Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд над Андрэем Бандарэнкам

Крымінальная справа кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэя Бандарэнкі разглядаецца судом Кастрычніцкага раёну Менску. Пачатак першага паседжаньня 29 ліпеня а 10 гадзіне.


20:52 29.7.2014

16:39 29.7.2014

У судзе абвешчаны перапынак да 10.00 31 ліпеня.

16:39 29.7.2014

Былі дапытаныя пацярпелыя Тацяна Радзіён і Натальля Траулька

Пацярпелыя ад дзеяньняў Бандарэнкі даравалі яму, яны супраць, каб яго пазбаўлялі волі

Тацяна Радзіён і Натальля Траўлька, дачка і маці, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі ў справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, у першы дзень працэсу заявілі, што даруюць яму ягоныя дзеяньні і ня хочуць, каб пакараньне яму было зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Радзіён прызнала, што выпіла 2 літра піва.

Тацяна Радзіён паведаміла суду, што падчас канфлікту з Андрэем Бандарэнкам 27 сакавіка ў пад’езьдзе іхняга дому ўкусіла яго за палец.

Маладая жанчына пералічыла, куды яе ўдарыў Бандарэнка падчас канфлікту: у цемя, па руцэ, назе, у падбародзьдзе. Але пры гэтым пацярпелая Радзіён не пацьвердзіла, што ўдары Бандарэнка наносіў зьвязкай ключоў.

«Я чула звон ключоў, калі ён падымаўся па лесьвіцы, але што ён біў мяне ключамі, гэтага сьцьвярджаць не магу, бо ня бачыла. Падчас сьледзтва я кіравалася тым, што на галаве ў мяне быў сарваны кавалак скуры, таму і меркавала, што ён зрабіў гэта ключамі. Але насамрэч гэта магло ўзьнікнуць і ад замка на куртцы, і ад чаго заўгодна», — сказала Тацяна Радзіён.

Сьледзтва абгрунтавала абвінавачаньне Бандарэнкі ў злосным хуліганстве менавіта тым, што ён біў пацярпелую ключамі.

Сам Бандарэнка гэта адмаўляе, хоць і прызнае, што калі Радзіён яго ўкусіла за палец, ён, каб вызваліцца, наносіў ёй удары рукамі.

Таксама Тацяна Радзіён паведаміла суду, што спачатку ў міліцыі пісала заяву аб адміністрацыйнай адказнасьці Бандарэнкі, але потым «прыйшоў міліцыянт, забраў заяву і сказаў пісаць новую — пра крымінальную адказнасьць».

«Не хачу, каб яго пасадзілі. Хай гадуе сваю дачку, якая сёлета мае пайсьці ў школу», — сказала Тацяна Радзіён.

Яе маці, Натальля Траўлька, не пацьвердзіла свае ранейшыя паказаньні, што Бандарэнка нібыта біў яе дачку «рукамі і нагамі». Таксама Натальля Траўлька заявіла, што ня бачыла, каб Бандарэнка біўся ключамі.

Пра інцыдэнт у міліцэйскім пастарунку, калі Радзіён здымала на тэлефон Бандарэнку і ён выбіў ёй мабільны нагой, маці сказала: «Вось захацелася ёй зьняць яго на мабільнік, чалавек і сарваўся». Калі сама Траўлька нахілілася па рэшткі разьбітага тэлефона, то атрымала ад Бандарэнкі нагой у твар, у яе было падбіта вока.

«Я вельмі раззлавалася тады і напісала на яго заяву. Але цяпер лічу, што ён ужо дастаткова пацярпеў, адбыўшы ў турме 4 месяцы», — сказала Натальля Траўлька суду.

Працэс адновіцца ў чацьвер, 31 ліпеня. Будуць апытаныя сьведкі. Усяго справа складаецца з двух тамоў.

Паводле адваката Дар’і Ліпкінай, судзьдзя разьлічвае завяршыць судовыя слуханьні за два дні і пачаць спрэчкі.

16:23 29.7.2014

Бандарэнка распавёў пра падзеі 26 красавіка

«Быў зь сябрам Андрэем у кавярні, пілі гарэлку ў колькасьці 500 грамаў на дваіх». «Нагода была добрая», — растлумачыў Бандарэнка.

«Потым пайшлі ў іншую кавярню, там не пілі гарэлкі, толькі каву. Потым вырашылі пайсьці да мяне дадому начаваць, бо на наступны дзень рана раніцай трэба было ехаць у Берасьце», — працягнуў падсудны.

«Каля гадзіны ночы мы прыйшлі да пад’езду майго дому і сталі курыць. Стан у нас быў нармальны. Мы ішлі пешшу, арыентаваліся нармальна. Мы курылі, і ў нейкі момант падышла мая суседка Тацяна Радзіён (першая пацярпелая. — Інтэрфакс). Зьвярнулася да мяне як да суседа і папрасіла пазнаёміць з маім сябрам Андрэем. Сказала, што ён падобны да Галкіна, а яна марыла з гумарыстам даўно пазнаёміцца. У іх завязалася размова. Я ўдзелу ў гутарцы не прымаў, да таго часу, пакуль яна не прапанавала пайсьці да яе дадому і працягнуць вечар, у тым ліку і з расьпіцьцём сьпіртнога», — узгадвае Бандарэнка.

«Я быў супраць, таму што нам трэба было заўтра рана ўставаць. Андрэй, мой прыяцель, які, на думку суседкі, падобны да гумарыста Галкіна, сказаў, што на пару хвілін зойдзе да яе. Я бачыў, што гэтыя двое былі ня супраць працягнуць вечар. Я вырашыў, што дойдзем да трэцяга паверху, і потым я зраблю нейкія дзеяньні, каб перашкодзіць сустрэчы», — працягвае Бандарэнка.

Паводле ягоных слоў, на вуліцы «ніякага канфлікту з Радзіён не было, нават быў стан нейкай эўфарыі, Тацяна называла майго прыяцеля „Галкіным“. „У нас Галкін завёўся“, — казала Тацяна і запрашала падняцца да яе ў кватэру на 5 паверх», — удакладніў праваабаронца.

«Наперадзе ішла маці Тацяны зь дзіцем, потым ішла Тацяна, потым мы з Андрэем. Мы зь ім абмяркоўвалі тое, што гэта беспэрспэктыўнае баўленьне часу. Мы дайшлі да 3 паверха, дзе знаходзіцца мая кватэра. Я ўпіхнуў Андрэя ў сваю кватэру і сказаў, што банкет скончаны. Таксама гэта сказаў і Тацяне», — кажа Бандарэнка.

Аднак, адзначыў ён, жанчына заявіла, што «яны з „Галкіным“ самі разьбяруцца», і паспрабавала адштурхнуць яго, «потым схапіла зубамі за палец — за мезенец левай рукі».

«Мне складана сказаць, што паміж намі адбывалася, біць я яе ня біў, але лёгкая ступень супрацьстаяньня была. Я не чакаў такога разьвіцьця сытуацыі. Тацяна трымала мяне за палец зубамі, я вырваў палец. Тацяна стала крычаць, што яе б’юць. Я выклікаў міліцыю», — распавёў Бандарэнка.

Ён таксама заявіў, што «ўдараў па галаве не наносіў, а калі нешта і было, гэта былі спробы вызваліць палец».

З абвінавачваньня вынікае, што Бандарэнка зьдзейсьніў супраць мужчыны хуліганскія дзеяньні. Затым 27 сакавіка зьвязкай ключоў нанёс удар у галаву Тацяне Радзіён, а таксама яшчэ некалькі удараў па іншых частках цела жанчыны.

Дзяржабвінаваўца таксама паведаміла, што 27 сакавіка а 2-й ночы ў будынку міліцыі, куды даставілі Бандарэнку, ён ударыў нагой у галаву Натальлю Траўльку.

Бандарэнка адмовіўся даваць паказаньні ў судзе паводле першага эпізоду, матывуючы гэта тым, што пацярпелы мужчына ў суд сёньня не зьявіўся.

Што да інцыдэнту ў пастарунку міліцыі, Бандарэнка патлумачыў, што жанчына вырашыла яго фатаграфаваць, і ён нагой выбіў у яе з рук фотаапарат.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG