Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША: Расея парушае дамову аб кантролі над узбраеньнямі


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты прыйшлі да высновы, што Расея парушыла дамову 1987 году паміж ЗША і СССР аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці, правёўшы выпрабаваньне крылатай ракеты. Пра гэта напісаў прэзыдэнт Барак Абама ў лісьце прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, паведамляе The New York Times.

Гэта найбольш сур’ёзнае абвінавачваньне ў парушэньні дамовы аб кантролі над узбраеньнямі, якое адміністрацыя Абамы вылучае супраць Крамля. Гэта абвастрае адносіны, і без таго напружаныя з прычыны падтрымкі Масквой сэпаратыстаў ва Ўкраіне і рашэньня даць прытулак амэрыканскаму перабежчыку Эдварду Сноўдэну.

Размова ідзе пра парушэньне дамовы, якая забараняе амэрыканскія і расейскія ракеты наземнага базаваньня дальнасьцю палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў. Гэтае пагадненьне, якое было падпісанае прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і савецкім лідэрам Міхаілам Гарбачовым, дапамагло пакласьці канец «халоднай вайне» і стала нарожным камянём амэрыкана-расейскіх пагадненьняў аб кантролі над узбраеньнямі.

Паводле ацэнак амэрыканскіх чыноўнікаў, Расея пачала праводзіць выпрабаваньні крылатых ракетаў яшчэ ў 2008 годзе. У траўні 2013 году Роўз Гетмюлер, высокапастаўленая супрацоўніца аддзелу дзярждэпартамэнту па кантролі над узбраеньнямі, заявіла аб магчымасьці парушэньня дамовы Расеяй.

Пуцін на вучэньнях у Баранцавым моры

Пуцін на вучэньнях у Баранцавым моры

У студзені The New York Times паведаміла, што амэрыканскія афіцыйныя асобы паінфармавалі саюзьнікаў па НАТО, што Расея выпрабоўвае крылатую ракету наземнага базаваньня, што выклікае сур’ёзныя сумневы адносна выкананьня РФ умоваў пагадненьня 1987 году. Але тады адміністрацыя Абамы яшчэ не была гатовая афіцыйна абвясьціць, што гэта парушэньне дамовы.

Аднак, як паведамляюць крыніцы газэты, зараз большасьць дарадцаў прэзыдэнта аднадушна пагадзілася, што выпрабаваньне расейскай ракеты зьяўляецца сур’ёзным парушэньнем, і абвінавачваньні будуць апублікаваныя ў бліжэйшы час у штогадовым дакладзе дзярждэпартамэнту аб выкананьня міжнародных пагадненьняў па кантролі над узбраеньнямі.

Камандуючы войскамі НАТА генэрал Філіп М. Брэдлоў у красавіку заявіў, што парушэньне патрабуе адказу, калі яно ня можа быць выпраўленае. Паводле вашынгтонскіх крыніцаў, Абама заяўляе, што Злучаныя Штаты ня будуць у адказ на расейскія парушэньні дамовы парушаць яе са свайго боку і будаваць уласную забароненую сыстэму ракетаў сярэдняй дальнасьці. Адказ можа прадугледжваць разгортваньне крылатых ракет марскога і паветранага базаваньня, якія дамова не забараняе. Рэспубліканскія заканадаўцы неаднаразова крытыкавалі адміністрацыю за пазыцыю ў гэтым пытаньні. Спадарыня Гетмюлер, адказная ў дзярждэпартамэнце за гэты накірунак, ня мела кантактаў са сваімі расейскімі калегамі зь лютага гэтага году. Гутарка Джона Кэры зь Сяргеем Лаўровым у гэтую нядзелю наконт расейскіх парушэньняў дамовы 1987 году была першым абмеркаваньнем праблемы на высокім узроўні. Крызіс ва Ўкраіне адсунуў праблему на задні плян, пагаршэньне амэрыкана-расейскіх адносінаў прывяло да перапыненьня рэгулярных абмеркаваньняў кантролю над узбраеньнямі.

Роўз Гетмюлер

Роўз Гетмюлер

Пэрспэктывы ўрэгуляваньня выглядаюць нявызначанымі. Калі спадарыня Гетмюлер упершыню ўзьняла гэтае пытаньне ў 2013 годзе, расейскі бок вылучыў сустрэчныя абвінавачваньні, на погляд амэрыканскага боку недарэчныя. Расейскі бок спаслаўся на пляны ЗША разьмясьціць ракетную сыстэму Aegis у Румыніі.

Сыстэма Aegis, якая звычайна выкарыстоўваецца на баявых караблях, мае на мэце абарону ЗША і НАТА ад ракетных удараў. Аднак расейцы сьцьвярджаюць, што яна можа быць выкарыстаная, каб страляць забароненымі крылатымі ракетамі.

Занепакоенасьць адміністрацыі Абамы тлумачыцца яшчэ і тым, што расейцы не вялікія прыхільнікі гэтай дамовы. Яшчэ ў часы прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага расейскія чыноўнікі заяўлялі, што дамова павінна быць скасаваная, каб Расея магла справіцца з ваеннымі выклікамі на яе паўднёвых і ўсходніх межах, у накірунку Кітаю і Пакістану. Год таму Уладзімер Пуцін падчас нарады з кіраўнікамі прадпрыемстваў ВПК сказаў, што рашэньне Гарбачова падпісаць дамову 1987 году было «мякка кажучы, спрэчным», аднак заявіў, што Расея будзе яе выконваць.

У ЗША нават кансэрватыўныя крытыкі адміністрацыі Абамы кажуць, што Вашынгтон, дэманструючы заклапочанасьць, не павінен разьвязваць Маскве рукі для выхаду з дамовы.

Стывэн Радэмэйкэр, былы супрацоўнік адміністрацыі Буша, заявіў у камітэце па ўзброеных сілах палаты прадстаўнікоў: «Мы не павінны палягчаць расейцам выхад з дамовы. Мы павінны прымусіць іх узяць на сябе цяжар рашэньня».

XS
SM
MD
LG