Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй валуноў у Радуні: адны — за, другія — супраць


Алесь Мікус побач з валуном, што ля вёскі Каргаўды. Гэты валун так і ня здолелі сьцягнуць з поля ні мэліяратары, ні аграрыі

Алесь Мікус побач з валуном, што ля вёскі Каргаўды. Гэты валун так і ня здолелі сьцягнуць з поля ні мэліяратары, ні аграрыі

У Радуні Воранаўскага раёну ствараецца музэй валуноў пад адкрытым небам — адзіны ў Гарадзенскай вобласьці.

Ягоная мэта — захаваць для нашчадкаў памяць пра прыродна-культурныя каштоўнасьці рэгіёна, якія на вачах зьнікаюць пад каменедрабілкамі сучасных камэрсантаў. Але ня ўсе вітаюць стварэньне новага музэя.

Дзяржаўныя СМІ растыражавалі інфармацыю пра тое, што ў Радунь з усяго раёну звозяць культавыя валуны, каб зьмясьціць у новым музэі. Пасьля гэтага ў інтэрнэце зьявіўся зварот да міністра прыродных рэсурсаў, міністраў культуры і адукацыі, мясцовых уладаў з патрабаваньнем спыніць перавозку сьвятых камянёў Воранаўскага раёну ў Радунь.

У Радуні на месцы, дзе закладаюць будучы музэй ледніковых валуноў

У Радуні на месцы, дзе закладаюць будучы музэй ледніковых валуноў

Свае патрабаваньні аўтары звароту аргумэнтавалі тым, што сьвятыя камяні — частка культурнай і духоўнай спадчыны народу, і іх шанаваньне — гэта асаблівасьць рэлігійнага сьветапогляду продкаў беларусаў. Яны да таго ж — неад’емная частка прыродна-культурнага ляндшафту, які вякамі складаўся вакол іх.

І вось я разам з Алесем Мікусам зь Менску выбраліся ў Радунь. Мой спадарожнік ужо доўгі час займаецца вывучэньнем сьвятых камянёў, а таксама традыцыямі, зьвязанымі зь іх шанаваньнем. Ён прапаноўвае перад Радуньню заехаць у вёску Каргаўды, побач зь якой — адзін з самых вядомых на Воранаўшчыне культавых валуноў, які мае ўнікальную балцкамоўную назву — «Дзіева блюдас», што ў перакладзе — «Божая талерка».

Спадар Мікус кажа, што валун пазначаны ва ўсіх нашых энцыкляпэдыях, але ў тым месцы, дзе ён павінен быць, мы яго не знаходзім. Побач хутар, людзі на ім ня ведаюць, куды зьнік той валун, хоць памятаюць, што раней ён быў і на ім былі нібы выразаныя прыродай тры талеркі. Гаспадыня хутару кажа, што на полі перад іхняй хатай застаўся толькі той камень, які ня здолелі вывезьці з поля.

На некаторых валунах – сучасныя пазнакі

На некаторых валунах – сучасныя пазнакі

Спадарыня: «Я памятаю, як тут мэліярацыя была, то літоўцы шмат накапалі розных камянёў і самыя каштоўныя павывозілі. Вунь толькі гэты, што ляжыць на полі, не далі рады сьцягнуць. Быў тут яшчэ адзін цікавы камень, на якім быў выразаны адзін вялікі круг, другі — меншы і яшчэ меншы. Дык гэты камень недзе згінуў, невядома дзе».

Гаспадар хутару спадар Ян таксама памятае валун «Дзіева блюдас», кажа, што нават шукаў яго доўгі час, але так і не знайшоў. Ён распавядае, што зь дзяцінства любіць валуны, шкадуе, што іх вывозяць з палёў, і нават цяпер часам ходзіць да таго каменя, які не змаглі вывезьці літоўцы.

Спадар: «Я ня ведаю, але мне вельмі прыемна паглядзець, пахадзіць вакол яго. У дзяцінстве, калі мы пасьвілі тут кароў, я пастаянна залазіў на яго, сядзеў, глядзеў. Добра гэта памятаю...»

Упершыню назіраю, як да каменя чалавек падыходзіць з кавалкам хлеба, кладзе яго наверх. Спадар Мікус кажа, што такая традыцыя была некалі ў нашых продкаў-паганцаў, якія прыходзілі да сьвятых валуноў, нешта ім прыносілі і нешта ў іх бралі — лекаваліся, прасілі для сябе лепшае долі. Ён кажа, што валун гэты яўна жывы і зь ім можна нават пагутарыць.

Мікус: «Размовы такія адбываюцца, можа, не ў такіх адзінках слоўных, сэнсавых, а трошкі інакш. А пра што зь ім размаўляць? Ёсьць як бы розныя формы жывога, і вось хочацца паразмаўляць пра тое, што ёсьць у яго, што ёсьць у мяне — вось неяк гэтак. Пра жыцьцё...»

Мы ў Радуні, побач з школай, дзе пачалі закладваць музэй валуноў. Тут ужо ляжыць некалькі большых і меншых камянёў. Іван Фясенка, настаўнік, краязнаўца, які і распачаў гэтую справу, распавядае, што тэрыторыю парадкуюць, каб стварыць ляндшафтны музэй мясцовасьці.

Ягоныя контуры, паводле Фясенкі, маюць паўтарыць межы Воранаўскага раёну. Імітуюцца ляндшафтныя асаблівасьці, і нават плянуецца ўзнавіць у мініятуры прыродную водную сетку рэгіёна. Розныя зоны музэя будуць дэманстраваць камяні: разнастайнасьць ледніковых валуноў, іх незвычайныя формы, а таксама старажытныя і сучасныя вырабы з каменю.

Іван Фясенка (зьлева) і Алесь Мікус размаўляюць пра будучы музэй ледніковых валуноў

Іван Фясенка (зьлева) і Алесь Мікус размаўляюць пра будучы музэй ледніковых валуноў

Спадар Фясенка зазначае, што ні ў якім выпадку ў музэй ня будуць сьцягваць валуны, якія ўнесеныя ў сьпіс каштоўнасьцяў рэспубліканскага і мясцовага значэньня, а таксама культавыя камяні, зьвесткі пра якія тут зьбіраюць ужо больш як дзесяць гадоў.

Ён распавядае, што гэтыя камяні напаткаў цяжкі лёс падчас мэліярацыі, а пазьней шмат каштоўных валуноў папросту пазьнішчалі будаўнікі і аграрыі. Таксама кажа, што камяні кшталту «Дзіева блюдас» былі нелегальна вывезеныя ў Літву на пачатку 90-х. Цяпер камэрсанты без разбору пускаюць іх у каменедрабілкі, каб атрымаць будаўнічыя матэрыялы. Менавіта дзеля, таго каб захаваць і данесьці памяць пра ледніковыя валуны, Іван Фясенка і ўзяўся ствараць музэй.

Фясенка: «Сёньня практычна тых вядомых культавых валуноў няма на тэрыторыі Воранаўскага раёну, дакладней, няма ніводнага культавага валуна, які быў бы на ўліку ў нашым раёне. У лепшым выпадку яны знаходзяцца заваленыя ў вялікіх-вялікіх крушнях. І наша задача — краязнаўцаў, дый проста сумленных людзей — выявіць тое, што засталося ад гэтых каштоўных камянёў».

Алесь Мікус удзячны спадару Фясенку за пачатую справу, вельмі зьдзіўлены тым, як дзяржаўныя СМІ сказілі інфармацыю пра музэй, і разважае, што б, на яго думку, магло стаць мэтай дзейнасьці такога музэя.

Мікус: «Мэтай магло б быць тое, каб у школьніцтва зьявілася ўспрыманьне таго, што валун — сьвяты, не сьвяты — мае сваю каштоўнасьць. Наўрад ці варта спадзявацца, што такі музэй прышчэпіць адчуваньне сьвятасьці. Але ў сучасных умовах паважлівае стаўленьне да валуна, да дрэва, да зямлі, да ракі і да ручая — гэта ўжо неверагодна шмат...»

XS
SM
MD
LG