Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левада-цэнтр: Эўфарыя ад далучэньня Крыму паступова пачала спадаць


37% расейцаў ўсьведамляюць, што далучэньне Крыма да Расеі выклікае ва Ўкраіне нянавісьць да іх краіны. Гатоўнасьць асабіста несьці адказнасьць і выдаткі за Крым сярод насельніцтва захоўваецца на вельмі нізкім узроўні.

Паводле дадзеных апытаньня, праведзенага аналітычнай арганізацыяй «Левада-цэнтр», 64% расейцаў разглядаюць канфлікт на паўднёвым усходзе Ўкраіны як вынік ўмяшаньня Захаду і толькі 3 % лічаць вінаватай Расею. Распаўсюду такой думкі актыўна спрыяе тэлебачаньне, якое зьяўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі пра крызіс.

Больш за палову апытаных (55%) лічаць неабходным аказаньне падтрымкі прарасейскім сілам на паўднёвым Усходзе Ўкраіны. Разам з тым у насельніцтва захоўваюцца моцныя асьцярогі, што супрацьстаяньне можа перарайсьці ў вайну паміж суседзямі, у выпадку якой расейцы гатовыя падтрымаць кіраўніцтва Расеі. Аднак за апошні месяц колькасьць прыхільнікаў такога «рашэньня» зьнізілася з 74% у сакавіку да 55% у ліпені.

Незалежнасьць паўднёвага ўсходу Ўкраіны набывае рэальнасьць у вачах значнай колькасьці расейцаў. За апошнія чатыры месяцы колькасьць рэспандэнтаў, якія разглядаюць будучыню дадзенага рэгіёну такім чынам, вырасла з 25% да 41%. З тых, хто чуў пра ідэю стварэння «Навароссіі», 38% апытаных яе падтрымліваюць, супраць — 15%.

Эйфарыя ад далучэньня Крыма паступова пачала спадаць. 37% апытаных ўсьведамляюць, што дадзенае далучэньне выклікае ва Ўкраіне нянавісьць да Расеі ў цэлым. Наступствы ад уключэньня Крыма ў склад Расеі па-ранейшаму ацэньваюцца пазытыўна, але ня так, як гэта было два месяцы таму. Гатоўнасьць асабіста несьці адказнасьць і выдаткі за Крым сярод насельніцтва захоўваецца на вельмі нізкім узроўні.

Апытаньне было праведзенае 18-21 ліпеня 2014 года паводле рэпрэзэнтатыўнай усерасейскай выбарцы гарадзкога і сельскага насельніцтва сярод 1600 чалавек ва ўзросце 18 гадоў і старэй у 134 населеных пунктах 46 рэгіёнаў краіны. Разьмеркаваньне адказаў прыводзіцца ў працэнтах ад агульнай колькасьці апытаных разам з дадзенымі папярэдніх апытаньняў. Статыстычная хібнасьць дадзеных гэтых дасьледаваньняў не перавышае 3,4%.

XS
SM
MD
LG