Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка Сьвятлана з Чарнігава: «Я сама гатовая ісьці ваяваць»


вайсковы эшалон

вайсковы эшалон

Вярхоўная Рады Ўкраіны зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта ад 21 ліпеня «Пра частковую мабілізацыю».

Гэта трэцяя хваля мабілізацыі ва Ўкраіне ў зьвязку з вайной у Луганскай вобласьці і Данбасе, якую падтрымлівае Расея. На фронт вырашана забраць працаўнікоў, якія маюць досьвед вайсковай службы, удзелу ў міратворчых апэрацыях ды баявых дзеяньнях.

Як успрынялі такую навіну жонкі, маці, бабулі й самі ўкраінскія прызыўнікі — пра гэта рэпартаж з суседняга зь Беларусьсю ўкраінскага Чарнігава.

Усе, хто прыяжджаў пры канцы мінулага тыдня ў Чарнігаў чыгункай, бачылі эшалён з самаходнымі артылерыйскімі ўстаноўкамі ды баявымі машынамі пяхоты. І наўрад ці ў каго ўзьнік сумнеў, куды кіруецца вайсковая тэхніка: паўднёвы ўсход Украіны ахоплены полымем вайны.

Ціхі й спакойны ўкраінскі Чарнігаў напоўніўся цяпер патрыятычнымі малюнкамі ды нацыянальнай сымболікай.

На праспэкце Міру на гранітным пастамэнце, дзе яшчэ ня так даўно стаяў помнік правадыру пралетарыяту, пад выявай украінскіх герба й сьцяга — заклік: «Воля альбо сьмерць!» Паабапал — словы пра вольную Ўкраіну двух нацыянальных геніяў: Тараса Шаўчэнкі ды Лесі Ўкраінкі. Заклікаюць яны братоў-украінцаў за праўду й волю «яднацца шчыра».

Чарнігаўская маладзіца, якая назвалася Сьвятланай і побач зь якой гуляюць малыя дзяўчынка й хлопчык, гэтак адказвае на рашэньне ўкраінскіх уладаў правесьці частковую мабілізацыю:

«Я сама гатовая ісьці ваяваць. Ня ведаю, ці змагу ўзяць у рукі аўтамат, але патроны падаваць буду».

Па словах суразмоўніцы, мір і спакой краіны трэба бараніць, бо празьмернае захапленьне расейскіх палітыкаў ідэяй аднаўленьня імпэрыі да дабра не давядзе:

«Людзі, якія перажылі Другую ўсясьветную вайну, павінны разумець, што мір трэба берагчы любым спосабам. Прычыны цяперашняй сытуацыі... Я нават ня ведаю, магчыма, у кагосьці не хапае клёпкі ў галаве. Кажуць, Пуцін дужа зацікавіўся ідэямі манархізму ХIX стагодзьдзя і думае штосьці аднавіць, якуюсьці імпэрыю. Няхай аднаўляе, але не за наш кошт. Ня трэба прыходзіць да нас дадому і распавядаць, як нам жыць. Мы самі ведаем, як нам жыць. Ну, і плюс крымінальныя аўтарытэты, крымінальныя элемэнты, які стаяць на баку сэпаратыстаў, таксама захацелі паваяваць».

Пэнсіянэрка Надзея, у якой сыну 38 гадоў, лічыць, што радзіму трэба абараняць, бо нават у Чарнігаўскай вобласьці, у Ноўгарад-Северскім раёне, на мяжы расейцы пачалі пастрэльваць:

«Нас трэба абараняць. А хто абароніць? Сыны нашы, пляменьнікі, унукі, мужыкі. Усе! А што рабіць, калі ў Ноўгарад-Северскім раёне — там, дзе стаіць расейскі пост, — там жа была цішыня, а цяпер страляюць. Людзі на гародах працуюць, а яны страляюць. Проста страляюць. Людзі баяцца. Ужо ёсьць двое параненых — дзьве жанчыны. Проста на гародзе. Прабачце мяне, за што? Ён там (Пуцін. — РС) такі багаты чалавек — і нажываецца яшчэ на крыві людзей».

Кабета кажа, што калі сыну прыйдзе позва, то хаваць яго яна не зьбіраецца.

«Калі прыйдзе позва, то ты ж не забярэш яго, не схаваеш ні дома, ні ў склепе — анідзе».

«За сваю краіну трэба змагацца! За сваю краіну, уладу, свабоду трэба змагацца». — Апошнюю рэмарку ў нашай гутарцы дадае знаёмая Надзеі спадарыня Аксана.

25-гадовы жыхар Чарнігава, які назваўся Арцёмам, заявіў, што позвы з ваенкамату яшчэ не атрымаў, але зь нецярплівасьцю чакае яе:

«Позвы пакуль не атрымаў, але зь нецярплівасьцю яе чакаю. Я служыў. Чуў навіну, што цяпер будуць прызываць сяржанцкі склад. Я малодшы сяржант вайсковай выведкі, адношуся, адпаведна, да сяржанцкага складу. Таму чакаю позвы з ваенкамату. Я не зьбіраюся ганяць „каларадзкіх жукоў“, але буду абараняць сваю зямлю, сваю краіну, тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны».

Вайна, у якой бы форме ні адбывалася, заўсёды нясе пагрозу чалавеку. Вайскоўцу ў першую чаргу. Арцём гэта ведае:

«У жыцьці можа здарыцца што заўгодна. Можна пераходзіць праз дарогу і загінуць. А загінуць, абараняючы сваю сям’ю, сваю радню, сваю зямлю — гэта гонар. Асабіста для мяне як для мужчыны».

XS
SM
MD
LG