Маргевіча.

«З пачатку году павялічылася колькасьць такіх зваротаў. Яны зьвязаныя ня толькі з атрыманьнем статусу ўцекача. У першую чаргу гэта тычыцца працаўладкаваньня або атрыманьня дазволу на сталае пражываньне», — сказаў прадстаўнік Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі.

У Беларусь едуць, як правіла, з Луганскай або Данецкай абласьцей.

Штодня ў органы грамадзянства і міграцыі асабіста, праз тэлефон або праз інтэрнэт зьвяртаюцца каля 200 чалавек з Украіны. Некаторыя прыяжджаюць з Украіны без дакумэнтаў і грошай.

Уладзімер Маргевіч паведаміў, што на разглядзе цяпер прыкладна 100 заяў ад украінскіх грамадзян аб наданьні дадатковай абароны. Заяўнікі могуць атрымаць штомесячную фінансавую дапамогу ў памеры 10 базавых велічынь і разавую — 5 базавых. Пры гэтым прадстаўнік МУС падкрэсьліў, што адразу працаўладкоўвацца — выгадней, чым прасіць статусу ўцекача ці дадатковай абароны.

XS
SM
MD
LG